Матывацыя ўдзельнікаў Слуцкага паўстаньня мела як сацыяльна-эканамічны, так і ідэалягічны складнік.
Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказала гісторык, аўтар кнігі «Беларусь мяцежная: з гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву ў 20-я гг. ХХ стагодзьдзя» Ніна Стужынская.
Раней філёзаф Валянцін Акудовіч у інтэрвію Свабодзе выказаў меркаваньне, што Слуцкае паўстаньне па сутнасьці сваёй было хутчэй бунтам.
«Хоць гэта і паўстаньне, але ў яго аснове палягала тое, што хутчэй выклікае бунт — незадаволенасьць жыцьцём у сацыяльным і эканамічным пляне, а ня нейкія ідэалягічныя мэты. У рэвалюцыі ўсё ж, найперш, ляжыць у аснове пэўная ідэалягема», — заявіў ён.
Паводле слоў Стужынскай, ход думак Акудовіча зразумелы, але зь ягонымі высновамі можна пагадзіцца толькі часткова. Насамрэч у паўстанцаў хапала самых розных матывацыяў.
«Я старалася вывучыць гэтую гісторыю з пункту гледжаньня простага ўдзельніка, які апынуўся на той тэрыторыі. Мяне цікавіла перш за ўсё матывацыя ўдзелу людзей у гэтай палітычнай акцыі.
Так, сацыяльна-эканамічны складнік там прысутнічае. Можна ўзгадаць зьезд случакоў, як яго апісваў Уладзімер Пракулевіч: сабраліся сяляне і гаманілі паміж сабой, што калі ўжо плаціць падаткі, то сваёй дзяржаве, калі ўжо трымаць армію, то сваю армію. Таму што селянін быў навучаны горкім досьведам акупацыі: адны прыйшлі — рабавалі, другія прыйшлі — рабавалі. Выснова аб пабудове свайго ўласнага дому, пад дахам якога яны атрымаюць дастаткова бясьпечнае існаваньне, выснова, што трэба мець сваю дзяржаву і армію, — гэта якраз вынікала з сацыяльна-эканамічнага стану.
Але быў і другі складнік. Носьбітамі другога складніку былі партыі, нацыянальна арыентаваная моладзь. Там была свая падрыхтаваная глеба. Таму тут я назіраю спалучэньне гэтых двух складнікаў», — падкрэсьлівае гісторык.