Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковы экспэрт: Мяркую, спачатку ракеты для «Палянэзаў» будзем атрымліваць з Кітаю


Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

23 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка адправіў у адстаўку камандуючага ракетнымі войскамі і артылерыяй Алега Зямскова. Вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін мяркуе, што гэтая адстаўка выкліканая намерам з дапамогай новага, маладзейшага камандуючага падштурхнуць пераўзбраеньне ракетных войскаў і асваеньне імі найноўшай тактыкі ўжываньня сыстэмаў залпавага агню ў выпадку гібрыднай вайны. А як стаяць справы з аснашчэньнем беларускіх войскаў айчыннымі сыстэмамі залпавага агню «Палянэз»?

«У 2016 годзе, паводле афіцыйных заяваў, пачнецца сэрыйная вытворчасьць „Палянэзаў“. Але пэўна казаць зарана, бо ўсё будзе залежаць ад таго, наколькі на выпрабаваньнях будуць пацьверджаныя характарыстыкі, якія заявіў распрацоўшчык.

Гэтая сыстэма дазволіла б замяніць адразу некалькі сыстэмаў залпавага агню. Бо яна здольная страляць снарадамі розных калібраў. У расейцаў распрацоўваецца аналягічная сыстэма, якая называецца „Тарнада“. Яна здольная аб’яднаць і „Тарнада Г“, якая страляе 120-мілімэтровымі снарадамі, і „Тарнада У“, і „Тарнада С“. Гэта як бы ў адным фляконе і „Град“, і „Ўраган“, і „Сьмерч“. Цяпер, дарэчы, гэта ўсясьветная тэндэнцыя.

І гэтак жа сама наша сыстэма „Палянэз“, якая дазволіць нам зэканоміць, стварыўшы ўніфікаваную сыстэму. Гэта сыстэма дазваляе хутка выконваць перазарадку, весьці агонь хутка і больш трапна, адначасова па васьмі кропкавых цэлях. Інакш кажучы, гэта такая сучасная „Кацюша“ плюс апэратыўна-тактычны комплекс.

Шасі для комплексу паставіць Менскі завод колавых цягачоў. А ў вытворчасьці электроннага начыньня, мяркую, задзейнічаныя ўсе нашы высокатэхналягічныя прадпрыемствы, якія выпускаюць электроніку, вылічальную тэхніку і элемэнтную базу. Мяркую, тут „Пеленг“, „Інтэграл“ ды іншыя — амаль увесь наш ВПК.

А што да ракет... Калі ўлічыць, што ў нас няма такой вытворчасьці, бо патрэбна адмысловае цьвёрдае паліва, дык тут, як мяркую, нам дапамагае Кітай. Не магу сказаць, ці змогуць наладзіць у выніку вытворчасьць ракет у Беларусі, але першапачаткова некаторыя віды рэактыўных снарадаў, мяркую, будзем атрымліваць з Кітаю».

Паводле Аляксандра Алесіна, пасьля адстаўкі камандуючага ракетнымі войскамі і артылерыяй Алега Зямскова можна чакаць адставак некаторых іншых высокапастаўленых вайскоўцаў.

«Усё пачалося са зьмены міністра абароны і паступова будзе працягвацца. Зразумела, што новая мятла мяце па-новаму і ўсё вайсковае кіраўніцтва будзе перабудаванае. Яўна тэмп вайсковай рэформы не задавальняе Аляксандра Лукашэнку. Падобна, што сытуацыя ўскладняецца настолькі, што ён вырашыў фарсіраваць мадэрнізацыю. А ва ўмовах, калі сродкаў на гэта не хапае, патрэбныя нейкія нетрадыцыйныя, прарыўныя рашэньні. Вось і шукаюць іншыя кадры».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG