Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я не зьбіраўся станавіцца дармаедам — а прыйшлося»


Аляксей Паўлоўскі, прафсаюзны актывіст
Аляксей Паўлоўскі, прафсаюзны актывіст

У Магілёве ўлады налічылі 10 тысяч дармаедаў. У вобласьці — 80 тысяч. Заяўляецца, што выкараняць сацыяльнае ўтрымальніцтва пачнуць з тых, хто працуе за мяжой і ня плаціць падаткаў. Як на практыцы гэтае змаганьне будзе выглядаць, канкрэтнай інфармацыі пакуль няма. Чыноўнікі кажуць, што дармаедаў змусяць плаціць адмысловы падатак.

Беспрацоўны жыхар Магілёва Аляксей Паўлоўскі сьцьвярджае: гэта ён прапанаваў уладзе распачаць барацьбу з дармаедзтвам. Кажа, што два з паловай гады таму зьвярнуўся ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны пасьля дыскусіі з сваім апанэнтам па выбарах у палату прадстаўнікоў. Тады яшчэ пракурор вобласьці Эдуард Сянкевіч у запале спрэчкі ўпікнуў Паўлоўскага, што той «не ўладкоўваецца на працу і сядзіць на шыі ў выбарцаў».

«Чаму Міністэрства працы, а таксама дэпутаты Палаты прадстаўнікоў не распрацуюць крытэрыі вызначэньня дармаеда, бо праз пасіўнасьць заканатворцаў беларускі бюджэт губляе вялізныя сродкі?» — цытуе свой зварот Паўлоўскі.

«Я прапаную да дармаедаў далучыць беспрацоўных, якія зарэгістраваныя ў цэнтры занятасьці і якія сядзяць на шыі ў выбарцаў».

Прапанову Паўлоўскага Міністэрства працы не падтрымала, адпісаўшы, што беспрацоўны з цэнтру занятасьці ня можа быць дармаедам, бо ён у пошуку працы. Сам жа суразмоўца занятку сабе знайсьці ня можа амаль тры гады. Як ён сьцьвярджае, куды ні зьвернецца, усюды яму адмаўляюць ва ўладкаваньні. Прызнаецца, што цяпер сам рызыкуе стацца дармаедам. Такога ня хоча. Кажа, што цярпіць праз змаганьне за правы працоўных:

«Я не зьбіраўся станавіцца дармаедам. Дармаеды, яны ж не па сваёй волі дармаеды», — тлумачыць сваё бачаньне сытуацыі з сацыяльным утрыманствам Паўлоўскі.

Яны і баяцца, што я магу арганізаваць людзей бараніць свае правы

«З кім кантракт не падоўжылі, каго не бяруць на працу зь нейкай надуманай ці палітычнай прычыны, ці за прафсаюзную дзейнасьць. Наймальнік у сувязі з тым, што людзі на кантрактнай сыстэме, парушае правы найманых працаўнікоў. Вось яны і баяцца, што я магу арганізаваць людзей бараніць свае правы».

Тым часам афіцыйныя асобы заяўляюць, што найперш возьмуцца ў барацьбе з дармаедамі за тых, хто працуе за мяжой і ня плаціць падаткаў, але карыстаецца сацыяльнымі льготамі на радзіме.

«У горадзе каля дзесяці тысяч чалавек, якія выпадаюць з поля зроку падатковых службаў і астатніх. Таму ўзьнікае пытаньне: «А чым займаюцца гэтыя дзесяць тысяч чалавек?» — задае рытарычнае пытаньне супрацоўнік службы занятасьці і сацыяльнай абароны насельніцтва:

«Вядома ж, значная іх частка ў горадзе не жыве. Тут прапісаныя. Але дэ-факта маюць кватэру ў Менску ці Маскве. Жывуць у гэтых гарадах, але падаткаў ня плацяць. Стаіць пытаньне — выявіць гэтых людзей і прымусіць іх працаваць».

Яшчэ адзін жыхар Магілёва, Сяргей, даўно сьвядома не працуе. Цьвердзіць, што ня можа знайсьці працы па сваіх здольнасьцях. Мае дыплём інжынэра. Перабіваецца часовымі заробкамі. Не хавае, што за кватэру мае шматмільённую запазычанасьць. Трапіць у дармаеды, прызнаецца, яму сорамна:

Скажуць плаціць — буду неяк вымяркоўваць. Мо, дачцэ недзе не даплачу капейчыну

«Скажуць мне працаўладкоўвацца — пайду ўладкуюся на працу афіцыйную. Скажуць плаціць — буду неяк вымяркоўваць. Мо, дачцэ недзе не даплачу капейчыну. Ад іх жа нікуды не схаваесься. Дзяржаву ж нашу яшчэ ніхто не абдурыў з простых людзей, — разважае Сяргей пра магчымыя наступствы для сябе ад барацьбы з сацыяльным утрыманствам. — А людзі, якія працуюць у Расеі, то для іх гэты падатак — дробныя грошы».

На пачатку леташняга сьнежня паведамлялася, што на Магілёўшчыне налічылі 80 тысяч дармаедаў. Былы кіраўнік рэгіёну Пётар Руднік патрабаваў ад падначаленых, каб дармаедаў працаўладкоўвалі і прымушалі працаваць.

Наступнымі, кім зоймецца дзяржава ў барацьбе з дармаедамі, як вынікае з заяваў чыноўнікаў, будуць асацыяльныя элемэнты і хатнія гаспадыні. Хатніх гаспадынь налічылі больш за 120 тысяч. Пакуль змаганьне з гэтымі катэгорыямі людзей — у пэрспэктыве.

Дзяржава спадзяецца, што «падатак на дармаедзтва» прынясе ў бюджэт да 450 мільярдаў рублёў на год. Заяўляецца, што ў Беларусі да 50 тысяч чалавек прынцыпова адмаўляюцца працаваць, а 200 тысяч не ўладкоўваюцца на працу больш як паўгода.

Тым часам у адной Магілёўскай вобласьці на складах прадпрыемстваў непрададзенай прадукцыі набралася на 281 мільярд рублёў — гэта гадавы бюджэт аховы здароўя вобласьці. Вядучыя прадпрыемствы рэгіёну вымушаныя зьмяншаць аб’ёмы вытворчасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG