Інспэкцыя Міністэрства па падатках і зборах Цэнтральнага раёну Менску наклала на кнігарню «ЛогвінаЎ» штраф каля 1 млрд рублёў (92 тысячы даляраў). Пра гэта сказаў прадстаўнік крамы Павал Касьцюкевіч.
3 сьнежня прадстаўнікі падатковай інспэкцыі апячаталі кнігарню «Логвінаў» і па патрабаваньні Міністэрства інфармацыі зладзілі трохдзённую пазаплянавую праверку.
Рашэньне пра штраф падаткавікі аргумэнтавалі тым, што крама займалася рэалізацыяй друкаванай прадукцыі безь неабходнай ліцэнзіі Міністэрства інфармацыі ў якасьці кнігараспаўсюджвальніка.
Ад моманту зьяўленьня патрабаваньня атрымліваць падобную ліцэнзію ў студзені 2014 году «Логвінаў» спрабаваў легалізавацца восем разоў, аднак міністэрства па розных прычынах у выдачы дакумэнта адмаўляла.
Спагнаць накладзены штраф падатковая інспэкцыя Цэнтральнага раёну Менску мае намер у судовым парадку.
«Дакладная дата суду пакуль невядомая, але мяркую, што ён адбудзецца цягам месяца», — сказаў Касьцюкевіч.
У кастрычніку 2013 году Міністэрства інфармацыі пазбавіла ліцэнзіі выдавецтва «Логвінаў». Падставай для гэтага стаў выпуск фотаальбома «Прэс-фота Беларусі — 2011», які ў красавіку 2013 году быў прызнаны экстрэмісцкім на падставе рашэньня суду Ашмянскага раёну.
Выдавецтва «Логвінаў» існавала з 2000 году. Займалася выпускам сучаснай беларускай літаратуры, навуковай літаратуры па гуманітарных дысцыплінах, перакладамі на рускую і беларускую мовы.
У 2012 за распаўсюд беларускіх кніг асудзілі Алеся Яўдаху і пакаралі годам «хатняй хіміі». У ягонай дзейнасьці падатковая інспэкцыя і Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў угледзелі незаконнае прадпрымальніцтва. Таксама ён мусіў выплаціць каля 57 млн рублёў.