Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Упершыню за 10 год». Незалежным прафсаюзам 1 траўня дазволілі мітынгаваць у Менску


Мітынг незалежных прафсаюзаў, архіўнае фота
Мітынг незалежных прафсаюзаў, архіўнае фота

Менгарвыканкам задаволіў заяўку Рады Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў аб правядзеньні мітынгу 1 траўня ў Кіеўскім сквэры з 14 да 16 гадзіны. Праўладная Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі яшчэ канчаткова ня вызначыла, дзе і як адзначыць Сьвята працы.

«Апошні раз мы ладзілі маёўку болей за 10 гадоў таму»

Незалежныя прафсаюзы ў сваёй заяўцы прапанавалі тры магчымыя месцы правядзеньня акцыі ў Менску — пляцоўку каля Тэатру опэры і балету, парк Янкі Купалы і Кіеўскі сквэр. У выніку дазвол атрымалі на тое, каб правесьці акцыю ў Кіеўскім сквэры.

Лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук сказаў Свабодзе, што прафсаюзныя актывісты ўжо болей за 10 гадоў не атрымлівалі дазволу ўладаў на свае маёўкі.

Ён удакладніў, што летась БКДП замаўляў шэсьце ад кінатэатру «Кастрычнік» да плошчы Бангалор і на ёй мітынг. Тады ўлады забаранілі шэсьце, але дазволілі толькі мітынг. І прафсаюзы разам з апазыцыйнымі палітычнымі партыямі, якія далучыліся да ініцыятывы, супольна вырашылі «не ісьці на такую зьдзелку з уладамі».

Аляксандар Ярашук, архіўнае фота
Аляксандар Ярашук, архіўнае фота

Сёньня, паводле Ярашука, сытуацыя некалькі іншая. Ад самага пачатку замоўцамі мітынгу выступалі чатыры незалежныя прафсаюзы, што ўваходзяць у БКДП.

Кіраўнік БКДП кажа, што парфсаюзныя актывісты ня лічаць 1 траўня сьвятам працы.

«Гэта той дзень, калі рабочыя ў розных краінах патрабуюць ад сваіх урадаў годных умоў працы, годных заробкаў, спыненьня перасьледу прафсаюзных актывістаў. І мы таксама будзем гэтым займацца», — сказаў ён.

Незалежныя прафсаюзы будуць высоўваць патрабаваньні аб зьмене эканамічнага курсу, сацыяльнай паліыткі беларускай дзяржавы. Будуць таксама патрабаваньні падвышэньняў заробкаў і пэнсіяў і адмены сумнавядомых дэкрэтаў Аляксандра Лукашэнкі.

А што праўладныя прафсаюзы?

Што да афіцыйных мерапрыемстваў, то ў другой палове дня 26 красавіка дакладнай інфармацыі ў Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі ня мелі.

«Будзе маёўка і ўскладаньне кветак», — сказала супрацоўніца прэс-службы ФПБ. На ўдакладняльнае пытаньне, дзе канкрэтна і ў які час будзе маёўка, хто будзе ўдзельнічаць, адказу не было: «Сачыце за паведамленьнямі на нашым сайце».

БНК заклікае прыходзіць на афіцыйныя мерапрыемствы з сваімі плякатамі і сьцягамі

Рада Беларускага нацыянальнага кангрэсу заклікала людзей прыходзіць на дазволеныя мерапрыемствы з сваімі плякатамі і сьцягамі.

«Каб у Дзень Працы заявіць уладзе пра наша права на годнае жыццё — на нармальную працу з нармальным заробкам, на дастатковую пенсію, на чыстую ваду і паветра. Вернем Першамаю яго сапраўдны сэнс», — піша БНК.

У Раду БНК ўваходзяць Вацлаў Арэшка, Уладзімер Някляеў, Андрэй Саньнікаў, Вячаслаў Сіўчык, Мікалай Статкевіч, Станіслаў Шушкевіч, Генадзь Фядыніч і 14 кіраўнікоў рэгіянальных кааліцый дэмакратычных сілаў.

Міжнародныя прафсаюзы далі беларускаму ўраду час да чэрвеня 2018 году

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG