Сваю пазыцыю ў інтэрвію «Беларускім навінам» патлумачыў заснавальнік НІСЭПД, прафэсар Алег Манаеў:
«Ранейшыя атакі ўладаў закраналі тых, хто працаваў у інстытуце (а ў ім ніколі не працавала больш за дзесяць чалавек). Але гэтым разам яны пайшлі ўглыб — закранулі тых, хто працаваў на інстытут, а гэта больш за 100 чалавек. Таму ў агляднай будучыні НІСЭПД ня зможа праводзіць апытаньні грамадзкай думкі, бо апытальную сетку ўлады разбурылі, — кажа спадар Манаеў. — Дый самі людзі ў цяперашніх умовах наўрад ці рызыкнуць працягваць удзел у правядзеньні апытаньняў НІСЭПД, дэманстраваць сваю сувязь з інстытутам. Ніхто ня хоча вылецець з працы, вучобы ці, тым больш, сесьці ў турму».
Прыпыненьне апытальнай дзейнасьці ў Беларусі, па словах Алега Манаева, можа працягнуцца досыць доўга, бо ні зьмены палітычнага курсу, ні зьмены ўлады ў Беларусі бліжэйшым часам не прадбачыцца:
«А ў цяперашніх умовах узнавіць сетку падрыхтаваных інтэрвіюераў для правядзеньня незалежных ад уладаў апытаньняў, як гэта было магчыма на пачатку 1990-х, немагчыма. Але мы знойдзем іншыя формы, каб працягваць сваю дзейнасьць і выконваць сваю місію», — падкрэсьліў заснавальнік НІСЭПД.
Такімі формамі, па словах Манаева, найперш можа стаць падрыхтоўка аналітычных тэкстаў і іх распаўсюд праз СМІ альбо шляхам рассылкі наўпрост адрасатам, а таксама арганізацыя канфэрэнцыяў, сэмінараў, сустрэчаў і дыскусіяў па праблемах грамадзкага разьвіцьця Беларусі за межамі краіны.
31 ліпеня ў перадачы «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1» паказалі журналісцкае расьсьледаваньне «Прымат НІСЭПД». У рэпартажы сьцьвярджаецца, што сацыялягічныя дасьледаваньні, вынікі якіх пэрыядычна публікуе Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) — гэта фэйк, а грошы, якія выдзяляюцца інстытуту замежнымі партнэрамі, забіраюць сабе яго кіраўнікі.
«Наезды» на НІСЭПД з боку дзяржаўных СМІ — ня першая спроба дыскрэдытацыі аўтарытэтнай дасьледчай структуры. Аднак гэтым разам кіраўніцтва інстытуту заявіла аб спыненьні сацыялягічных апытаньняў у Беларусі.
У рэпартажы на «Беларусь 1» журналісты заявілі, што яны прыйшлі да такой высновы на падставе дакумэнта з унутранай справаздачай НІСЭПД, які трапіў да іх, а таксама на падставе інтэрвію зь людзьмі, якія, паводле дакумэнтаў інстытуту, бралі ўдзел у сацапытаньнях. На камэру гэтыя людзі нібыта адмаўляюць сваю датычнасьць да дасьледаваньня.