Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане слоган «Беларусь – радзіма геніяў» яе брэндам?


Трансфарматарная будка з партрэтам Марка Шагала ў Віцебску
Трансфарматарная будка з партрэтам Марка Шагала ў Віцебску

Сто гадоў мінула, як Казімер Малевіч, стварыўшы «Чорны квадрат», выдаў свой маніфэст супрэматызму, а неўзабаве паехаў у Віцебск, куды яго запрасіў на працу Марк Шагал. Гэтыя два творцы сваёй мастацкай, публіцыстычнай і выкладчыцкай працай у Беларусі зьмянілі лёс усяго заходняга мастацтва. Таксама ў Беларусі нарадзіліся сотні іншых мастакоў, вядомых цяпер у сьвеце авангардыстаў і акадэмістаў, сацрэалістаў і іканапісцаў. Што зь велізарнага даробку тых сотняў мастакоў засталося ў Беларусі?

Чаму Беларусь родзіць геніяў?

Працяг гутаркі з мастацтвазнаўцам, выкладчыкам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Сяргеем Харэўскім.

Алена Кіш. Ліст да каханага. 1930-я гады
Алена Кіш. Ліст да каханага. 1930-я гады

Вячаслаў Ракіцкі: Насамрэч у Беларусі нарадзілася шмат мастакоў, якія здабылі ёй сусьветную славу. Напэўна ж, слоган «Беларусь – радзіма геніяў», які вы прапануеце ў якасьці сусьветнага брэнду, цалкам варты. Але калі едзеш па Беларусі, азіраесься па баках, узьнікае ў тым сумнеў. На вочы трапляе так шмат нягеглага кічу, безгустоўшчыны, што цяжка паверыць у тое, што ў Беларусі адна з найлепшых у сьвеце сыстэмаў мастацкай адукацыі, запачаткаваная яшчэ Шагалам, а ў кожным раёне жывуць і твораць сябры Саюзу мастакоў…

Сяргей Харэўскі: Ведаеце, менавіта ў гэтым і ёсьць зарука нашай яркай будучыні. Колісь Сальвадор Далі напісаў:

«Гішпанія — краіна самага дрэннага ў сьвеце густу. Пры агульным панаваньні кічу яна выдае непараўнальныя ягоныя ўзоры. Гішпанія здольная нараджаць такіх геніяў, як Гаўдзі, як Пікаса. І спарадзіць брыдоту да таго неймаверную, што нават прыгожую. І таму я лічу, што дрэнны густ прыносіць плён».

То бок, безгустоўшчына і кіч — самыя відавочныя, яскравыя сьведчаньні невынішчальнай, неспатольнай прагі людзей да прыгожага. Да хараства незямнога.

Ракіцкі: То бок усё ў парадку? Такі сабе, трохі сюррэалістычны, край Шагала…

Харэўскі: Менавіта. Падчас свайго першага прыезду ў Беларусь з Польшчы ў 1991 годзе слынны мастак-беларус Лявон Тарасэвіч ня мог хаваць свайго захапленьня. «Вось дзе праўдзівы край Шагалаўскі! – казаў ён тады. — Хаты памаляваныя так сьмела: у сіні, жоўты, зялёны!».

У тыя часы мала хто мог падзяліць ягонае захапленьне. Перадусім таму, што па гэты бок Бугу з творчасьцю Шагала былі знаёмыя адзінкі.

А абазнанасьць Тарасэвіча была невыпадковая. Перадусім таму, што па той бок Бугу з творчасьцю Шагала былі знаёмыя, бадай, усе адукаваныя людзі. А сам Тарасэвіч ведаў пра Шагала з аповедаў свайго прафэсара Анджэя Струмілы, які, у сваю чаргу, быў вучнем Уладыслава Страмінскага ў Лодзі.

Страмінскі, родам зь Менску, быў блізкі да кола Казімера Малевіча і віцебскай мастацкай школы, што была створаная Шагалам. Сярод паваенных ужо вучняў Страмінскага ў Лодзі быў і Струміла, які, стаўшы пазьней прафэсарам Кракаўскай і Варшаўскай акадэміяў мастацтва, быў настаўнікам Лёніка Тарасэвіча, ці ня самага славутага на сёньня мастака беларускага паходжаньня ў сьвеце.

Гэткім чынам, прамяністае сьвятло Віцебску дайшло да нас праз пакаленьні ў жывым, рэчаісным выглядзе як непарыўная традыцыя, якой неўзабаве будзе цэлае стагодзьдзе. І, дарэчы, менавіта Лёнік Тарасэвіч прымусіў мяне ўбачыць гэтыя пярэстыя хаты, платы й абсурдныя артэфакты вакол іх у зусім іншым сьвятле!

Уладыслаў Страмінскі. Уністычная кампазыцыя №14. 1934 год
Уладыслаў Страмінскі. Уністычная кампазыцыя №14. 1934 год

Ракіцкі: А што зрабіць, каб мастацтва й насамрэч стала брэндам Беларусі? Шыкоўны ж слоган: «Беларусь – зямля геніяў»!

Харэўскі: Пачынаць трэба са школы, куды толькі летась вярнулі курс сусьветнай мастацкай культуры, хоць і ў куртатым выглядзе. Мы ўжо страцілі цэлае пакаленьне, якое ня мела справы з мастацтвам у школе.

Трэба даць мастакам фінансавыя льготы, пачынаючы са зьмяншэньня арэнднай платы за майстэрні, лібэралізацыі правілаў гандлю творамі мастацтва, зьніжэньня падаткаў за продаж твораў, спрашчэньня правілаў вывазу набытых твораў.

Лёгка можна перайменаваць вуліцы ў кожным нашым горадзе, надаўшы ім імёны славутых мастакоў-землякоў.

Варта адчыніць мастацкія галерэі ў кожным райцэнтры! Увогуле — праводзіць асэнсаваную выставачную палітыку. Выстаўляць у нашых музэях найперш НАШУ клясыку. Ставіць мастакам помнікі. Ну чаму ў Менску няма помнікаў Хаіму Суціну, Міхаілу Кікоіну, Фэрдынаду Рушчыцу, Аляксандру Ахола-Вало, чый шлях у мастацтва пачынаўся менавіта адсюль?

Фэрдынанд Рушчыц. «Зямля» (1898)
Фэрдынанд Рушчыц. «Зямля» (1898)

Ня думаю, што трэба быць прарокам, каб прадказаць: калі б тыя сродкі, што ў нас увальваюцца ў розныя «лініі Сталіна», парады й салюты, былі б укладзеныя ў той брэнд, пра які вы сказалі, дык Беларусь стала б нашмат цікавейшая для сьвету. Дый для саміх беларусаў. Мастакам патрэбная ўвага! Патрэбныя вялікія замовы.

Разумееце, дзяржава калісьці ўклала немалыя сродкі ў тое, каб тысячы чалавек паканчалі мастацкія студыі, мастацкія школы, вучэльні, інстытуты. Яны ж дзяржаўным коштам вучыліся па 20–25 гадоў. І цяпер не карыстацца гэтым унікальным скарбам, не берагчы гэтае багацьце – проста абсурдна!

Ракіцкі: Вернемся зноў на стагодзьдзе раней. Ёсьць трывалае меркаваньне, што беларускія мастакі здабылі сабе славу за мяжою менавіта пасьля гэтак званай рэвалюцыі 1917 году, у выніку глябальных сацыяльных катаклізмаў. Ці гэта так? Ці былі якія беларускія мастакі добра знаныя ў сьвеце раней?

Харэўскі: Насамрэч, «ачышчальны віхор рэвалюцыі зьмёў усе перашкоды!», як пісаў Шагал. Але Шагал трапляе ў Парыж яшчэ ў 1910 годзе! Там і тады ён знаёміцца з творамі сваіх першых куміраў: Гагена, Сэзана, Лятрэка, сыходзіцца з колам фавістаў Матыса і з «арфістамi» кола Дэлянэ.

Выключную ролю ў фармаваньнi густаў Шагала адыгралі Апалінэр і Сандрар, празь іх ён і ўвайшоў у сьвет паэзіі. Менавіта яго мастацтва Апалiнэр назваў «звышпрыродным», апярэдзіўшы тэрмін «сюррэалізм» (па-над рэальнасьцю). «Я жыў у Парыжы, адвярнуўшыся сьпінаю ад усяго, што мяне атачала...», — напіша Шагал пазьней. А ў 1914 годзе адбылася пэрсанальная выстава Шагала ў Бэрліне!

А наш геніяльны пэйзажыст Бялыніцкі-Біруля за свой «Час цішы» атрымаў у 1909 годзе залаты мэдаль на міжнароднай выставе ў Мюнхэне. «Зімовы сон» (праца 1911 году) у 1912-м была ўганараваная бронзавым мэдалём на шостай міжнароднай выставе ў Барсэлёне. Былі і францускія прэміі, экспанаваньнi ў Швэцыi, Галяндыi. Надыходзiла эўрапейская слава.

Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля. «Час цішы»
Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля. «Час цішы»

Нагадаю, што і Хаім Суцін, які, паўтаруся, ня меў аніякага дачыненьня ні да Віцебску, ні да рэвалюцыі, ужо з 1913 году і да самай сьмерці жыў у Парыжы.

Абрам Маневіч, з Амсьціслава, Акадэмію мастацтваў у Мюнхэне скончыў у 1907 годзе. Ён аб’езьдзіў палову Эўропы, а ў 1913 годзе зрабіў пэрсанальную сваю выставу ў галерэі Дзюрана Руэля, у Парыжы. Меў вялікі посьпех.

Пэрсанальныя выставы Яўгена Жака праходзілі ў Парыжы і Варшаве. Яго працы былі прадстаўленыя ў Барсэлёне, Нью-Ёрку, Чыкага і Дэтройце, на Вэнэцыянскай біенале 1914 году. Ён удзельнічаў у некалькіх выставах у Нямеччыне, у тым ліку наладжаных групай „Бэрлінскі Сэцэсіён“.

Задоўга да рэвалюцыі вучыліся, працавалі й з посьпехам выстаўляліся ў Эўропе Альхімовіч, Жукоўскі, Дабужынскі.

Дзьмітры Стэлецкі. Знатная баярыня. 1910
Дзьмітры Стэлецкі. Знатная баярыня. 1910

Ракіцкі: Выглядае, што ў Беларусі мастацтва магло расквітнець, дый квітнела, без бальшавікоў. І ўвогуле, каб не яны, дык беларускія мастацкія повязі з Эўропаю выглядалі б цалкам натуральнымі. А ці прыяжджалі па натхненьне або на працу ў Беларусь мастакі зь іншых краёў?

Харэўскі: Так! І нямала! Перадусім з Польшчы. Напрыклад, пасьля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай з Кракава, што быў ужо тады пад Аўстрыяй, у Беларусь напрыканцы XVIII стагодзьдзя прыехаў працаваць прафэсар Кракаўскай акадэміі мастацтваў Юзаф Пешка, які аб’езьдзіў усю Беларусь. З Варшавы на запрашэньне Сапегаў прыяжджаў Марцін Залескі, які пакінуў нам унікальныя краявіды яшчэ не зруйнаванага старажытнага Берасьця.

У Беларусі натхняліся і жылі такія славутыя польскія мастакі, як Юліян Фалат, Генрык Семірадзкі, Войцех Вэйс, Юзаф Мэхофэр ды многія іншыя. Воляю лёсу зь Беларусьсю зьнітаваўся лёс фінскага і швэдзкага мастака Аляксандра Ахола-Вало. Родам з Аўстрыі былі такія славутыя нашы мастакі, як Аскар Марыкс і Адольф Гугель.

Ракіцкі: Вы пералічылі багата імёнаў мужчынаў-мастакоў. А ці былі ў Беларусі славутыя мастачкі?

Харэўскі: Натуральна! На той самай славутай выставе 1911 году ў Менску, пра якую мы казалі ў мінулай перадачы, выстаўляліся мастачкі – Ястрэбская і Ромэр зь пэйзажамі, Ідэльсон з акварэльнымі і скульптурнымі этудамі.

А вось насамрэч сусьветную славу здабылі сабе Надзея Хадасевіч-Лежэ, вучаніца Малевіча, якая стала слыннай францускай мастачкай-манумэнталісткай, і Паліна Хентава, выбітная скульптарка і ілюстратарка.

Хоць, ведаеце, многія мастачкі сталі славутымі, не пакідаючы Беларусі. Напрыклад, Алена Кіш, чыё імя трапіла ў сусьветную энцыкляпэдыю інсітнага мастацтва, або наша сучасьніца Зоя Літвінава расьпісала капліцу Сьвятой Марыі ў аўстрыйскім мястэчку Хапфагартанс, а яе творы зьберагаюцца ня толькі ў Аўстрыі, але і ў Нямеччыне, Італіі, Вялікай Брытаніі, іншых краях.

Георгі Ніскі. У шляху. 1958 год
Георгі Ніскі. У шляху. 1958 год

Ракіцкі: Каб стаць сусьветна вядомым, ці абавязкова мастаку трэба пакінуць Беларусь?

Харэўскі: Ужо не. Напрыклад, Барыса Заборава па-ранейшаму ў нас ведаюць больш, чым у Парыжы, дзе ён даўно жыве.

А вось жа творчасьць такіх нашых графікаў як Юры Якавенка або Павал Татарнікаў, насамрэч вядомая ў цэлым сьвеце. Як і дзясяткаў іншых нашых мастакоў.

Напрыклад, скульптар Андрэй Асташоў, родам зь Ліды, супрацоўнічае з галерэямі Гішпаніі, Францыі, Галяндыі, Канады. Яго творы знаходзяцца ў музэях Беларусі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Літвы, Польшчы, ЗША, Швайцарыі.

Або Руслан Вашкевіч, з творчасьцю якога знаёмыя ў дзясятках гарадоў на розных кантынэнтах.

Цяпер эміграцыя ня носіць такога фатальнага, незваротнага характару. Жывуць у Эўропе Ігар Кашкурэвіч, Андрэй Задорын, Ігар Цішын, Раман Заслонаў… Але штогод прыяжджаюць у Беларусь. І мы добра знаёмыя і зь іх творчасьцю, і зь імі самімі. Нехта паехаў туды, дзе яму проста цікавей, нехта – туды, дзе лепшы дабрабыт. Але перадусім – мастакі едуць туды, дзе іх шануюць.

Сёньня ў Беларусі зроблена нямала, каб вярнуць у наш культурны ўжытак Шагала, Суціна, Лежэ. Велізарную працу ў гэтым кірунку робіць «Белгазпрамбанк», які мэтадычна фармуе сваю калекцыю, вяртаючы ў Беларусь паўзабытыя імёны нашых геніяў.

Але азірніцеся навокал! Сярод нас сёньня, як і сто гадоў таму, жывуць сотні геніяў! Хадзіце на выставы часьцей! Цікаўцеся самі й заахвочвайце іншых. Любіце мастацтва і шануйце мастакоў! З гэтага і пачне свой шлях у сьвет брэнд Беларусі як радзімы геніяў, краіны мастацтва.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG