Партыя Беларускага народнага фронту патрабуе тлумачэньняў ад Рады бясьпекі і Мінабароны Беларусі з нагоды заявы расейскага абароннага ведамства пра «значныя зьмены ў расейскай агульнавайсковай групоўцы ў Беларусі». Пра гэта заявіў 15 чэрвеня каардынатар Упраўленьня генэральных інспэктараў Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі генэрал арміі Юры Якубаў (http://www.interfax.ru/russia/447507).
Паводле дадзеных з адкрытых крыніц, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ёсьць два вайсковыя аб’екты Расейскай Фэдэрацыі — радыёстанцыя «Антэй» і радыёлякацыйная станцыя «Волга», а таксама зьвяно расейскіх вайсковых самалётаў у раёне Баранавічаў. Зьвестак пра наяўнасьць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь «расейскай агульнавайсковай групоўкі» ў адкрытых крыніцах няма.
Паводле дамовы аб Саюзнай дзяржаве, Беларусь і Расея аб’яднаныя ў адзіную абаронную прастору. Гэта найвышэйшая форма інтэграцыі на постсавецкай прасторы. І гэтая дамова прадугледжвае два ўзброеныя фармаваньні, тлумачыць экспэрт у вайсковых пытаньнях Аляксандар Алесін:
«Для абароны з паветра прадугледжана адзіная рэгіянальная сыстэма СПА пад адзіным камандаваньнем, куды кожная краіна выдзяляе свае часьці і падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны. Гэта адкрытая, вядомая інфармацыя. Перамовы пра адзіную сыстэму СПА ішлі зь сярэдзіны 1990-х гадоў. Але беларускі бок аспрэчваў парадак кіраўніцтва — хто будзе аддаваць каманды. Потым вырашылі, што камандуючы будзе мяняцца на ратацыйнай аснове. Зразумела, што на нашай тэрыторыі нічога бязь ведама прэзыдэнта не адбываецца.
Другі момант, які ёсьць у дамове аб Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі, — гэта аб’яднаная групоўка сухапутных войскаў. Яна ствараецца на выпадак вайны альбо пагражальнага пэрыяду, то бок калі Беларусі пагражае ваенная небясьпека. Тады на дапамогу беларускаму войску прыходзяць злучэньні 20-й расейскай арміі. І паступаюць яны ў распараджэньне беларускага камандаваньня. Натуральна, у штабе будуць прысутнічаць расейскія афіцэры, але каманды будзе аддаваць беларускі генэрал. Але абодва прэзыдэнты — і Пуцін, і Лукашэнка — гэта вярхоўныя галоўнакамандуючыя, і рашэньні прымаюцца паводле прынцыпу „двух ключоў“.
Таму заявы расейскага генэрала Якубава досыць дзіўныя, нелягічныя і незразумелыя. Фізычна ніякай адзінай групоўкі быць не павінна — ёсьць часьці і злучэньні, якія тэарэтычна туды выдзелены і якія зьбяруцца ў адзінае цэлае толькі ў выпадку зьяўленьня ваеннай пагрозы. А адпрацоўка гэтых дзеяньняў адбываецца раз на два гады на вучэньнях „Захад“. І адзін з этапаў гэтых вучэньняў — гэта менавіта адпрацоўка перакідваньня ў Беларусь расейскіх часьцей і падразьдзяленьняў. Адпрацоўваецца пагрузка на тэрыторыі Расеі, рух па чыгунцы, высадка ў Беларусі і раскватараваньне, а потым вяртаньне расейскай брыгады на месца яе пастаяннай дысьлякацыі. Вось усё, што ёсьць».
То бок у мірны час такой агульнавайсковай расейскай групоўкі фізычна няма. Яна ствараецца толькі ў выпадку нападу альбо пагрозы нападу на Беларусь, патлумачыў экспэрт у вайсковых пытаньнях Аляксандар Алесін.
Што да афіцыйных запытаў партыі БНФ у Міністэрства абароны і Раду бясьпекі краіны, спадар Алесін такія формы цалкам ухваляе. Апазыцыя павінна выкарыстоўваць любую інфармацыйную падставу, каб праясьніць сытуацыю і яшчэ раз адукаваць народ, якія існуюць мэханізмы збройнай абароны дзяржавы.
Адносна заявы каардынатара ўпраўленьня генэральных інспэктараў Мінабароны Расеі, генэрала арміі Юрыя Якубава Аляксандар Алесін выказаў такое меркаваньне:
«Чаму выбралі генэрала-інспэктара Юрыя Якубава? Каб Расеі можна было не адказваць за гэтыя словы Якубава. Генэрал Якубаў — для сучаснай арміі вельмі сталага веку, далёкі ад сучаснай ваеннай навукі. Наагул, генэралы-інспэктары — гэта, так бы мовіць, альбо ганаровая ссылка, альбо ганаровая адстаўка. Як правіла, гэтыя генэралы выслужылі ўсе свае тэрміны альбо адпраўлены ў адстаўку з правам нашэньня ваеннай формы. Такія генэралы выконваюць ролю „вясельных генэралаў“. І патрэбны яны, каб камандзіры ня спалі: прыедзе такі генэрал з праверкай, пашуміць, пашыхтуе...
Але наўрад ці генэрал-інспэктар са сваёй ініцыятывы зрабіў такую гучную заяву. А магчыма, гэта і правакацыя».