Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта велізарны выклік», — Пётра Рудкоўскі пра пачатак працы на пасадзе акадэмічнага дырэктара BISS


Пётра Рудкоўскі, архіўнае фота
Пётра Рудкоўскі, архіўнае фота

У Беларускім інстытуце стратэгічных дасьледаваньняў BISS (Belarusian Institute for Strategic Studies) пачаў працаваць новы акадэмічны дырэктар. Ім стаў філёзаф, багаслоў, кандыдат гуманітарных навук, дасьледчык пытаньняў беларускай ідэнтычнасьці Пётра Рудкоўскі.

Як удакладніў Радыё Свабода Пётра Рудкоўскі, на гэтую пасаду ён быў абраны сёлета ў лютым — з тым, што дырэктарскія абавязкі прыме на сябе ад 1 траўня.

— Ці складана будзе перайсьці ад творчых, дасьледчых заняткаў да кіраўнічых функцый?

— Гэта велізарны выклік, — кажа суразмоўца. — Цяпер экспэртная супольнасьць перад новымі задачамі, і BISS у гэтай супольнасьці павінен знайсьці сваё месца. Вельмі шмат прыйдзецца правесьці размоваў, кансультацыяў — як з дагэтулешняй камандай, так і з чальцамі рады, з ключавымі партнэрамі. Выглядае, што цяпер гэта мая асноўная задача.

— Ці вызначылі ўжо стратэгію, якая стане вырашальнай у вашай дзейнасьці? Некаторыя камэнтатары разьлічваюць на большую беларусізацыю інстытуту і прывязку да актуальных рэалій. У тым ліку спасылаюцца на сьвежы артыкул «Дзе закончыцца ідэя Пазьняка».

— Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў — асабліва падкрэсьліваю «дасьледаваньняў» — менавіта дасьледніцкая ўстанова. Таму першасны крытэр, асноўная каштоўнасьць — гэта навуковая абʼектыўнасьць. Катэгорыя, можа, праблемная, але заўсёды была пэўная ідэя, якой кіраваўся BISS, і для мяне гэта таксама вельмі істотна. Але праўда тое, што нейкую культурную нішу, каштоўнасную арыентацыю важна, каб think tank, фабрыка думак мела. Думаю, што тая традыцыя ўразьлівасьці на нацыянальныя каштоўнасьці, якая была ўласьцівая сьвятой памяці Віталю Сіліцкаму, павінна прысутнічаць у такога тыпу фабрыцы думак. Хоць першасная роля BISS — дасьледаваньні, аналітыка, грунтоўнае вывучэньне грамадзкай, эканамічнай, палітычнай сытуацыі, але пэўная культурная, нацыянальная ўразьлівасьць аналітычнага цэнтру, які працуе на Беларусь, павінна прысутнічаць. Адпаведна, беларускі акцэнт у той меры, у якой ён не супярэчыць першасным заданьням, безумоўна, варта аднавіць.

— Кожны новы кіраўнік вызначае склад свайго атачэньня. Стаўка будзе на правераныя кадры — ці, магчыма, дзесьці на падыходзе аналітыкі новай генэрацыі?

— На дадзены момант трэба грунтоўней вывучыць сытуацыю, правесьці шэраг размоваў. Учора была сустрэча з ранейшай камандай, абмяркоўвалі цяперашні стан, у якім знаходзіцца BISS. Бліжэйшым часам будзе шмат спатканьняў з ключавымі партнэрамі, з патэнцыйнымі новымі супрацоўнікамі. Складана на дадзены момант нешта акрэсьленае прагназаваць. Але тое, што для мяне важна і што вынікае папросту з самой натуры фабрыкі думак, — гэта павінен быць цэнтар дынамічнага разьвіцьця, цэнтар інтэлектуальнага жыцьця. Увесь час павінны адбывацца інтэлектуальныя, дасьледніцкія экспэртныя мерапрыемствы. Кіруючыся вось гэтымі ідэямі, буду спрабаваць арганізаваць дзейнасьць.

Пётра Рудкоўскі
Пётра Рудкоўскі

Пётра Рудкоўскі, акадэмічны дырэктар BISS. Магістарскую адукацыю атрымаў у Ягелонскім унівэрсытэце і ў дамініканскім калегіюме (Кракаў), а ў Варшаўскім унівэрсытэце абараніў доктарскую (PhD) дысэртацыю на тэму «Праблема аргумэнтацыі ў тэалёгіі». У 2007–2012 гадах выкладаў у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце (Вільня), у 2012–2016 гадах — ва ўнівэрсытэце Лазарскага (Варшава). Госьць-выкладчык у Ягелонскім, Варшаўскім, Уроцлаўскім, Беластоцкім унівэрсытэтах, унівэрсытэце Адама Міцкевіча ў Познані, Каледжы сьвятога Тамаша Аквінскага ў Кіеве і ў Беларускім калегіюме (Менск).

Быў стыпэндыятам (як запрошаны навуковец) Паўднёва-заходняга каледжу ў Уінфілдзе (ЗША). Двойчы быў стыпэндыятам (навуковым супрацоўнікам) Інстытуту грамадзянскай прасторы і публічнай палітыкі (Варшава), у рамках якога кіраваў Беларускім цэнтрам. Аўтар чатырох кніг і сямі дзясяткаў артыкулаў. Асноўныя тэмы засяроджаныя на праблемах беларускай ідэнтычнасьці, палітычнага патэнцыялу беларускіх цэркваў, беларускай дзяржаўнай ідэалёгіі і мэтадалёгіі сацыяльных навук.

У 2013 годзе атрымаў у Польшчы прэмію Льва Сапегі, адну з найбольш прэстыжных у рэгіёне — за «выбітныя заслугі ў фармаваньні і разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі і набліжэньні Беларусі да Эўропы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG