Згортваньне працы НІСЭПД у Беларусі — гэта вялікі ўдар па магчымасьцях атрымліваць неангажаваную інфармацыю пра стан беларускага грамадзтва.
Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе заявіў палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі.
Учора заснавальнік Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) Алег Манаеў заявіў, што НІСЭПД згортвае сваю працу ў Беларусі з-за ціску ўладаў. Прыпыненьне апытальнай дзейнасьці ў Беларусі, паводле словаў Алега Манаева, можа працягнуцца досыць доўга, бо ні зьмены палітычнага курсу, ні зьмены ўлады ў Беларусі бліжэйшым часам не прадбачыцца.
Палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі ў інтэрвію Свабодзе выказаў меркаваньне, што згортваньне працы НІСЭПД у Беларусі — гэта мінус і для ўладаў, і для апазыцыі.
«Гэта будзе мінус для ўладаў, таму што нават Лукашэнка (гэта адчувалася па некаторых ягоных выказваньнях) за гэтымі лічбамі сочыць, бо ў душы ён не да канца давярае і сваім спэцслужбам, і прыдворным сацыёлягам. Бо спэцслужбы заўжды запалохваюць, малююць кансьпіралягічныя сцэнары, праўладныя сацыёлягі падганяюць лічбы пад тое, каб спадабацца высокаму начальству. А НІСЭПД даваў усё ж такі нейкую зваротную сувязь беларускаму найвышэйшаму кіраўніцтву. Цяпер, калі фактычна зьнікае канал зваротнай сувязі, гэта мінус для ўладаў.
Але гэта мінус і для апазыцыі, для прыхільнікаў апазыцыі, таму што і сёньня значная частка апазыцыйных дзеячаў жыве ў паралельнай рэальнасьці. Усё ж такі лічбы НІСЭПД іх трохі стрымлівалі. А цяпер пэўная частка апазыцыйных лідэраў яшчэ больш самаўпэўнена будзе накідаць свае міталягемы, якія ня маюць нічога супольнага з рэальнасьцю», — кажа аналітык.
Класкоўскі дадае, што зусім без сацыялягічных дасьледаваньняў Беларусь не застанецца.
«Нейкія лічбы мы будзем мець. Але натуральна, што гэта вялікі ўдар па магчымасьцях атрымліваць неангажаваную інфармацыю пра стан беларускага грамадзтва. Менавіта таму камяні ў гэтую інстытуцыю ляцелі з розных бакоў (і з боку ўлады, і з боку пэўных дзеячаў апазыцыі), што яны стараліся быць над палітычнай бойкай і працаваць паводле навуковых мэтодык.
Я не выступаю адвакатам НІСЭПД і думаю, што ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму, ва ўмовах фактычна перасьледу, цяжка было рабіць стэрыльныя дасьледаваньні. Але, зь іншага боку, я ведаю некаторых людзей зь НІСЭПД — гэта сумленныя навукоўцы, не махляры, яны стараліся ўсё ж даваць адэкватную карціну», — кажа ён.
Менавіта з-за аўтарытэтнасьці дасьледаваньняў НІСЭПД, лічыць Класкоўскі, улады вырашылі нанесьці ўдар па сацыёлягах.
«Тое, што Захад прымаў пад увагу вынікі іх дасьледаваньняў, а тыя часта вельмі кантраставалі з афіцыйнымі вынікамі кампаніяў, — гэта і змусіла ўлады нанесьці зараз удар. Здавалася б, якая тут лёгіка? Ідзе працэс замірэньня з Захадам, зьмяншаецца градус рэпрэсіяў, а тут такі брутальны наезд на НІСЭПД.
Я думаю, улады проста зацікаўленыя, каб не было заходнікам з чым параўноўваць вынікі цяперашняй парлямэнцкай кампаніі і каб можна было пераканаць заходніх палітыкаў, што ўсё добра, ёсьць прагрэс.
Улады, верагодна, разьлічылі: ну, пакрывяцца заходнікі, але з-за гэтага яны ня стануць псаваць трэнд на нармалізацыю дачыненьняў. А разам з тым — разьбітае люстэрка, няма з чым параўноўваць, лягчэй уцюхваць афіцыйную туфту наконт вынікаў выбараў», — кажа аналітык.