Да такой высновы прыйшоў Дзярждэпартамэнт ЗША ў сваім штогадовым дакладзе аб стане правоў чалавека ў сьвеце. Даклад прадставіў выканаўца абавязкаў дзяржсакратара ЗША Джон Саліван.
Найбольш значнымі праблемамі правоў чалавека ў Беларусі ў дакумэнце названыя катаваньні, цяжкія ўмовы ўтрыманьня ў турмах; адвольны арышт і ўтрыманьне пад вартай; няздольнасьць забясьпечыць справядлівыя судовыя працэсы з-за умяшальніцтва выканаўчай улады ў судовыя органы, а некаторыя судовыя працэсы закрыты для грамадзкасьці; умяшальніцтва ў прыватнае жыцьцё; сур’ёзнае ўмяшальніцтва ў свабоду выказваньня меркаваньняў і прэсу; гвалт у дачыненьні да журналістаў і іх затрыманьне.
Дзярждэп ЗША таксама зьвяртае ўвагу на жорсткія абмежаваньні свабоды сходаў і асацыяцый, выпадкі крымінальнага пакараньня за заклік да мірных дэманстрацый і законаў^; абмежаваньні свабоды перасоўваньня, у прыватнасьці былых палітычных зьняволеных, а таксама ціск на незалежныя прафсаюзы, паведамляе БелаПАН.
На думку Дзярждэпу ЗША, грамадзянскія правы ў Беларусі па-ранейшаму ў значнай ступені абмяжоўваліся.
Грамадзянскія ўлады, у прыватнасьці Аляксандар Лукашэнка, утрымлівалі эфэктыўны кантроль над сіламі бясьпекі.
«Улады на ўсіх узроўнях дзейнічалі беспакарана і не рабілі крокаў па перасьледу або пакараньню службовых асоб ўрада ці сілаў бясьпекі, якія зьдзяйсьнялі парушэньні правоў чалавека», — падкрэсьліваецца ў дакладзе Дзярждэпартамэнту ЗША.
Расейскай Фэдэрацыі ў дакладзе прысьвечана 64 старонкі. Прадстаўляючы справаздачу Дзярждэпа, выканаўца абавязкаў дзяржсакратара Джон Саліван падкрэсьліў, што адным з галоўных фактараў, якія ўплываюць на сытуацыю з выкананьнем правоў чалавека, зьяўляецца «акупацыя і анэксія Крымскай паўвыспы», а таксама канфлікт на ўсходзе Украіны, дзе Расея «працягвае узбройваць, кіраваць і трэніраваць» падразьдзяленьні сэпаратыстаў.