Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У падтрымку віцяблянкі, якая нараджала дома і не змагла ўратаваць немаўля, стварылі пэтыцыю


Фота Вольгі зь першым дзіцём
Фота Вольгі зь першым дзіцём

Пэтыцыя створаная ад імя Ганны Палын, жыхаркі Менску. У ёй патрабуецца вызваліць з-пад варты і апраўдаць 31-гадовую Вольгу, ураджэнку Віцебску, якую 30 жніўня будуць судзіць паводле часткі 1 артыкула 144 Крымінальнага кодэксу РБ (спрычыненьне сьмерці празь неасьцярожнасьць).

17 лютага віцяблянка, якая жыве ў Санкт-Пецярбургу, нарадзіла сваё другое дзіця ў хатніх умовах — у кватэры маці, да якой прыехала ў другой палове цяжарнасьці. Раней яна адмаўлялася ад шпіталізацыі ў гінэкалягічнае аддзяленьне і сказала лекарам, што мае намер нараджаць дома. Тым ня менш да мэдыкаў давялося зьвярнуцца, калі парадзіха заўважыла, што немаўля ня дыхае. Дзіця ўратаваць не ўдалося: ужо ў лякарні канстатавалі сьмерць нованароджанай дзяўчынкі.

Маці Вольгі, спадарыня Надзея, перакананая, што немаўля можна было б уратаваць. Але хуткая дапамога, на яе думку, прыехала занадта позна і дзейнічала непрафэсійна. Маці кажа, што ў дачкі здарыліся імклівыя роды і што яна не выключала магчымасьці нарадзіць у адмысловай мэдычнай установе. Зрэшты, у яе быў ужо станоўчы досьвед хатніх родаў — Вольга ўжо мае двухгадовую дачку Насьцю, народжаную ў Санкт-Пецярбургу ў прысутнасьці мужа. Спадарыня Надзея абвяргае вэрсію сьледзтва, што дачка зьдзейсьніла свой прынцыповы намер абавязкова нарадзіць дома: маўляў, здарылася непрадказальнае — роды распачаліся за два дні да прызначанага візыту ў радзільню.

Маці кажа, што Вольга актыўна абмяркоўвала тэмы хатніх родаў на расейскіх жаночых форумах і расказвала пра нараджэньне першай дачкі. У сваіх допісах яна тлумачыла, што абрала гэты шлях, каб пазьбегнуць інфэкцый, бо «да хатняй флёры выпрацоўваецца імунітэт», і што ня хоча мэдычнага ўмяшаньня ў працэс родаў. Яна прапаноўвала сваю дапамогу ў падборы адпаведнай падрыхтоўчай літаратуры. І падкрэсьлівала, што без належных ведаў і навыкаў жанчыне лепш нарадзіць пад наглядам мэдыкаў: «Калі вы адмаўляецеся ад мэдычнай дапамогі, то мусіце дакладна ведаць усе этапы родаў, самастойна ўмець вызначыць пачатак паталёгіі, каб своечасова зьвярнуцца ў радзільню, парадак рэанімацыйных дзеяньняў для сябе і нованароджанага... Калі прысутнічае страх (няважна які) — толькі ў радзільню!»

Між тым праз сацыяльныя сеткі за месяц да родаў Вольга шукала акушэрку «зь Віцебску ці Віцебскага раёну з досьведам прыманьня хатніх родаў».

Паводле афіцыйных зьвестак, Вольга нараджала самастойна і зьвярнулася па дапамогу да мэдыкаў толькі тады, калі сама ня дала рады выратаваць дзіця ў асьфіксіі. Праз два тыдні пасьля сьмерці дзіцяці была распачатая крымінальная справа, але супраць Вольгі не ўжылі ніякіх мераў стрыманьня, нават падпіскі аб нявыезьдзе. Толькі 6 траўня — у дзень пахаваньня немаўляці — яе ўзялі пад варту і зьмясьцілі ў СІЗА. На думку сьледзтва, такім чынам была перадухілена магчымасьць уцячы ад пакараньня за межы Беларусі.

У пэтыцыі, створанай дзеля падтрымкі віцебскай парадзіхі, патрабуецца неадкладна выпусьціць яе на волю, бо Вольга не ўяўляе аніякай небясьпекі для навакольных і ў ёй мае патрэбу двухгадовае дзіця, якое застаецца з бацькам.

Шмат увагі ў пэтыцыі аддаецца і самой ідэі хатніх родаў, якія актыўна практыкуюцца за мяжой. У Беларусі яны не забароненыя, але не заахвочваюцца і нават асуджаюцца. Аўтарка пэтыцыі прапануе падпісвацца за «неадкладнае вызваленьне і кампэнсацыю шкоды, нанесенай Вользе і яе сям’і, а таксама прызнаньне за жанчынамі права радзіць дома і спрыяньне бясьпецы гэтага працэсу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG