Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ня можам забараніць Беларусі будаваць АЭС», — кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту


Беларуская АЭС, ілюстрацыйнае фота
Беларуская АЭС, ілюстрацыйнае фота

Для Эўразьвязу ў пытаньні будаўніцтва беларускай АЭС самае важнае — аспэкт бясьпекі, заявіў кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту Богдан Здраеўскі ў інтэрвію БелаПАН і Tut.by па выніках двухдзённага візыту ў Менск.

Богдан Здраеўскі
Богдан Здраеўскі

«У Эўропы невялікі набор інструмэнтаў для ўплыву ў гэтым выпадку, таму што не выкарыстоўваюцца францускія ці нямецкія тэхналёгіі, не выкарыстоўваюцца сродкі эўрапейскіх фондаў, — растлумачыў Здраеўскі. — Адзіны аргумэнт — гэта разьмяшчэньне паблізу літоўскай мяжы. Была пэўная занепакоенасьць з нагоды выкарыстанай тэхналёгіі, забесьпячэньня захадаў бясьпекі самой канструкцыі, захадаў бясьпекі ў выпадку нейкіх праблемаў, а таксама выкарыстаньня вады з ракі для астуджваньня рэактара. На гэтым этапе Беларусь пагадзілася на пэўныя працэдуры».

Здраеўскі кажа, што Эўразьвязу вельмі цяжка сказаць Беларусі спыніць будаўніцтва АЭС, таму што атамныя станцыі ёсьць у Нямеччыне і Францыі. У Літвы ў сувязі з будаўніцтвам АЭС ёсьць прэтэнзіі як да Беларусі, так і да Эўразьвязу — Брусэль не дазволіў ёй будаваць сваю атамную станцыю з прычынаў бясьпекі, але пры гэтым «не рэагуе на будаўніцтва АЭС у 30 км ад сваіх межаў».

«Таму афіцыйныя камэнтары тычыліся толькі гарантаваньня бясьпекі тэхналёгіі і спосабаў арганізацыі работы, каб гэта не пагражала ні Беларусі, ні яе суседзям», — дадаў Здраеўскі.

Пра рэпрэсіі, прызнаньне парлямэнту, выбары, візы, адукацыю і вучэньні

Таксама Здраеўскі расказаў, што Эўрапарлямэнт не задаволены сытуацыяй у Беларусі ў галіне правоў чалавека і неадэкватнай рэакцыяй беларускіх уладаў на пратэсты ў сакавіку. Ён сьцьвярджае, што пасьля рэпрэсіяў у лютым частка Эўрапарлямэнту наогул выступала за неадкладнае спыненьне дыялёгу зь беларускімі ўладамі. Але Эўрапарлямэнт мае намер працягнуць узаемадзеяньне зь Беларусьсю і беларускімі ўладамі, таксама як працягнуць падтрымку беларускага народу.

Паводле Здраеўскага, Эўрапарлямэнт па-ранейшаму не прызнае беларускіх дэпутатаў дэмакратычна абранымі, але спадзяецца, што мясцовыя выбары ў лютым 2017 году пройдуць паводле палепшанага заканадаўства. Дэбаты пра Беларусь у Эўрапарлямэнце плянуецца зладзіць у траўні-чэрвені 2018 году пасьля гэтых выбараў.

На сустрэчах зь беларускімі ўладамі абмяркоўвалася і аблягчэньне візавага рэжыму Беларусі і Эўразьвязу, гучала нават нефармальная прапанова аб поўным скасаваньні візаў для беларусаў. Таксама абмяркоўваўся ўдзел Беларусі ў Балёнскім працэсе і яго паскарэньні, бо «Мінадукацыі лічыць, што праца зробленая на 80%, мы лічым — каля 30%».

Па вучэньнях «Захад-2017», кажа Здраеўскі, «не было рэкамэндацыі — толькі пытаньні».

«Я не раскрыю сакрэту, калі скажу, што дэлегацыя па Беларусі лічыцца адной з самых праблематычных і ня самай прывабнай. У дэлегацыі па Аўстраліі ці Японіі выстройваецца чарга калегаў. Таму, калі прыходзіць нехта зь цікавасьцю да сытуацыі ў Беларусі, я заўсёды рады», — пракамэнтаваў Здраеўскі прысутнасьць у дэлегацыі Эўрапарлямэнту прыхільнікаў «русского мира».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG