Неабгрунтаваны рост заробкаў фармуе перадумовы для паскарэньня інфляцыі. Такая выснова прыведзеная ў дакладзе начальніка галоўнага ўпраўленьня манэтарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацыянальнага банку Дзьмітрыя Мурына. Поўны тэкст апублікаваны 2 траўня, асаблівая ўвага зьвернута на штучны рост даходаў насельніцтва.
Актывізацыя спажывецкага попыту
«Рост рэальнага заробку і рэальных наяўных даходаў насельніцтва тэмпамі, якія апераджаюць дынаміку прадукцыйнасьці працы, фармуе перадумовы для ўзмацненьня інфляцыйнага ціску як цяпер, так і ў найбліжэйшай пэрспэктыве», — цытуе Дзьмітрыя Мурына БелаПАН.
Ён адзначыў, што ў першым квартале на спажывецкім рынку ўжо назіралася высокая актыўнасць насельніцтва. Толькі за студзень–сакавік розьнічны таваразварот павялічыўся амаль на 10% адносна адпаведнага пэрыяду мінулага году. Пры гэтым узмацняецца попыт насельніцтва на тавары замежнай вытворчасьці, перш за ўсё нехарчовыя.
«Такім чынам, актывізацыя спажывецкага попыту мае важныя наступствы ня толькі ў частцы інфляцыйных працэсаў, але і для збалянсаванасьці вонкавага гандлю», — падкрэсьліў прадстаўнік Нацбанку.
Высокія інфляцыйныя чаканьні
Мурын адзначыў, што інфляцыйныя чаканьні насельніцтва застаюцца высокімі: бягучая адчувальная інфляцыя больш як удвая перавышае яе фактычны ўзровень.
Дадатковым фактарам, якія перашкаджае зьніжэньню інфляцыйных чаканьняў, зьяўляецца недасканаласьць палітыкі адміністрацыйнага цэнавага рэгуляваньня, мяркуе Дзьмітры Мурын.
«Частыя і нескаардынаваныя рашэньні дзяржаўных органаў аб падвышэньні цэнаў і тарыфаў фармуюць у насельніцтва адчуваньне пастаяннага росту цэнаў. Пры гэтым рэгуляваныя цэны і тарыфы часта падвышаюцца на велічыню, якая перавышае вызначаны мэтавы парамэтар інфляцыі», — падкрэсьліў Дзьмітры Мурын.
Такім чынам, заявіў ён, усе гэтыя фактары сфармавалі перадумовы для ўзмацненьня інфляцыйных працэсаў.
Інфляцыя ў першым квартале 2018-га склала 2,5%. Раней улады паставілі задачу забясьпечыць сёлета рост цэнаў, ня большы за за 6%.