Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Velcom заявіў, што ня ведае пра блякаваньні «Беларускага партызана»


©Shutterstock
©Shutterstock

Увечары 14 сьнежня некаторыя карыстальнікі хатняга інтэрнэту ад Velcom (раней — брэнды «Атлант Тэлекам», «Гарант» і «Інфалан») паведамлялі пра праблемы з доступам да сайту belaruspartisan.org.

Абноўлена: Мінінформ афіцыйна заблякаваў сайт «Беларускі партызан» за публікацыю «забароненай інфармацыі»

Падобна, што праблема закранула ня ўсіх карыстальнікаў правайдэра, але значную частку «хатніх» карыстальнікаў (у бальшыні «мабільных» карыстальнікаў сайт працаваў, у тым ліку тады, калі блякаваўся праз хатні інтэрнэт).

Некаторым паказвалася паведамленьне пра ўнясеньне адрасу ў «сьпіс абмежаванага доступу» паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі № 60 2010 году. Паведамленьняў пра блякаваньне праз уключэньне ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў нікому з карыстальнікаў не паказвалася.

Начальнік аддзелу карпаратыўных камунікацыяў Velcom Вячаслаў Сьмірноў заявіў Свабодзе, што ўсе блякаваньні ажыццяўляюцца на падставе пастановы ААЦ паводле рашэньня Міністэрства інфармацыі:

«Velcom пастаўляе інтэрнэт-паслугаў абанентам, але пры гэтым арандуе канал сувязі ў інтэрнэт-аператара „Дзелавая сетка“. Такім чынам, кампанія не блякуе тыя ці іншыя рэсурсы. У адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам, гэта робіць апэратар, у якога мы набываем канал сувязі».

Карыстальнікі іншых правайдэраў раз-пораз таксама паведамлялі пра недасяжнасьць «Беларускага партызану». Калі ў Twitter адзін з карыстальнікаў напісаў, што да сайту няма доступу праз МТС, афіцыйны акаўнт «МТС Беларусь» папрасіў удакладніць нумар дамовы і імя карыстальніка — але іншы абанэнт МТС неўзабаве заявіў, што доступ да сайту не блякуецца. Карстальнікі найбуйнейшага дзяржаўнага правайдэра byfly («Белтэлекам») пра блякаваньні не паведамлялі.

«Указ 60» дазволіў ладзіць блякаваньні шэрагу сайтаў у дзяржаўных установах, а таксама ўстановах адукацыі і культуры, выкарыстоўваўся ў тым ліку для блякаваньня палітычных і інфармацыйных рэсурсаў, у ліку якіх «Хартыя-97» і «Беларускі партызан». Ня раз з часовымі блякаваньнямі названых сайтаў сутыкаліся карыстальнікі па-за межамі дзяржаўных установаў.

Як змагаюцца са свабодай інтэрнэту і як сацсеткі выкарыстоўваюць супраць дэмакратыі: даклад Freedom House

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG