Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасталелі, зьмяніліся, і музыка стала крыху іншай». Этна-гурт Osimira вернецца на сцэну пасьля 5 год перапынку


Андрусь Палаўчэня, лідэр Osimira
Андрусь Палаўчэня, лідэр Osimira

Беларускі гурт Osimira 18 сакавіка дасьць канцэрт у Магілёве. Будзе новае гучаньне старых песень, восем-дзевяць новых, пазьней — новы альбом і канцэрты ўвосень, кажа Свабодзе лідэр гурту Osimira Андрусь Палаўчэня.

Заснаваны ў 2002 годзе ў Магілёве, гурт Osimira запісаў два студыйныя альбомы этнічнай музыкі (world music — жанр, у якім спалучаецца этна-музыка з усяго сьвету і зь Беларусі), выступаў на шэрагу буйных фэстываляў Беларусі і Эўропы, ад беларускіх «Славянскага базару» і «Камяніцы» да расейскага «Воздух», літоўскага be2gether і ўкраінскага «Джаз Кактэбэль», меў «Рок-карону» ў намінацыі «Традыцыі і сучаснасьць», але прыпыніў дзейнасьць у 2013 годзе.

Летам 2017 году гурт вырашыў сабрацца, каб рабіць новую музыку. Але ня ўсе мелі на тое сілы і жаданьне — са старога складу засталіся лідэр гурту, мультыінструмэнталіст Андрусь Палаўчэня, бубнач Алёкса Палаўчэня і бас-гітарыст Ільля Далжанкоў. Да таго ж у гурце зьявілася цымбалістка і ўдарны язычковы інструмэнт раў васт.

«Мы рабілі паўзу, бо мы вычарпалі тое, што рабілі раней: было лягічна гэта завяршыць, бо матэрыялу не было, — кажа Андрусь Палаўчэня. — Так атрымалася, што мы стаміліся ад усіх пераездаў. А цяпер вырашылі зрабіць гэта, бо нам проста хочацца граць. Мы не пераставалі граць, кожны з нас займаўся сваімі праектамі і сваёй музыкай, і ў мяне былі свае праекты ў Пецярбургу».

Палаўчэня кажа, што новае гучаньне гурту выйшла цікавым, але слухачам ён раіць нічога не чакаць, у тым ліку тым, хто хоча пачуць старое гучаньне Osimira. Ён кажа: гурт грае «тое, што падабаецца», і гэта будзе нечакана, хоць канва музыкі засталася старой, бо музыкі «пасталелі, зьмяніліся, і музыка стала крыху іншай». Гучаньне застаецца ў межах жанру world music, з элемэнтамі джазу і поп-музыкі, тэкстамі на беларускай, украінскай і польскай мовах. Шмат матэрыялу зьвязана з каляднымі традыцыямі.

Раней гурт актыўна выступаў за мяжой — у Славаччыне, Польшчы, Чэхіі, Вугоршчыне, Украіне і Расеі. Цяпер таксама ня будзе сябе абмяжоўваць у геаграфічным сэнсе. Але пакуль, кажа Палаўчэня, стаіць перадусім проста задача сабрацца і выступіць у Магілёве. Рэпэтаваць часта пакуль не выходзіць, бо музыкі жывуць у розных краінах. Гурт хоча «аднавіцца», запісаць альбом новага матэрыялу да канца лістапада, а пасьля ўжо плянаваць канцэрты — верагодна, у тым ліку ўвосень у Беларусі.

«Мы цяпер ужо нікуды не сьпяшаемся, бо паўсюль спазьніліся, таму можам атрымліваць асалоду ад таго, што робім, ад творчасьці і свабоды», — дадае Палаўчэня.

За час, што не было Osimira, Палаўчэня граў у праектах Hvarna і Pragnavit, таксама «падыгрываў» зь піцерскімі няфолькавымі праектамі. Ён кажа, што музыка ніколі не была ягонай асноўнай дзейнасьцю: перадусім сям’я, а таксама выкладаньне ва ўласнай школе самаразьвіцьця, дзе вучаць аднаўляць здароўе, у тым ліку праз даоскія практыкі.

За беларускай музыкай ён не сачыў пільна, хіба за гуртамі Akute і Re1ikt, праектамі Сяргея Міхалка. На этнасцэне «адкрыцьцяў і ўражаньняў» для яго было няшмат. Гурт Šuma, што набыў папулярнасьць з этна-электроннай музыкай якраз пасьля прыпыненьня дзейнасьці Osimira, ён не бярэцца ацэньваць, бо яшчэ ня быў на іхных выступах, а «такія рэчы, як яны робяць, трэба слухаць жыўцом». Таксама слухаць жыўцом ён раіць «абноўлены» гурт Osimira.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG