Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады не дазваляюць пікеты ў падтрымку прафсаюзу РЭП


Генадзь Фядыніч, архіўнае фота
Генадзь Фядыніч, архіўнае фота

Пікет у падтрымку незалежнага Прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП), які 24 жніўня зьбіраліся правесьці ў Бабруйску мясцовыя актывісты, не адбыўся таму, што яго не дазволіў гарвыканкам. Пра гэта кажа старшыня бабруйскай суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Галіна Сьмірнова.

Паводле яе, выканкам спаслаўся на тое, што заяўнікі не прадставілі гарадзкім уладам дамовы з «хуткай дапамогай», міліцыяй, камунальнымі службамі. Але раней такія ўзгадненьні рабіліся толькі пасьля таго, як актывісты атрымлівалі дазвол на свае мерапрыемствы.

Камэнтуючы Свабодзе гэты факт, старшыня РЭП Генадзь Фядыніч сказаў:

«Я ведаю, што заяўкі на пікеты салідарнасьці з нашым прафсаюзам пададзеныя сама меней у 15 гарадах. І пакуль ніводнага дазволу. А адмовы ўжо ёсьць: акрамя Бабруйску, акцыі не дазволілі ў Менску, Магілёве, Берасьці.

У мяне такое ўражаньне, што ўлады вырашылі не дазваляць нічога ў падтрымку нашага прафсаюзу — ні шэсьцяў, ні мітынгаў, ні нават пікетаў. Прычым шукаюць любую зачэпку. У Менску актывісты ў заяўцы напісалі, што пікет пройдзе на мяжы вуліцаў Багдановіча і Кульман, каля Бангалора. На гэтым месцы наш прафсаюз раней праводзіў свае пікеты. А гарадзкія ўлады пішуць у адказ, што недакладна абазначана месца пікету. Таму і дазволу няма. Гэта фактычна адпіска. Але дзейнае заканадаўства робіць правядзеньне нават пікету з 15–20 чалавек амаль немагчымай справай».

Спадар Фядыніч сказаў таксама, што ніякіх навінаў у справе РЭП за апошні час няма.

2 жніўня 2017 году супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі правялі ператрус і канфіскацыю кампутараў і фінансавых дакумэнтаў у офісе прафсаюзу РЭП і цэнтральнага офісу БНП. Былі затрыманыя старшыня РЭП Генадзь Фядыніч і бухгальтар Ігар Комлік. Фядыніча дапыталі і адпусьцілі, а Комліка зьмясьцілі спачатку ў ізалятар часовага ўтрыманьня, а праз 3 дні — у СІЗА № 1.

10 жніўня Ігару Комліку было выстаўлена абвінавачаньне паводле артыкула 243, часткі 2 («Ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»). Меру стрыманьня Комліку пакінулі ранейшую — ён застаецца ў СІЗА. 11 жніўня абвінавачваньне выстаўлена і Фядынічу. Ён застаецца на волі пад падпіскай аб нявыезьдзе. Фядынічу і Комліку пагражае пакараньне ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG