Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краўцэвіч: «Беларуская рэстаўрацыя — суцэльны боль: прафанацыя ды імітацыя»


Ненатуральна белы палац Агінскага
Ненатуральна белы палац Агінскага

З родавай сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага ў мястэчку Залесьсе на Смаргоншчыне зьнялі рыштаваньні: вонкавая рэстаўрацыя палаца завершаная, абвешчаны тэндэр на фармаваньне ўнутранай экспазыцыі.

Згодна з рашэньнем ЮНЭСКО, 2015-ты абвешчаны Годам выбітнага кампазытара, паўстанца і дыплямата — сёлета ў верасьні спаўняецца 250 гадоў ад нараджэньня найбольш славутага з Агінскіх.

Два дзясяткі гадоў жыцьця Міхала Клеафаса шчыльна зьвязаныя зь беларускай зямлёй: пасьля ўдзелу ў паўстаньні Тадэвуша Касьцюшкі, эміграцыі ў Эўропу і рэабілітацыі загадам імпэратара Аляксандра І, ад 1802 да 1822 году сям’я Агінскіх жыла ў маёнтку Залесьсе. Менавіта тут, як лічаць дасьледчыкі, створаны музычны вянец ягонай творчасьці — палянэз ля-мінор, больш вядомы як «Разьвітаньне з Радзімай».

За савецкім часам «буржуазны дзеяч» асаблівага піетэту ў бальшавіцкай улады не выклікаў. У экспрапрыяваным палацы месьціўся дом адпачынку для пралетарыяту, у вайну тут быў шпіталь для чырвонаармейцаў, у паваенны час у княскіх харомах атабарыўся дом адпачынку работнікаў прамкаапэрацыі, які на пачатку 1960-х пераўтварылі ў дом інвалідаў і састарэлых. А ў 1970-х маёнтак вызвалілі ад насельнікаў і перадалі на балянс аб’яднаньня «Смаргоньсылікатабэтон». Кіраўніцтву заводу культурны «баляст» замінаў, і настала фаза «глыбокай замарозкі»: пабудовы заняпалі, паркі зарасьлі пустазельлем, маёмасьць «прыхватызаваў» мясцовы люд.

Акультураны ўнутраны дворык
Акультураны ўнутраны дворык

На пачатку 1990-х, на хвалі нацыянальнага адраджэньня, адрэстаўраваць сядзібу ў прапорцыі «адзін да аднаго» браўся буйны польскі камэрсант-будаўнік Тадэвуш Полак. Але плаціць замежніку ўлады не захацелі і абмежаваліся кансэрвацыяй асобных элемэнтаў пабудовы.

Толькі пад канец 2000-х, калі міжнародная супольнасьць заявіла пра намер шырока адзначаць 250-годзьдзе неардынарнай асобы, зь бюджэту адшкадавалі сродкі на рэстаўрацыю напаўразваленага палаца.

Здаць аб’ект меркавалася яшчэ да канца 2011 году, але спачатку фінансавы крызіс, а потым ягоныя наступствы істотна адкарэктавалі амбітныя пляны. З прычыны вымушаных прастояў даўгабуд пераваліў у 2015-ты, і толькі нядаўна з тэрыторыі палацавага комплексу павывозілі агароджы ды рыштаваньні. Але элемэнты «глябалізму» засталіся.

Палац Агінскіх летам 2011 году
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:19 0:00

Нават неспрактыкаваным вокам відаць, як навабуд цяплярні выступае над астатнімі пабудовамі. Як сумна жартуе былы навуковы супрацоўнік музэю, мастак-рэстаўратар Сяргей Верамейчык, складаецца ўражаньне, што менавіта цяплярня была «палацаўтваральным элемэнтам»: спачатку Агінскі збудаваў шкляную спаруду, а ўжо потым «нанізваў» на яе астатнія архітэктурныя часткі.

Дамінантай комплексу стала цяплярня
Дамінантай комплексу стала цяплярня

Зрэшты, прычына таго, што адноўленая «цяплярня» істотна падрасла, простая: тут мяркуецца абсталяваць гатэльныя нумары, каб акупляць дзяржаўныя выдаткі. Пакуль жа за ссунутымі сталамі дэгустуюць прысмакі вясельныя кампаніі.

У цяплярні-гатэлі
У цяплярні-гатэлі

Доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч не адзін год адпрацаваў у сыстэме беларускай рэстаўрацыі, а на пачатку 1990-х у якасьці археоляга акурат у Залесьсі раскопваў падмуркі цяплярні-аранжэрэі. Уражаньні ад мэтадаў аднаўленьня не найлепшыя:

Алесь Краўцэвіч
Алесь Краўцэвіч

«Мы раскопвалі аранжарэю ў 1991 годзе, фактычна ўдалося знайсьці падмуркі і падлогу. То бок уся вынаска падлогі, дымавыя каналы, празь якія пад падлогай падагравалася аранжарэя, і шмат што іншае. Удалося нават раскапаць, расчысьціць ванну, у якой вырошчваліся ананасы. У прынцыпе, структура таго, як яна была збудавана, вядомая: яе зьнешні выгляд знаходзілі па графічных выявах, нават па фатаздымках гэтай галерэі. І трэба было рабіць у адпаведнасьці з тымі архіўнымі зьвесткамі, калі сапраўды таго хацелі. А тое, што яны там лепяць — ня ведаю; па-мойму, для іх ня ўказ ні праект, ні што іншае. Робяць, як ім зручней тэхналягічна. Але архітэктар-рэстаўратар такога сабе дазволіць ня можа.

Адрамантаваная аранжарэя
Адрамантаваная аранжарэя

У прыватнасьці, аўтар праекту — Людміла Іванова, вельмі прафэсійны архітэктар-рэстаўратар, зь вялікім досьведам. Але адна справа — зрабіць дасканалы праект, а іншая справа — яго рэалізаваць. Там трэба дняваць і начаваць месяцамі, пільнаваць, каб яны рабілі так, як прадугледжана праектам. Бо ўсё роўна зробяць, як прасьцей і хутчэй, таму што ім плацяць за аб’ём выкананых працаў. Ім выгадней усё зьнесьці, заліць усё з бэтону, з сылікату, гэты аб’ём запрацэнтаваць і атрымаць грошы. Такая беларуская рэстаўрацыя».

«Заднік» цяплярні — таксама навабуд
«Заднік» цяплярні — таксама навабуд

Знаўцы ківаюць і на шклопакеты ў аранжарэі, і на лішак сучасных матэрыялаў у аздабленьні інтэр’ераў. Відавочна, што вырашана зэканоміць на гадзіньніку на імправізаванай вежачцы над галоўным уваходам.

Абяцанага гадзіньніка на вежы пакуль няма
Абяцанага гадзіньніка на вежы пакуль няма

Пакуль што не дайшлі рукі да капліцы, млына, альтанкі, зарослай сажалкі ды іншай навакольнай тэрыторыі. Зрэшты, як кажуць мясцовыя жыхары, можа, яно і на лепшае — хоць нешта захавае аўтэнтычныя рысы.

Млын чакае чаргі на рэстаўрацыю
Млын чакае чаргі на рэстаўрацыю

Агульны стан ансамбля ацэньвае Алесь Краўцэвіч:

«У Залесьсі, па вялікім рахунку, працавалі выпадковыя людзі. Напрыклад, клясычную альтанку рабілі з нуля. Дакладна ня ведаю, ці будуць спрабаваць будаваць з нуля кітайскую альтанку, але падмурак яе знайшлі. Тую ж аранжарэю ўзводзілі з нуля. І гэта робяць людзі выпадковыя, мясцовыя, якія нідзе ня могуць знайсьці працу. Раней іх хоць празь нейкія ўмоўнасьці бралі ва ўстановы рэстаўрацыі, а цяпер увогуле даюць ліцэнзіі будаўнічым арганізацыям.

Клясычная альтанка — у чарзе чаканьня
Клясычная альтанка — у чарзе чаканьня

І гэтым будаўнічым трэстам няма ні жаданьня, ні часу, ні магчымасьці рабіць так, як гэта ёсьць у Эўропе: старэнькую цагліначку, якая трэснула, вымуць і ўставяць на яе месца новую, адмыслова зробленую па памерах, якія дакладна адпавядаюць арыгіналу. Так робяць ва ўсім сьвеце, там усё ж стараюцца захаваць аўтэнтычнасьць. А наша начальства, якое гэтым займаецца і якое ўсімі працэсамі кіруе, паняцьця ня мае, што такое аўра аб’екта. І ўсё зьнішчае. У Гародні нам удалося неяк адстаяць, каб не чапалі Барысаглебскую — Калоскую царкву. А так бы ўжо стаяў на яе месцы макет з сылікатабэтону. Беларуская рэстаўрацыя — гэта адзін суцэльны боль: гэта прафанацыя, імітацыя і г.д.».

Працоўная мова ўстановы — расейская
Працоўная мова ўстановы — расейская

За часамі Агінскага ў Залесьсе зьяжджалася перадавая інтэлігенцыя з усёй Эўропы — знаныя навукоўцы, музыкі, літаратары, мастакі, сябры-паўстанцы. З-за сваёй элітарнасьці маёнтак, інфраструктуру якога гаспадар заклаў, зыходзячы з уласных густаў, атрымаў характэрную назву — Паўночныя Атэны.

Абноўлены комплекс прыцягвае мастакоў
Абноўлены комплекс прыцягвае мастакоў

Рамантычны антураж вялікасьвецкай сядзібы адбіўся на яе абліччы — невялікая па мерках тагачасных магнатаў, яна захоўвала поўную архітэктурную гармонію з паркам і возерам. У ціхіх куточках былі ўсталяваныя памятныя камяні ў гонар Тадэвуша Касьцюшкі і гувэрнэра Жана Ралея, імёнамі дачок называліся альтанкі і кветкавыя клюмбы, на забаву дзяцей і гасьцей былі адгароджаныя два зьвярынцы.

Масток да памятнага каменя гувэрнэру Жану Ралею
Масток да памятнага каменя гувэрнэру Жану Ралею

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG