Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг выступіў са зваротам да абранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, у якім папярэджвае яго пра небясьпеку выхаду ЗША з альянсу, яго паслабленьня або развалу. У той жа час, ён прызнаў правамернасьць прэтэнзіяў Трампа да таго, што значная частка краін NATO недаплачвае за ўдзел у альянсе. Зварот апублікавала брытанская The Guardian.
«Мы стаім перад найбуйнейшымі выклікамі для нашай бясьпекі. Зараз ня той час, каб ставіць пад сумнеў каштоўнасьць партнэрства паміж Эўропай і Злучанымі Штатамі».
У апошнія гады Эўропа і ЗША праводзяць самае маштабнае з часоў халоднае вайны ўзмацненьне калектыўнай абароны, выкліканае агрэсіўнай палітыкай Расеі і нестабільнасьцю на Блізкім Усходзе, нагадвае Столтэнбэрг. І ЗША пацьвердзілі сваю прыхільнасьць да абароны эўрапейскай бясьпекі, разьмясьціўшы новую ўзброеную брыгаду на ўсходзе.
Пры гэтым генэральны сакратар альянсу прызнаў, што трываласьць партнэрства залежыць ад справядлівасьці разьмеркаваньня адказнасьці паміж сябрамі NATO:
«Сёньня на долю ЗША прыпадае амаль 70% выдаткаў альянсу на абарону, і іхныя заклікі да больш справядлівага разьмеркаваньня нагрузкі абгрунтаваныя».
Краіны Паўночнаатлянтычнага альянсу павінны вылучаць у агульны фонд ня менш за 2% ад свайго ВУП. ЗША вылучаюць 3,6%, Вялікая Брытанія — 2,1%. Аднак астатнія краіны не выконваюць прадпісаньні, да прыкладу, доля ФРГ складае 1,2% ад ВУП.
Трамп у час перадвыбарчай кампаніі заяўляў, што хаўрусьнікі па NATO «абдзіраюць ЗША», недаплачваючы за бясьпеку: «Ім варта або заплаціць, у тым ліку і за мінулыя недаплаты, або прыбірацца... І калі NATO праз гэта разваліцца, значыць разваліцца». Сам альянс у цяперашнім выглядзе Трамп называў «састарэлай» і «марнай» арганізацыяй.