«У Беларусі бліжэйшыя дваццаць-трыццаць гадоў рэвалюцыяў ня будзе. Бунт магчымы. Яго выкарыстае буйны бізнэс, якому прагнецца свабоды і надакучыла падпарадкоўвацца Лукашэнку. Сам Лукашэнка хоча застацца ў гісторыі Беларусі як значная асоба, а не растварыцца ў «Русским мире». Пра ўсё гэта заявіў Свабодзе філёзаф Валянцін Акудовіч.
Днямі кіраўнік аддзяленьня філязофіі і літаратуры Беларускага калегіюму быў у Магілёве і ў межах цыклу лекцыяў Лятучага ўнівэрсытэту гаварыў пра спадчыну Ігната Абдзіраловіча ды ягоныя ідэі, прамоўленыя ў эсэ «Адвечным шляхам».
— У сьвятле праблемаў у дробных бізнэсоўцаў актывізавалася дыскусія, ці магчымая ў Беларусі рэвалюцыя, масавы выхад людзей на плошчы з пратэстамі. Пра бунт ня згадваюць, але разам з тым, што зь пералічанага можа адбыцца?
— Найперш я б падзяліў бы вашае пытаньне на два. Рассунуў бы як дэфініцыі і практыку «рэвалюцыю» і «бунт».
Я ўпэўнены, што рэвалюцыі ў нас ня будзе ў бліжэйшыя гадоў дваццаць-трыццаць. Найперш у нас няма, як паказвае прамінулая чвэрць стагодзьдзя, такой партыі, такой сілы, якая б магла зарганізаваць рэвалюцыю і ўзначаліць яе.
Мяркуючы па тым, як я бачу і разумею беларусаў, дык яны абсалютна ня схільныя да рэвалюцыйнай дзейнасьці. А вось бунт цалкам магчымы. Мы ж памятаем Слуцкае паўстаньне. Хоць гэта і паўстаньне, але ў яго аснове палягала тое, што хутчэй выклікае бунт — незадаволенасьць жыцьцём у сацыяльным і эканамічным пляне, а не нейкія ідэалягічныя мэты. У рэвалюцыі ўсё ж, найперш, ляжыць у аснове пэўная ідэалягема.
Калі тая тэндэнцыя, у якую мы патрапілі, у зьвязку з турбулентнасьцю Расеі, якую і надалей будзе кідаць, калашмаціць ды ламаць, і гэты вір ускосна ці наўпрост прыхопіць і нас, то я б бунт тэарэтычна не выключаў бы.
Пакуль прыхопленыя гэтым вірам толькі дробныя гандляры і, у такой сытуацыі нават бунту ня будзе. Яны ня той сацыяльны пласт, які беларусы падтрымаюць, да жалю. У нас у цэлым грамадзтва да гандляроў ставіцца, як ставіліся ў Савецкім саюзе. Яны былі тады «спэкулянтамі». Гэта самае горшае, што было ў тым грамадзтве і што падпадала, калі не зьнішчэньню дык жорсткім рэпрэсіям. Таму насельніцтва гандляроў не падтрымае і цяпер. Некаторыя будуць спачуваць, палітычныя сілы будуць імкнуцца падтрымаць і пэўныя дывідэнды з гэтага мець. Калі ў нас пачнецца бунт, то не гандляры будуць ягонай базай.
— А хто?
— Хутчэй за ўсё гэта будуць працоўныя. У нас ёсьць прыклад. У 1991 годзе працоўныя выйшлі на плошчу. Сто тысяч было. Гэта тады ўражвала. Памятаю, што шмат чаго тады падаражэла.
Буйныя бізнэсоўцы гатовыя да больш маштабных праектаў, якія б адпавядалі ўласна іхным інтарэсам, а не інтарэсам спадара Лукашэнкі
— Вы хочаце сказаць, што на плошчу вывела працоўных «каўбаса?»
— Так, вядома. У мяне ёсьць эсэ даўняе, але, здаецца, добрае. Я ў ім пісаў, што ім («працоўным» — РС) навязалі бел-чырвона-белыя сьцягі і незалежніцкую рыторыку. Абсалютна незразумела было, чаму беларускі працоўны прачнуўшыся зранку, захацеў ня піва, груба кажучы, а свабоды і незалежнасьці. Я не прыніжаю працоўных. Я сам адпрацаваў шмат год на Менскім маторным заводзе, і мае сябры ішлі ў гэтым маршы калёнамі на плошчу. Таму я ведаю, з чаго ўсё гэта паходзіла і паўставала.
Цяпер я і думкі не дапускаю, што працоўныя выйдуць за «Русский мир», ці пад ідэалёгіяй «Русского мира», але яны выйдуць, груба кажучы, «За каўбасу!»
— А які гэты будзе бунт — зьнішчальны, абачлівы, зыходзячы з характару беларуса?
— Гэта ня будзе расейскі бязьлітасны бунт. Гэта ня будзе рэвалюцыя, ды й бунтам таксама назваць будзе гэта цяжка. Гэта будзе нешта сярэдняе, як мне падаецца. Такі страйк і выхад на плошчу, калі ня будзе наагул ужо даведзена да крытычнага стану наша грамада. Усё будзе выглядаць цывілізавана. Таму яго будзе і цяжка назваць бунтам і ўсё-такі гэта будзе бунт, бо яго ўдзельнікі ня будуць шукаць праўды празь нейкія легітымныя спосабы.
— Гэтая людзкая маса, якая выйдзе пратэставаць, ці народзіць людзей, якія пазьней заявяць пра свае палітычныя амбіцыі?
— У мяне вялікія сумневы на гэты конт. Былі ў нас працоўныя лідэры і досыць яркія. Разам з тым гэты бунт ня скончыцца захопам улады. Зь яго могуць скарыстацца прадстаўнікі тых колаў, за якімі будуць стаяць вялікія грошы, сіла, і якія разумеюць, што перамены неабходныя. Тыя, хто зможа спачатку задобрыць гэтыя бунтоўныя масы, а потым прадэманстраваць, што яны здольныя зрабіць іхняе жыцьцё зноў добрым рознымі «фокусамі» — ад рыторыкі, да нейкіх практычных спраў, у якія будуць укладзеныя грошы. Хутчэй за ўсё гэта будуць маладыя людзі з досьведам працы ў кіроўных структурах і іх будзе падтрымліваць бізнэс.
Прэфэрэнцыі быць кашалькамі Лукашэнкі, вядома ж, цудоўныя, але нашы буйныя бізнэсоўцы хацелі б свабоды і незалежнасьці. Яны гатовыя да больш маштабных праектаў, якія б адпавядалі ўласна іхным інтарэсам, а не інтарэсам спадара Лукашэнкі.
Расея не паратунак. Радасьці боўтацца разам зь ёю няма
— На колькі важныя для гэтых людзей сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі? Ці захочуць яны зьмяніць сытуацыю кардынальна, у якой ня будзе месца незалежнай Беларусі?
— Для іх гэта («сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі», — РС) будзе вельмі важна. Хто ня прыйдзе цяпер, для яго гэта будзе дужа істотна.
Зразумела, як толькі ў іх убачаць сілу, дык зьвернуць увагу найперш у Расеі. І, відаць, будзе досыць сур’ёзная падтрымка. Разам з тым Расея ужо ня тая. Падтрымка ад Расеі — гэта падтрымка ад таго, хто тоне. Але ж гэта не паратунак. Разам боўтацца радасьці няма.
Тыя людзі, якія прыйдуць, мусяць зразумець: калі хочаш мець добрую ўстаноўку на жыцьцё, а ня проста грошы прыхапіць, то вядома ж, ім трэба хаўрусавацца з іншымі. З усім нармальным, цывілізаваным сьветам і там падтрымку шукаць. Але той сьвет ня надта будзе бунт падтрымліваць.
Лукашэнка захоча застацца ў гісторыі значнай асобай
Я ўсё ж схіляюся, што рэвалюцыі і бунта ня будзе, нават, калі ўсё будзе кепска складвацца. Зьмена ўлады будзе спачатку адбывацца ўнутры самой дзейнай улады. Яна будзе мяняць нешта ў сабе самой — у сваіх падыходах, у сваім разуменьні, як жыць далей, Ня тое, каб асабліва пра нас думаючы, але пра сябе пэўна. Той спосаб і варыянты функцыянаваньня дзейнай улады пераважна вычарпалі сябе, і гэта там, ва ўладзе, цудоўна разумеюць.
Другі спосаб — гэта зьмена кіроўнай эліты і найперш нашага галоўнага героя праз зьбег абставінаў. Жыцьцё ідзе, усё рухаецца, хаця, здаецца, што ўсё на месцы застыла. У 1985 годзе («У Савецкім саюзе пачалася перабудова», — РС) таксама здавалася, што ўсё застыла, а што потым адбылося, усе ведаюць «Распад СССР, — РС».
Яшчэ адзін спосаб — пераемны спосаб зьмены ўлады. Які ён будзе? Самы найгоршы — гэта «Даколі? Да Колі!» Ведаеце, цяпер сьмешна, але хлопец падрастае. Яшчэ год пяць-сем і, зьмяніўшы Канстытуцыю, можна будзе рыхтаваць зьмену. Але гэта зьдзек, вядома ж.
Калі лідэр наш будзе адчуваць слабасьць, то ён сам перафарматуе кіроўную эліту, з улікам таго, што будзе юрыдычна аформленая ягоная недатыкальнасьць і гарантыі бясьпекі яму і ягонай сям’і. Як гэта было, дарэчы, зроблена ў Расеі адносна Ельцына.
Гэтая эліта будзе сфармаваная зь людзей больш пэрспэктыўных, чым тая, якая Лукашэнкам створаная цяпер, — з ужо добра пажыўшых людзей.
Яму («Лукашэнку», — РС) будзе дужа важна, каб Беларусь квітнела. Любы ўладар такога тыпу хоча застацца ў гісторыі значнай фігурай. Калі ня будзе Беларусі, калі яна растворыцца ў «Русским мире», то ён зьнікне там — проста як адзін з фрагмэнтаў у гісторыі расейскай правінцыі, якіх шмат. Я думаю, што ў яго няма жаданьня мець такую долю.