Разам з запрашэньнем у Сьледчы камітэт маці памерлага атрымала ад сьледчых ліст, у якім яе папярэдзілі, што яна ня мае права расказваць пра вынікі сьледзтва нікому, акрамя адваката. «Вы ўстаноўленым парадкам папярэджаны пра недапушчальнасьць разгалошваньня дадзеных папярэдняга сьледзтва. Разам з тым, законам не забараняецца абмеркаваньне вядомых Вам дадзеных сьледзтва з Вашым прадстаўніком (адвакатам)», — напісаў у лісьце да Жаны Пцічкінай начальнік управы Сьледчага камітэту Вадзім Грыц.
Жана Пцічкіна мяркуе, што пасьля таго, як яна азнаёміцца са справай — чаго патрабуе закон, бо яна прызнаная пацярпелай, — справу закрыюць і здадуць у архіў. Аднак жанчына ня мае намеру пакідаць спробаў аспрэчыць вынікі папярэдняга сьледзтва, зь якімі ня згодная. «Буду, як і раней, даказваць, што сын ня быў наркаманам, а тым больш распаўсюднікам наркотыкаў. І дамагацца, каб знайшлі ягоных забойцаў. А то ў іх выходзіць, што ён сам памёр, бо не атрымаў наркотыка. І ніхто нібыта ў ягонай сьмерці не вінаваты. Я вось напісала з адвакатам скаргу, што майго сына прынізілі пасьля сьмерці і мне нават забараняюць пра гэта казаць, каб абараніць яго. А пра што мне забараняюць казаць? Можа, тое, што ніводная экспэртыза не паказала ў яго прысутнасьці наркотыкаў? І што патолягаанатамы сказалі паводле паказаньняў яго і ягоных сяброў, што ён ужываў наркотыкі, але хіба патолягаанатамы могуць рабіць высновы паводле паказаньняў людзей?»
Мянчук Ігар Пцічкін памёр у менскім сьледчым ізалятары ў жніўні 2013 году, падчас адбыцьця 3 месяцаў арышту за кіраваньне аўтамабілем без правоў. Спачатку сям’і абвясьцілі, што Пцічкін памёр ад хваробы сэрца, але маці з гэтым не пагадзілася, спаслаўшыся на сьляды зьбіцьця на целе сына, і дамаглася расьсьледаваньня прычын сьмерці ў ізалятары. Сваякі Ігара Пцічкіна мяркуюць, што ён мог памерці ў выніку зьбіцьця ахоўнікамі. Пазьней была праведзеная эксгумацыя цела Ігара Пцічкіна, пра вынікі якой Жаньне Пцічкінай вядома, што экспэрты не знайшлі ў целе сьлядоў наркотыкаў, аднак і ня вызначылі прычыну, з-за якой спынілася сэрца нябожчыка. Між тым сьледзтва вырашыла, што Ігар Пцічкін да арышту ўжываў наркотыкі, а таксама іх распаўсюджваў, адносна чаго была заведзеная крымінальная справа. Пра гэта Сьледчы камітэт паведаміў на сваім сайце. Таксама стала вядома, што сьледзтва ў выніку зьняло падазрэньні з мэдычнага супрацоўніка сьледчага ізалятара, якога спачатку падазравалі ў неаказаньні дапамогі памерламу.
Паводле зьвестак, у расьсьледаваньні справы аб сьмерці Ігара Пцічкіна фігуруюць паказаньні больш як 100 чалавек, у тым ліку некалькіх дзясяткаў супрацоўнікаў менскага сьледчага ізалятара. Маці Ігара Пцічкіна кажа, што ніхто з супрацоўнікаў ізалятара на час сьледзтва ня быў хаця б часова адхілены ад працы, і спасылаецца на зьвесткі са Сьледчага камітэту. «Дык хіба можна давяраць іх паказаньням?» — пытаецца Жана Пцічкіна.