4 траўня ў дачным пасёлку Ждановічы-6 другі раз — цяпер ужо пасьля капітальнага рамонту — адкрыўся музэй-дача Васіля Быкава.
Першае ўрачыстае адкрыцьцё музэя адбылося 19 чэрвеня 2014 году, у дзень 90-годзьдзя народнага пісьменьніка, з удзелам міністра культуры Барыса Сьвятлова, прадстаўнікоў афіцыйнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. Музэй папрацаваў адно лета і закрыўся на капітальны рамонт. Бо прыватнае лецішча — адно, а ўстанова культуры — зусім іншы аб’ект, які ня толькі павінен быць прыстасаваны для наведваньня і правядзеньня разнастайных культурных мерапрыемстваў — згодна з нарматыўнымі дакумэнтамі, яму належыць мець яшчэ шмат чаго, пра што гаспадар звычайнага лецішча і не здагадваецца.
Будынку патрабаваўся касмэтычны рамонт, рэстаўрацыйныя працы, зьнешні і ўнутраны водаправод, каналізацыя, неабходна было выканаць мантаж пажарных рэзэрвуараў, замяніць электраправодку, усталяваць прыборы ўліку электраэнэргіі, пажарную і ахоўную сыгналізацыю, правесьці добраўпарадкаваньне музэйнай тэрыторыі.
Вольга Гулева, загадчыца навукова-экспазыцыйнага аддзелу Дзяржаўнага музэю беларускай літаратуры, кажа, што асаблівых праблемаў з рамонтам не было. Дзяржава выдзеліла грошы. Магчыма, ня ўсё выглядае як мае быць — прыкладам, па вялікім рахунку, правады трэба было заводзіць пад вагонку, а не пускаць звонку. Але тады давялося б бурыць тое, што сваімі рукамі будаваў, прыбіваў сам Быкаў. Вады пакуль няма, давядзецца зьнесьці прыбіральню, трэба яшчэ добраўпарадкаваць участак. Але збольшага ўсё зроблена, і ад сёньня музэй-дача Быкава зноў прымае наведнікаў.
Вольга Гулева распавяла, што ідэя была такая — максымальна захаваць мэмарыяльнасьць, захаваць лецішча такім, якое яно было пры Быкаву:
«Можна па-рознаму глядзець на музэефікацыю. У Ірыны Міхайлаўны Быкавай, якая перадала лецішча ў дар пад музэй — свой погляд, у музэйшчыкаў — свой. Але магу з гонарам сказаць: прыяжджалі нашы калегі зь літаратурных музэяў Вільні і з Санкт-Пецярбургу. Супрацоўніца музэя Аляксандра Блока — жанчына ва ўзросьце, Быкаў — гэта яе пакаленьне. Ім усім вельмі спадабаўся музэй.
Мы стараліся захаваць тую атмасфэру, пакінулі ўсю мэблю, абстаноўку. Што тычыцца кніг, мы паказалі значна больш, чым іх было раней, бо хацелі паўней прадставіць Быкава як творцу і хацелі, каб экспазыцыя была разьлічана на розны ўзрост. Таму тут шмат кніг, якія выйшлі ўжо пасьля сьмерці Васіля Быкава, пераклады на іншыя мовы. Для нас было важна паказаць, што Быкаў як творца, як пісьменьнік — працягваецца. Зроблена невялікая дакумэнтальная частка, рукапісы з праўкамі аўтара, хоць было складана вызначыцца, якія кніжкі адабраць. Вырашылі ўзяць „Жураўліны крык“, „Мёртвым не баліць“ і „Знак бяды“. Гэта, зразумела, сымбалічна.
Важнае месца — кабінэт Васіля Ўладзімеравіча. Пад вакном ягонага кабінэта былі ружы, якія вырошчвала Ірына Міхайлаўна — яны, на вялікі жаль, не захаваліся, але нам хочацца іх аднавіць, каб было і на двары так, як узгадвае Быкаў».
Хоць вядома, што на лецішчы Васілю Ўладзімеравічу ня вельмі пісалася, усё адно самым лепшым месцам для творчасьці быў ягоны кабінэт у менскай кватэры на вуліцы Максіма Танка, былой Танкавай. Але, паводле ўспамінаў самога Быкава, менавіта на лецішчы ён пісаў публіцыстычныя артыкулы пасьля Чарнобылю ў 1986 годзе.
Гараж і мансарда былі прыбудаваныя да лецішча крыху пазьней. Мансарда — самае сонечнае, самае цёплае месца. Тут ён пісаў карціны, і ўсе фарбы, якія былі пры ім, захаваліся і дагэтуль ляжаць на стале. Нядаўна Ірына Міхайлаўна перадала музэю невялікую працу Быкава — выяву лецішча. Да таго ж ёсьць дзьве карціны, напісаныя алеем, рукой Быкава, іх раней перадаў у літаратурны музэй сам пісьменьнік, кажа Вольга Гулева:
«Некалі пашанцавала Дзяржаўнаму музэю гісторыі беларускай літаратуры — да 70-годзьдзя Быкава была падрыхтавана вялікая выстава, і значная частка архіву Быкава трапіла туды, Быкаў яе перадаў сам.
І нізкі паклон Ірыне Міхайлаўне, што лецішча было перададзена ў дар дзяржаве пад музэй, і ў нас была магчымасьць стварыць гэты музэй. Цяпер ёсьць куды прыехаць і пра што пагаварыць.
Нам вельмі хацелася паказаць малюнкі Васіля Быкава. У Ірыны Міхайлаўны вельмі шмат нататнікаў з малюнкамі Васіля Быкава, я нават не магу сказаць дакладна, колькі іх — дваццаць, трыццаць... Нехта пісаў дзёньнікі, а Васіль Уладзімеравіч маляваў. Прычым яны вельмі цікавыя — Быкаў умеў схапіць незвычайныя моманты, там столькі тонкага гумару! Але ў нас тут малюнкі толькі тыя, што тычацца дачы. Мы іх спэцыяльна адсканавалі, павялічылі. Тут і будоўля дачы, і як яны працавалі на дачы, прымалі гасьцей. Моладзь, магчыма, і ня ведае, але Быкаў маляваў усё жыцьцё. Спрабаваў атрымаць мастацкую адукацыю, але ня склалася. Але, як пішуць дасьледчыкі, такая прадметнасьць у малюнках — прадметнасьць у літаратуры...»
На першым паверсе, у гасьцявым пакоі — павялічаны малюнак Быкава, як у 1985 годзе сустракалі тут Новы год: Алесь Адамовіч з жонкай і Васіль Быкаў з жонкай. Ёсьць шмат фатаздымкаў гасьцей — хто прыяжджаў на дачу. Госьці прыяжджалі часта, іх было шмат — невыпадкова тут тры вялікія сталы ў гасьцёўні.
Частка экспазыцыі — нават у гаражы. Вольга Гулева працягвае экскурсію па музэі:
«Тут мы паспрабавалі распавесьці пра Быкава як пра аўтамабіліста, таму што ён любіў машыны. Кажуць, што ягоная „Волга“ захоўваецца недзе ў сына. А ў гаражы дагэтуль захоўваецца вялікая колькасьць літаратуры, якая тычыцца аўтамабіляў. Як узгадваў Віктар Казько, як ніхто іншы зь пісьменьнікаў Быкаў разьбіраўся ў аўтамабілях, сам мог нешта паправіць.
Быкаў любіў вандраваць. Ёсьць шмат ягоных малюначкаў — шляхі-дарогі Васіля Быкава. А ў гаражы мы вырашылі зьмясьціць такую ўмоўную мапу, якую нам адмыслова вырабіла „Белкартаграфія“, дзе мы пазначылі ўсе пункты, якія ён узгадвае ў сваіх успамінах, у кнізе „Доўгая дарога дадому“. Ён любіў дарогі, і ягоная апошняя кніга ўспамінаў менавіта так і называецца. Дарог у яго жыцьці было шмат, але самай любімай дарогай была дарога дадому, у родныя Бычкі, дзе таксама існуе музэй Васіля Быкава.
Так што тут, у музэі, ёсьць магчымасьць пагаварыць пра Васіля Быкава як пісьменьніка, пра Васіля Быкава як мастака, пра Васіля Быкава як аўтамабіліста, пра Васіля Быкава як сябра.
А сама дача, мэбля, вагонка, кухня, мансарда — той час. Калі ўзяць тую ж кухню, на кафлі, на сьцяне малюнкі Васіля Быкава — садавіна, гародніна, яркая, прыгожая. Мы пакінулі на сьцяне і расклад аўтобусаў, і каляндар 1992 году — як было пры Быкаву.
Мы хацелі паказаць жыцьцё чалавека. Быкаў — наш гонар, гонар нацыі, наша сумленьне, мы ўзносім яго на вяршыню. Але ж ён жывы чалавек. Чым ён жыў? Была жонка, дзеці, сябры. Заўсёды ж цікава, як гэта суадносіцца. Мы спэцыяльна зрабілі фотаальбом, куды зьмясьцілі здымкі, якія тычацца дачы, і фатаздымкі Быкава зь сябрамі. Дача сапраўды дае магчымасьць раскрыць розныя старонкі жыцьця. Я думаю, тут будзе цікава і з экскурсаводам, але для тых, хто чытаў Быкава, будзе цікава пабыць зь ім „тэт-а-тэт“, проста пахадзіць, паглядзець, суаднесьці свой час з тымі гадамі, калі жыў Васіль Уладзімеравіч».
Пакуль у музэі-дачы Васіля Быкава будзе працаваць адзін навуковы супрацоўнік і адзін наглядчык. Мяркуецца, што сюды будуць прывозіць на экскурсіі школьнікаў. Але ёсьць праблемы са стаянкай — прыкладам, аўтобус паставіць няма куды. Не зусім зручна дабірацца да музэя — ад прыпынка аўтобуса ісьці пешшу хвілін 15, указальнікаў пакуль няма. Але музэйшчыкі маюць аптымізм:
«Хацелася б бачыць тут моладзь. Хацелася б, каб гэтае месца стала цэнтрам, дзе можна было б праводзіць «Быкаўскія дні», «Быкаўскія чытаньні», бо чэрвень — месяц памяці Быкава: ён нарадзіўся 19-га, памёр 22-га. Я аптымістка. Дарэчы, апошні твор Васіля Быкава, «Доўгая дарога дадому», завяршаецца такімі словамі:
«Напэўна, мае развагі пэсымістычныя, хаця душа прагне аптымізму. Як калісьці пісала вялікая Леся Ўкраінка: «Без надзеі ўсё ж спадзяюся...»
Глядзіце поўны фотарэпартаж вялікім памерам з Музэю-лецішча Быкава