Калі б скласьці рэйтынг самых незвычайных музэяў Беларусі, сядзіба ў вёсцы Каранішацы на Мядзельшчыне трапіла б на высокія пазыцыі. Гэта месца, дзе «спыніў час» філёзаф, палітоляг, пісьменьнік, ініцыятар агульнанацыянальных дыктовак Уладзімер Падгол.
Па гэтым адрасе месьціцца мастацкая інсталяцыя «Месца спыненага часу». На пытаньне пра сэнс назвы аўтар адказвае так.
«Лічыцца, што сустрэча з Богам у чалавека можа адбыцца толькі пасьля сьмерці. У маім паданьні апісваецца і яшчэ адна мажлівасьць: калі Бог захоча за нешта аддзячыць чалавеку пры жыцьці, ягоныя анёлы спыняюць час. А пасьля сустрэчы зноў запускаюць гадзіньнік, чалавек працягвае жыць далей. Мне здаецца, у гэтай вёсцы такія людзі — шмат з каго я сьпісаў вобразы для сваіх герояў», — раскрывае падтэкст сваёй ідэі спадар Падгол.
Вясковы Лос-Анджэлес
З гледзішча любога вяскоўца свае соткі гарадзкі «даўншыфтэр» выкарыстоўвае не зусім паводле прызначэньня. Двор насупраць старога дому ператвораны ў парк-пэрформанс. Амаль сотня жорнаў, дзясяткі сячкарняў, плугоў, калаўротаў, начовак, ступаў, цапоў; прывараныя да брамаў бусакі, сякеры, косы, сярпы, ланцугі, падковы. У якасьці арнамэнту на брамах — колы ад вазоў. На сьцяне хаты — карункі з жалязак (прасы на вугольлі), гэбляў, дэталяў ад кроснаў. Нават штыхі часоў Першай сусьветнай вайны.
І, канечне, анёлы. Іх тут блізу паўсотні: з трактарных шасьцерняў, з зубоў камбайнавай жняяркі, з кальянаў, інкруставаных тысячамі ручных гадзіньнікаў. Гіганцкая машына анёлаў спыняе час і зноў дае яму хаду.
«На крылах анёлаў некаторыя гадзіньнікі працуюць — цік-так. Спыняць іх не хачу, хоць па лёгіцы трэба было б, — кажа Ўладзімер Падгол. — Пяць наагул з боем. Калі прыяжджаюць госьці, накручваю спружыны і стаўлю паўзу ў дзясятак сэкундаў. Гадзіньнікі пачынаюць біць, як пераліў царкоўных званоў... У вёсцы і лесе, што яе атачае, — жывое паветра. У Менску — мёртвае. Я аднойчы перанёс клінічную сьмерць на апэрацыйным стале, паралізавала ўсё цела і дыхаўку. З тае пары стаў чульлівым: прыехаў, выйшаў з аўто — і дыхаю, п’ю як чароўны напой».
У хаце карціна ня меней уражвае. Уся карысная плошча — гэта выстава незвычайных экспанатаў. «Крыж» з савецкіх фотаапаратаў, абярог з дыскавай пілы, і зноў анёлы — яны паўсюль, рознага памеру і формы.
«Раскажу пра хаткі для анёлаў, — ладзіць экскурсію гаспадар. — Яны зробленыя са старых кальянаў. Раней я набываў іх на так званым „Полі цудаў“ у Ждановічах, дзе прадаюцца розныя старыя рэчы. А цяпер, калі пра маё хобі даведалася шмат людзей, мне іх сталі здабываць і дарыць калекцыянэры. Кальяны даводзіцца мадэрнізаваць, каб мелі выгляд чароўнага жытла. Такім чынам утварыўся вясковы Лос-Анджэлес — адзінае „легальнае“ месца для анёлаў на ўсю Беларусь».
Сэнсавая нагрузка
Уладзімер Падгол пасяліўся ў Каранішацах 15 гадоў таму — дом у складчыну падарылі сябры. Першапачаткова ўспрымаў яго як месца, дзе можна спакойна, без гарадзкога тлуму, пісаць ды зьбіраць грыбы. Але паступова вымалявалася сэнсавая нагрузка. Цяпер тут музэй паданьня «Месца спыненага часу» — матэрыялізаваны працяг чароўнага падарожжа да Бога тутэйшых герояў — Жарнасека, Асілка, Дзяўчынкі-Яшчаркі, Сабачкі, Козачкі. На іх шляху сустракаюцца сьветлыя і цёмныя сілы: Чорт, Сьмерць, Анёлы Часу.
«Штуршком да стварэньня інсталяцыі стаў першы жарон, — згадвае Падгол. — Ён ляжаў каля студні, выконваючы функцыю падстаўкі пад вядро. Вельмі прыгожы — чырвоны зь белым зернем, амаль мармур. Калі я набіраў ваду, яна выплюхвалася, і камень мяняў колер — рабіўся як кветка. Пазьней, калі жорнаў назьбіралася некалькі дзясяткаў, яны ўсе „зацьвіталі“ ў дождж, набывалі новыя адценьні. Мяне гэта так зачаравала, што я пачаў цікавіцца па суседзях — раптам ёсьць непатрэбныя жорны? І людзі паказвалі: там у траве валяецца, тут у зямлі прысыпаны».
Пра тое, што новы жыхар зьбірае жорны, паляцела пагалоска. Шчыравалі сябры-электрыкі, якія выяжджалі на аварыйныя выклікі ў закінутыя вёскі і заадно везьлі-цягнулі новыя экспанаты — балазе пад рукой быў службовы міні-пад’ёмны кран. Вялікі жарон ляжаў у яме пры дарозе, і празь яго дзірку прарасла яблыня — так з дрэвам і прывезьлі. Іншы знайшлі на хутары: самагоншчыкі доўга не маглі зразумець, чаго ад іх хочуць, баранілі свой надзел «насьмерць». Аддалі пасьля таго, як «пазалацілі» ручку.
Цяпер жорнаў на ўчастку Ўладзімера Падгола каля сотні. Сталі яны ня толькі асалодай для душы, а і крыніцай творчага натхненьня. Якраз у гэты час ён працаваў над новай рэдакцыяй раману «Куля для прэзыдэнта». Патэнцыйныя выдаўцы, прачытаўшы рукапіс, захацелі больш закручаны пачатак. Так зьявілася сюжэтная лінія пра тое, як жорнамі чорт перацірае чалавечыя душы.
«У мяне быў фрагмэнт, як гіганцкімі жорнамі апрацоўваюць душы беларусаў: адзін зроблены д’яблам з тэктанічнай пліты, другі дастаўлены з астэроіда. Пасьля пераасэнсаваньня „Чортавы жорны“ сталі стрыжнёвай тэмай, пад такой назвай выйшла асобная кніжка. Даходзіла да містыкі. Працаваў цэлую ноч і так стаміўся, што заснуў, паклаўшы галаву на жарон. Раніцай прачынаюся, а ён трэснуты. Так і не згадаў: ці быў такі, ці пайшоў па швах ад маіх сноў? У любым выпадку настолькі ўразіла, што ў раман увайшлі алегорыі на тэму паколатых жорнаў», — кажа аўтар.
А яшчэ жорны, у якія Жарнасек да апошняга ўкладаў сваю душу, згодна з паданьнем, уначы ператвараліся ў неверагоднай прыгажосьці кветкі. Таму ў сэзон кожны зь іх атачаюць півоні — белыя, чырвоныя, ружовыя. Калі ў Менску зносілі дамы ў прыватным сэктары і бульдозэры мерыліся выразаць сады, Падгол выкопваў півоні і перавозіў у вёску. Так працягнуў ім жыцьцё.
Даверлівыя буслы
Чаму менавіта ў Каранішацах прызямліліся анёлы, у гаспадара таксама сымбалічная вэрсія. Кажа, што неяк прывёз да сябе тагачаснага амбасадара Польшчы Генрыка Літвіна і ягоных варшаўскіх сяброў. Сам пайшоў адчыняць браму, госьці крыху прыадсталі. А калі павярнуўся, каб запрасіць заходзіць, убачыў шакаваныя твары: палякі стаялі з адкрытымі ратамі, ня верачы сваім вачам.
«Падымаю галаву і таксама застываю: уздоўж усяго праезду да дому — а гэта паўсотні мэтраў — на высакавольтным дроце паміж слупамі сядзяць буслы. Адзін, пяць, дзесяць, дваццаць! Зь дзясятак птушак на каньку лазьні, столькі ж на хлеўчуку, на даху дома! Ды яшчэ ў небе цэлы карагод над дваром. Шок! Палякі фатаграфуюць, як дзеці радуюцца... Мы распалілі вогнішча, засмажылі каўбаскі, зрабілі кашанку, накрылі стол. І калі рыхтаваліся сесьці, буслы пачалі пікіраваць. Ляцяць і за мэтар-два над намі зноў шугаюць угару».
Буслы перад адлётам на зіму ў Афрыку нярэдка зьбіраюцца вялікімі чародамі зь дзясяткаў і нават сотняў птушак. Але ніколі не выбіраюць у якасьці стартавай пляцоўкі чалавечае жытло ці двор. Неверагоднае здарэньне, кажа Ўладзімер Падгол, якраз падштурхнула да ідэі анёлаў, якія ў вобразах высакародных буслоў далі знак зьверху.
Сьлесар-бляхар Генадзь Рабека прыдумаў, як увасобіць іх у мэтале — дзясятак розных варыянтаў цяпер відаць на плоце, які атачае «Месца спыненага часу». А мясцовы электрык Васіль Гунько запачаткаваў жалезныя абярэгі, якія захапляюць сваёй дасканалай прыгажосьцю. Абодва і марыць не маглі, што калі-небудзь стануць мастакамі-творцамі.
«Першыя анёлы былі прымітыўныя — зь сярпоў, кос, — кажа гаспадар. — А калі ўзьнікла ідэя пра „спынены час“, трэба было тое падкрэсьліць. У хрысьціянскай тэорыі іх яшчэ называюць „анёламі пачатку“, таму пачалі да мэталічных крылаў прымацоўваць мэханізмы-шасьцярэнькі. А наступную генэрацыю вырашылі ўдасканаліць, аздабляючы фігуры гадзіньнікамі. Ідэю падгледзеў у Вільні: у фае гарадзкога кіраўніцтва стаіць шматмэтровы слуп, пакрыты дэталямі гадзіньнікаў. Цяпер і ў мяне адны анёлы спыняюць і заводзяць час, другія за ім сочаць, трэція кантралююць яго расход».
А ёсьць яшчэ анёлы-ахоўнікі. Самы дарагі ў калекцыі — з дрэва. Як расказвае Ўладзімер Падгол, знайшоў у лесе смаляк з сасны, некалькі кілямэтраў нёс яго, як дзіця. Цяпер стаіць ля ўваходу ў хату. Мастак Аляксей Марачкін нават хацеў забраць на выставу, але гаспадар ня даў — пабаяўся, што пашкодзяць.
Месца рэляксу
Калі шасьцерняў можна назьбіраць пад любым трактарным станам, то адкуль столькі гадзіньнікаў? На кожным анёле новага пакаленьня іх некалькі дзясяткаў. Дый кальяны — не сказаць, што для Беларусі масавая зьява. Як удакладняе каранішацкі анёлазнаўца, нешта куплена, нешта выменяна на віно ці гарэлку. А шмат хто, ведаючы ягонае захапленьне, прыносіць за дзякуй.
«Новыя анёлы даводзяцца да ладу ў горадзе, — працягвае Ўладзімер Падгол. — Дапамагаюць сябры ў майстэрнях, бо каркас трэба зварыць. Гэта раней матэрыял быў пад нагамі. Неяк сябра прынёс з поля палову зубчатай шасьцярні. Я прыклаў да асновы з косамі — галава з каронай! Пафарбаваў чырвоным — фантастыка. Наагул, людзі ведалі, што мне трэба. Знойдуць камень нязвыклай формы — нясуць. Бабулька аддала каменнае „яйка“, якім прыціскала капусту. А 100-гадовая суседка падарыла вялізную лыжку з суцэльнага дрэва, ёю набіралі зерне зь дзежкі».
Дарэчы, у згаданым паданьні Анёл загадаў Жарнасеку зрабіць акурат такую ж лыжку, каб у гасьцях у Бога «чэрпаць шчасьце».
Сядзіба Падгола як месца рэляксу і новых захапленьняў добра вядомая творцам, актывістам, дыпляматам. Некалькі гадоў таму менавіта тут агенцтва БелаПАН распачало цыкль відэаальманахаў, празь якія знаёміла чытачоў зь беларускімі паэтамі.
У першым выпуску пад назвай «На беразе спыненага часу» свае вершы чыталі заснавальнік кампаніі Алесь Ліпай, Уладзімер Арлоў, Уладзімер Някляеў. Мантажом Алесь займаўся асабіста, пакінуўшы па сабе духоўны помнік, кажа Ўладзімер Падгол. Новае кіраўніцтва БелаПАН вырашыла працягнуць традыцыю і зьняць чарговы паэтычны альманах. Някляеў і Арлоў пагадзіліся.
У музэі рыхтаваліся да міжнароднага конкурсу фолк-ансамбляў юныя ўдзельнікі гурту «Рада» пад кіраўніцтвам Ірэны Катвіцкай. Рэпэтыцыя была пакладзена ў аснову відэакліпу: дзеці сьпявалі на сцэне, а на задніку ішоў кліп, дзе яны водзяць карагод паміж жорнаў, калаўротаў, сячкарняў. Такі бонус дапамог і ансамблю, і салісткам Веры Саламонік і Патрыцыі Сьвіцінай узяць Гран-пры.
Было і такое, прызнаецца гаспадар, што жорны выкарыстоўвалі дзеля фатасэсіі. Дзяўчаты-мадэлькі здымаліся ў розных позах і ракурсах пад «аўтэнтыку». Сябры папрасілі, ён не пярэчыў — тыя шмат дапамагалі ў стварэньні музэю.
Дыпляматычная выспа
Але ці не найбольш аблюбавалі Каранішацы супрацоўнікі замежных дыпмісій, якія наведваліся сюды сем’ямі. Частымі гасьцямі былі амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан, амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас, амбасадар Ізраілю Зэеў Бэн Ар’е, амбасадар Вялікай Брытаніі Найджэл Гулд-Дэвіс, амбасадар Славаччыны Любамір Рэгак, амбасадар Францыі Стэфан Шмялеўскі, згаданы ўжо амбасадар Польшчы Генрык Літвін ды іншыя.
Апрача таго, каб парыцца ў лазьні і размаўляць пад кілішак віскі ці гарэлкі, дэгуставалі каронную страву кухара Падгола — запечанага трусіка. Сам ён пераконвае, што мае ўнікальны рэцэпт, невядомы нідзе ў сьвеце. Аднойчы на прапанову амбасадара Багдонаса прыгатаваў у літоўскай амбасадзе 12 страў з труса, дзеля чаго быў зладжаны адмысловы кулінарны прыём.
А яшчэ некаторыя дыпляматы ўпершыню даведаліся, што такое «ціхае паляваньне». Бэн Ар’е і Гулд-Дэвіс ажно «падчапілі» грыбную ліхаманку, не маглі дачакацца выходных, каб выправіцца ў Каранішацы. Раней яшчэ жывы тады акадэмік Іван Нікітчанка праверыў сядзібу і лес на сучасным абсталяваньні на радыяцыю: зямля, расьліннасьць у садзе, вада ў студнях, малако, грыбы паказалі ўзровень у 5–10 разоў меншы за норму.
Самае галоўнае, адзначае суразмоўца, што ўсе замежныя госьці сталі прыхільнікамі беларушчыны. З радасьцю адгукнуліся на першую агульнанацыянальную дыктоўку, пісалі яе ў гонар 90-годзьдзя БНР разам з журналістамі і кіраўнікамі незалежных СМІ. Потым працягвалі, дэклямавалі вершы сваіх паэтаў у перакладзе Васіля Сёмухі. Ідэю падхапіла МЗС, пачало ладзіць чытаньні беларускіх клясыкаў. Той жа Зэеў Бэн Ар’е пераклаў на іўрыт і надрукаваў у Ізраілі творы Васіля Быкава «Бедныя людзі» і «Вочная стаўка».
Аднойчы ў Каранішацы прыехаў памочнік расейскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева — шукаў мясьціну, куды ўкласьці грошы. Дык стаў насупраць гэбляў і заплакаў: усе гэтыя прылады былі ў ягонай маці пад Харкавам. І пачаў дакладна іх называць. Маладыя намесьнікі толькі вачыма лыпалі.
А некалькі гадоў таму музэй на дзень стаў часовым штабам перадвыбарнай кампаніі прадпрымальніка і палітычнага актывіста Алеся Таўстыкі. Прыехалі намесьнікі старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч і Алесь Лагвінец, кандыдат сустракаўся з выбарцамі на рынку ў суседніх Крывічах. Сам Таўстыка шмат дапамог з абсталяваньнем і добраўпарадкаваньнем музэю.
Патройны кардон
Візуальна падаецца, што пашыраць музэй ужо няма куды — уся карысная прастора нібыта асвоеная. Аднак гаспадар кажа, што магчымасьці для пашырэньня ёсьць, стрымлівае толькі вонкавы фактар — на ягоныя экспанаты неаднойчы квапіліся. Прычым — не зайздросьнікі-калекцыянэры.
«На самой справе месца ўтрая больш, чым відаць. Але пасьля таго, як мяне некалькі разоў абкрадалі, мусіў не зусім рацыянальна выгарадзіцца, — наракае „музэйнік“. — Аднойчы прыяжджаю, калі яшчэ не было агароджы, а тузін сячкарняў ляжаць у кучы, гатовыя да вывазу на мэталалом. У мяне ледзь інфаркт ня здарыўся, проста млосна стала! І тады сябры ў тэрміновым парадку ўсталявалі брамы і плот дзеля абароны музэю — потым ужо дадаваў туды сэнсавую прыгажосьць. Каб трапіць да экспанатаў, цяпер з вуліцы трэба прайсьці праз тры кардоны».
Як удакладняе спадар Падгол, ёсьць у гэтай патройнай абароне і ўнікальны падарунак на 60-годзьдзе ад старога сябра Генадзя Фядыніча — бухта калючага дроту. Той калючы «абярэг» дапамог зьберагчы экспанаты. Сам кіраўнік незалежнага прафсаюзу РЭП заўсёды з задавальненьнем прыяжджаў у «Месца спыненага часу», каб дапамагчы пакасіць, упарадкаваць тэрыторыю ды пазьбіраць тутэйшых баравікоў. А першыя сэкцыі плота падарыў паэт Алесь Старжынскі — нашчадак старажытнага княскага роду.
Сонечны камень
Паводле суразмоўцы, завяршэньне актыўнага сэзону зусім не азначае, што градус актыўнасьці будзе зьніжацца разам з тэмпэратурай паветра.
«Нарыхтовак для „Лос-Анджэлеса“ хапае: і кальяны, і люстры-кветкі, і штук 200 гадзіньнікаў. Чакаю, каб павярталіся зь лецішчаў сябры: аднаму сумна і маркотна, а талакой справа ідзе весялей. Дый выходзім на новы ўзровень. Скажам, 2-мэтровы анёл-флюгер: дзьмухнеш, і пачынае круціцца. У экспазыцыі яго пакуль няма, даводзіцца да ладу. Наагул праблема, што майстрам трэба працаваць па асноўных абавязках. Пачынаем, а потым замова — і на тыдзень-два паўза. Непрадказальна. Зрэшты, як і кожны анёл — усе розныя. Можа, акрамя самых першых — ахоўнікаў, з кос і сярпоў. Астатнія — ужо анёлы часу».
Сустрэчу Ўладзімер Падгол завяршае яшчэ адной гісторыяй, у якой не адразу зразумееш, дзе рэальнасьць перацякае ў аўтарскую фантазію. Хоць бажыцца, што так і было.
Аднойчы ў лесе, кажа ён, знайшоў велізарную крэмневую глыбу. На грузавіку прывёз дадому. Разабраў печ у лазьні і ўставіў туды. Калі распальваў агнём, камень некалькі гадзін сьвяціўся як сонейка. Парыцца можна было, ня кідаючы на камяні кіпень — жар і так быў невыносны. Вось яны зь сябрамі і парыліся ад сонечнага каменя. Але пры канцы лета той выбухнуў і разваліўся. Больш, колькі гаспадар ні паліў лазьню, кавалкі і паловы жару не давалі. А ў хуткім часе пачалі зьяжджаць зь Беларусі і ягоныя сябры...
«Усе прадметы ў музэі нагадваюць пра час — нішто ў нашым сьвеце ня вечнае, — падсумоўвае філёзаф. — Таму трэба, як Жарнасек у паданьні, рабіць такія рэчы, каб Богу яны падабаліся, і ён са сваімі анёламі мог спыніць час для сустрэчы. І каб жорны па начах ператвараліся ў кветкі, трэба жыць у гармоніі з сумленьнем і навакольным сьветам. Ці ты вершы пішаш, ці кіно здымаеш, ці машыну рамантуеш, ці грады капаеш, — усё гэта павінна набываць магічны эфэкт і ў душах іншых, адлюстроўвацца суквецьцем пачуцьцяў. Асабіста для мяне высновы такія».
Уладзімер Падгол кажа, што нядаўна прачытаў думкі Зянона Пазьняка пра Курапаты: маўляў, уладатрымальнікі паставяць свой помнік, а потым усё навокал панішчаць. І раптам «прастрэліла» думка: а каб паставіць там анёла? Наперадзе на крылах — гадзіньнікі, як сымбаль спыненага часу. На крылах — гільзы. Галава — шар зь дзіркамі, як прастрэленыя галовы бязьвінных ахвяраў. Бо кожны чалавек, там забіты, меў свайго анёла...
Швэдзкі нашчадак
Уладзімер Падгол нарадзіўся 22 сьнежня 1952 году ў Віцебску. Адным зь яго продкаў мог быць швэдзкі генэрал Ёхан Паткул (Johann Reinhold Patkul, 1660–1707) — радаслоўную раскапаў Оке Пэтэрсан, экс-кіраўнік місіі АБСЭ ў Беларусі.
Скончыў Віцебскі тэхнікум фізычнай культуры, працаваў трэнэрам у лёгкай атлетыцы.
Паралельна атрымаў філязофскую адукацыю ў БДУ, кандыдат філязофскіх навук. Працаваў над доктарскай дысэртацыяй «Структура і прыярытэты сацыяльна-палітычнай дынамікі посттаталітарных краінаў», якую не далі абараніць, бо ў ёй быў разьдзел «Параўнальны аналіз мэнталітэтаў сучасных беларусаў і немцаў на прыкладзе Гітлера і Лукашэнкі».
У 1990-м разам з Барысам Хамайдам, Уладзімерам Плешчанкам, Сяргеем Навумчыкам арганізавалі клюб «За дэмакратычныя выбары», выпускалі газэту «Выбар». У першую прэзыдэнцкую кампанію распаўсюдзілі больш за 60 тысяч асобнікаў з праграмай Зянона Пазьняка. Грамадзкае аб’яднаньне і выданьне былі закрытыя новай уладай.
У 1996 годзе абраны кіраўніком інфармацыйна-аналітычнага цэнтру прэзыдыюму Вярхоўнага Савету 13 скліканьня. Гэта апошні запіс у працоўнай кніжцы — пасьля рэфэрэндуму парлямэнт быў «ануляваны».
Распрацоўнік першай канцэпцыі законапраекту ЗША «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі», якую ў 2003 годзе прэзэнтаваў у Дзяржаўным дэпартамэнце. Пазьней праект набыў моц закону.
Арганізатар агульнанацыянальных дыктовак па беларускай мове. Выдаў паўсотні выпускаў брашуры «Народны тэлевізар» з цытатамі Аляксандра Лукашэнкі, а таксама ў суаўтарстве зь Лявонам Баршчэўскім — падручнік па апазыцыйнай барацьбе «Асновы палітычнай псыхалёгіі».
Аўтар раману «Куля для прэзыдэнта», які разам з цытатнікамі неаднаразова арыштоўваўся. У 1997 годзе была пачатая крымінальная справа за прыніжэньне гонару і годнасьці вышэйшай дзяржаўнай асобы, на патрабаваньне пракуратуры праводзілася экспэртыза. Справа на неакрэсьлены час прыпынена.
Апошнія паўтара дзясятка гадоў практычна ўвесь вольны час Уладзімер Падгол прысьвячае свайму дому-музэю ў Каранішацах.