Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым беларусы адрозьніваюцца ад расейцаў? Адказ зь Езярышча, апошняга паселішча перад мяжой


Езярышча. Гарадоцкі раён
Езярышча. Гарадоцкі раён

Наколькі вялікая наша краіна, можна добра адчуць, калі праехаць ад Берасьця да поўначы Віцебшчыны. Калі на поўдні Беларусі ўжо забыліся, што такое сьнег, і зьнялі паліто ды цёплыя курткі, дык у мястэчку Езярышча сьнег нават і ня думае сыходзіць. І назвы вёсак у Гарадоцкім раёне адпавядаюць гэтаму суроваму краю. Студзёнка, Марозава, Мехавое.

Езярышча — тыповы былы райцэнтар, які паўстагодзьдзя таму разьвітаўся са сваім статусам. Ёсьць тут сталінскі райкам з калёнамі, ёсьць вуліца, якая некалі задумвалася як бульвар.

Ёсьць нават помнік мінулай вайне. Танк на пастамэнце. Прычым рэдкі экзэмпляр — Т-70. Іх у сьвеце засталося вельмі мала.

Настаўніца гісторыі Ларыса Нікіфарава робіць вялікую справу. Пасьля ўрокаў запісвае ўспаміны старажылаў. І пра даваеннае жыцьцё, і пра акупацыю. У яе назьбіраўся матэрыял не на адну кнігу. Але са мной пані Ларыса дзяліцца сваімі гісторыямі не захацела. І я яе выдатна разумею. Дасьледчыца рыхтуе кнігу, і для яе кожны ўспамін — гэта скарб.

— Зараз нічога вам не скажу. Бо для мяне гэта лёс і боль сэрца. Я ўсё прапусьціла праз боль. Калі жанчына мне расказвае, як яна закопвала дзяцей забітых. Пасьля тэлефануе мне. «Я ня спала. Навошта вы прыходзілі?» Ці гісторыя расстрэлаў, калі маці крычыць на мужа ў адчаі: «Аддай мне Валодзьку!» Маці гатовая забраць у магілу сваё дзіця. Бо яе расстрэльваюць, а як бацька пражыве з трыма малымі? Уяўляеце? Якая драматургія і якая вастрыня? А я пасьля хаджу з гэтым болем.

Граніца з Расеяй выглядае ціха і пустынна. Ні ажыўленага руху, ні людзей. Сумуе адзінокі даішнік на фоне некалькіх страхавых будак. Нават ня верыцца, што ў тых будках ёсьць жыцьцё. У адной зь іх я разгаварыўся са страхоўшчыцай. Якая распавяла мне пра плюсы і мінусы памежнага жыцьця.

— Па крупы, па муку, па алей. Усе едуць у Расею. Там нашмат таньней. Па каву, па чай. У нас толькі гарэлка таньнейшая. І душа баліць, колькі выяжджае моладзі. Уладкоўваюцца на працу. За любую чапляюцца. Забіраюць семʼі і выяжджаюць. Кажуць, што расіяне працаваць ня хочуць, а для нас заўжды праца ёсьць. Ім зарплата малая, а нас задавальняе.

У кожнага беларуса свой погляд на сёньняшні крызіс. У кіроўцы таксі адзін крызіс, у арыштаванага бізнэсоўца — іншы. А вось як выглядае крызіс з акенца памежнай страхоўшчыцы.

— Паток стаў меншы разы ў два. Калі ня ў тры. Колькі мы з вамі сядзім, а ніхто з расіян не зайшоў. Раней бы мы так не сядзелі. Раней уся пляцоўка была застаўленая машынамі. Не пасьпявалі афармляць.

— Вы ўнутрана падрыхтаваліся, што гэта надоўга?

— Мы ведаем, што мы ў вёсцы не прападзем. Хто хоча жыць, заўжды пражыве. Якія лясы цудоўныя. Летам ягады, грыбы. Нарыхтоўвай што хочаш. Мы ніколі на зарплату не разьлічвалі.

І, вядома, на беларуска-расейскай мяжы абвастраецца пачуцьцё патрыятызму. Выяўляецца гэта, вядома, ня ў мове і ня ў веданьні гісторыі. А вось у чым.

— У нас заўжды гароды капаюцца, грады. А ў Расеі яны збольшага гультаі. Лавачка каля дома. Ні плота, нічога. Сядзяць семкі плююць. Хіба мы будзем семкі пляваць, калі ў мяне бурʼяном усё парасло?

Ці варта выхваляцца такімі беларускімі якасьцямі, як уменьне выжываць бяз грошай? Па-мойму, ня самая лепшая рыса для новага стагодзьдзя. І ці не таму ўцякае моладзь на той бок мяжы, што там хоць нешта, але плацяць?

Найстарэйшай жыхарцы Езярышча Натальлі Канарчуковай споўнілася 97 гадоў. І гэта не глыбокая старая, а вельмі энэргічная, зь ясным позіркам і зычным голасам кабета. З рэпрэсаванай сямʼі. Яе бацька, Арсень Грыгорʼеў, ня стаў чакаць арышту і высылкі ўсёй сямʼі.

— Усе малацілі цапамі, а ў нас ужо была малатарня. І за гэта б раскулачылі. Бацька ўцёк. Быў на Беламорканале. А інакш усе былі б у Сыбіры.

Я гутару з удзельнікам гістарычнага працэсу. Напрыканцы 30-х гадоў Натальля Арсенеўна працавала землямерам. У той час, калі Савецкая ўлада ліквідавала хутары.

— Я сама сьсяляла. Няма такой вёскі, здаецца, у раёне, дзе б я не пабывала.

— У якім годзе вы сьсялялі?

— У 38-м. Я тады скончыла пры Сельгасакадэміі гадавыя курсы. Расьсяленьне з хутароў, пляніроўка новых пасёлкаў. Мне сьпіс у рукі. «Плянуй вёску і сядзібы наразай».

— А як вы сьсялялі? Як вы людзям прыходзілі і гаварылі пра гэта?

— Вельмі... Вельмі непажадана. Нават стрэхі зрывалі. Ня хочаш ісьці? Да цябе прыйдуць і страху здымуць. І пойдзеш. Непажадана было. Людзі, вядома, плакалі. Але куды. Па раёну боўталася дзяўчонкай. А потым далі такі калгас «Чэкіст». Рабіць тэадалітную здымку!

Не ўяўляю, як можна было ў 38 годзе не ўступіць у калгас «Чэкіст». Ад гэтых слоў і сёньня дрыжыкі па скуры.

Натальля Арсенеўна была тройчы замужам. Першы муж загінуў на фронце. Ад яго было дзьве дачкі. Памерлі ў акупацыю. Прайшло больш за 70 гадоў, а старая Натальля дагэтуль плача па сваіх дзецях.

— Мае дзяўчаткі. Адна была 39-га, другая 42-га. Што яны бачылі? Я нават не хадзіла на могілкі. Людзі хавалі. А я жыву дзевяноста сем гадоў. Чаму я жыву? За адзін тыдзень пахавала дзяцей. Ад сьлёз ня бачыла сьвету. А праз год загінуў і муж. Мяне нічога ня радавала. І ні пра што не хацела думаць. Я і цяпер плачу. Не адпускае. Усё на сэрцы. Нядаўна сядзела вязала маленькія шкарпэткі малым. Дык як быццам сваім вяжу.

У кожнага старажыла свае жыцьцёвыя прынцыпы. І гэтым прынцыпам варта павучыцца.

— Каля мяне ўсе харошыя. Ніколі не было каля мяне кепскіх людзей. Ніколі!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG