Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынік праверкі сьмерці Ігара Пцічкіна ў СІЗА: «Лёгкія цялесныя пашкоджаньні яму нанесла нявызначаная асоба»


Хвіліна маўчаньня па Ігару Пцічкіну, 2013 год
Хвіліна маўчаньня па Ігару Пцічкіну, 2013 год

У гадавіну сьмерці Ігара Пцічкіна ў СІЗА на Валадарскага яго маці Жанна Пцічкіна атрымала ліст з Маскоўскага РУУС Менску, зь якога вынікае, што сыну ў ізалятары былі нанесеныя лёгкія цялесныя пашкоджаньні, яны не пацягнулі за сабой расстройства здароўя і страты працаздольнасьці.

Ад чаго памёр у СІЗА Пцічкін, на целе якога былі шматлікія пашкоджаньні, сінякі, драпіны, кровападцёкі — застаецца загадкай.

4 жніўня спаўняецца 3 гады, як у сьледчым ізалятары №1 раптоўна памёр Ігар Пцічкін. 21-гадовы хлопец адбываў на “Валадарцы” 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, ня маючы пасьведчаньня. Адміністрацыя ізалятара заявіла, што Пцічкін памёр ад спыненьня сэрца, аднак сваякі выявілі на целе шматлікія сінякі і сьляды пашкоджаньняў і дамагліся, каб у дачыненьні да лекараў “Валадаркі” завялі крымінальную справу.

У сярэдзіне ліпеня Генэральная пракуратура завяршыла чарговае расьсьледаванне факту сьмерці і паведаміла маці нябожчыка, што фэльчар мэдчасткі сьледчага ізалятара №1 афіцэр міліцыі Аляксандар Крылоў «за неналежнае выкананьне прафэсійных абавязкаў, якое пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць пацыента», паўстане перад судом. Жанна Пцічкіна чакае ліста з Маскоўскага суду, каб даведацца, калі пачнецца працэс над фэльчарам Крыловым, які дзяжурыў у дзень сьмерці сына.

Але атрымала іншы ліст — з Маскоўскага РУУСу, які быццам бы праводзіў чарговую праверку. Падпісаны ліст старшым участковым маёрам Кротавым Д.Л. і начальнікам аддзелу аховы і правапарадку маёрам Лужынскім Н.А.

Сэнс ліста такі: у дзеяньнях нявызначанай асобы адсутнічаюць прыкметы складу крымінальнага злачынства, прадугледжанага артыкулам 149 КК — «Наўмыснае прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня». Ва ўзбуджэньні крымінальнай справы адмоўлена.

У пастанове, падпісанай старшым участковым маёрам Кротавым Д.Л., гаворыцца:

«Падчас праверкі ўстаноўлена, што пры аказаньні Пцічкіну псыхіятрычнай дапамогі ў пэрыяд прыкладна з 12.20 3 жніўня да 08.35 4 жніўня з мэтай забесьпячэньня бясьпекі прымяняліся захады фізычнага стрымліваньня ў выглядзе фіксацыі рамянямі да ложку. Ад узьдзеяньня рамянёў атрыманыя цялесныя пашкоджаньні ў выглядзе кровападцёкаў (на руках, баках, грудзях)…

На трупе Пцічкіна знойдзены і іншыя пашкоджаньні, якія ўзьніклі незадоўга — за 20 гадзін да сьмерці...

Атрыманьне Пцічкіным пашкоджаньняў не зьвязана зь дзеяньнямі фэльчара мэдчасьці Крылова і не знаходзіцца ў прычынна-выніковай сувязі з наступленьнем сьмерці. Вызначыць паходжаньне цялесных пашкоджаньняў не ўяўляецца магчымым. Згодна з заключэньнем судова-мэдычнай экспэртызы, дадзеныя цялесныя пашкоджаньні адносяцца да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджаньняў».

Выснова, якую зрабілі маёры Лужынскі і Кротаў:

«Наўмыснае прычыненьне лёгкіх цялесных пашкоджаньняў не пацягнула за сабой кароткатэрміновага расстройства здароўя або нязначнай страты працаздольнасьці. У дзеяньнях нявызначанай асобы ўгледжваецца склад адміністрацыйнага правапарушэньня. Паколькі асоба ня вызначана — справа аб адміністрацыйным правапарушэньні спыняецца».

Маці Ігара Пцічкіна, спадарыня Жанна, прачытаўшы тры старонкі такіх тлумачэньняў, кажа:

«Чалавек памёр, яго няма на сьвеце — гэта няважна. Але пашкоджаньні, якія яму нанесьлі на „Валадарцы“, аказваецца, не нанесьлі шкоды ягонаму здароўю і ён ня страціў працаздольнасьці. Большага цынізму нельга прыдумаць».

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка сказаў Радыё Свабода, што суд над фэльчарам СІЗА №1 Крыловым усё ж адбудзецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG