Без ЗША ўрэгуляваньне ва Ўкраіне немагчымае – што азначае гэтая заява, зробленая Лукашэнкам у інтэрвію Bloomberg? Ці зьменіцца заходняя пазыцыя што да санкцый адносна Беларусі?
Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітычны аналітык Павал Вусаў, аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч і эканаміст, удзельнік праекту «Цытадэль» Аляксандар Сінкевіч.
Дракахруст: Днямі Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію міжнароднаму інфармацыйнаму холmдынгу Bloomberg. Я прапаную спыніцца на некаторых тэзах, якія прагучалі ў гэтым інтэрвію, і паглядзець на іх, як на пэўныя ўстаноўкі зьнешняй палітыкі Беларусі.
Падчас інтэрвію кіраўнік Беларусі сказаў, што без амэрыканцаў урэгуляваньне ва Ўкраіне немагчымае. Гэтую тэзу вынесьлі ў загалоўкі многія выданьні, цікава, што менавіта гэты фрагмэнт быў адразу ж апублікаваны на прэзыдэнцкім сайце.
Што азначае гэтая заява: спробу палепшыць стасункі з ЗША, канстатацыю патрэбы Беларусі ў супрацьвазе расейскаму ўплыву, а можа нават і папрок – маўляў, амэрыканцы «кашу» ва Ўкраіне і заварылі і пакуль яны не дамовяцца з Расеяй пра кампраміс, то агонь вайны ва Ўкраіне не патухне?
Сінкевіч: Лукашэнка гаворыць тое, што ён думае. Тут усё празрыста: Амэрыка адкрыта прыняла ўдзел у разгортваньні Майдану, была адным з галоўных гульцоў і не хавала гэтага. А зараз, калі льецца кроў, прадстаўнікі ЗША нібыта выпарыліся з усіх фарматаў перамоваў, якія зараз вядуцца дзеля міру – і з «нармандзкага», і зь «менскага».
Лукашэнку патрэбны балянс сілаў у рэгіёне
Вусаў: Тут значна больш пасылаў. Апошнім часам шматкроць гаварылася, што Беларусь гатовая стабілізаваць адносіны з ЭЗ і з ЗША. Лукашэнка баіцца таго, што лёс Украіны можа паўтарыцца ў Беларусі крыху ў іншым варыянце. Таму яму сапраўды патрэбны балянс сілаў у рэгіёне.
Відавочна, што Эўропа ня можа даць бясьпеку ня толькі Ўкраіне, але і іншым краінам рэгіёну.
Пры гэтым Лукашэнка ня кажа наўпрост. Ён фармулюе свае «пасланьні» так, што калі іх зьмест раззлуе Маскву, ён зможа сказаць, што меў на ўвазе зусім іншае.
Гэта стыль Лукашэнкі – гаварыць тое, што падабаецца аўдыторыі
Карбалевіч: Гэта стыль Лукашэнкі – гаварыць тое, што падабаецца аўдыторыі. Цяперашнія заявы сьведчаць пра жаданьне размарозіць, нармалізаваць адносіны з ЗША.
Наконт жаданьня, каб ЗША сталі супрацьвагой Расеі ў рэгіёне – можа, яно і ёсьць. Але ў гэтым жа інтэрвію ён адначасова нэгатыўна выказаўся пра павялічэньне вайсковай прысутнасьці НАТА, найперш амэрыканцаў, у краінах Балтыі. Лукашэнка разумее, што наступствам гэтага стане жаданьне Расеі павялічыць сваю вайсковую прысутнасьць у Беларусі. Што для яго непрыемна.
Дракахруст: А чаму непрыемна? У мінулым ня раз бывала, што згода на рэалізацыю расейскіх вайсковых праектаў у Беларусі прыносіла пашырэньне патоку грошай з Масквы, што ў год выбараў – зусім ня лішняе для яго.
Карбалевіч: Калі тут зьяўляюцца расейскія войскі, то Лукашэнка як бы перастае быць галоўнакамандуючым. Аўтарытарныя рэжымы заўсёды вельмі чуйна ставяцца да ваенных аспэктаў сувэрэнітэту. Зьвярніце ўвагу: ўся інфармацыя пра зьяўленьне ў Беларусі расейскай авіябазы агучваецца толькі з Масквы, беларускі бок упарта маўчыць пра гэта.
Формула Лукашэнкі: кантроль над уласнай тэрыторыяй, стратэгічны саюз з Расеяй, добрыя стасункі з Захадам
Сінкевіч: Я мяркую, што мае калегі агучваюць уласныя жаданьні. Лукашэнка не зьмяніўся за 20 гадоў у сэнсе сваёй ідэалёгіі. Ягоная формула: кантроль над уласнай тэрыторыяй, стратэгічны саюз з Расеяй, добрыя стасункі з Захадам.
Дракахруст: Лукашэнка можа і не зьмяніўся – сытуацыя вакол Беларусі зьмянілася. Да таго ж формула, якую вы агучылі, занадта агульная, а д'ябал, як вядома, хаваецца ў дробязях. Добрыя стасункі – гэта якія? Магчыма, зараз гэта азначае нешта іншае, чым год ці дзесяць гадоў таму.
Сінкевіч: Я мяркую, што не. Аляксандар Лукашэнка мае перад вачыма прыклады Кадафі, Асада, Хусэйна: пацяпленьне стасункаў з Захадам і вельмі кепскі фінал.
Дракахруст: Аляксандар, не зусім зразумеў вашае параўнаньне. Скажам, Назарбаеў таксама мае выдатныя стасункі з ЗША і Эўропай. І гэта неяк не вядзе да яго краху. Ці вы лічыце, што хоць якія стасункі з ЗША вядуць аўтарытарных кіраўнікоў да страты ўлады?
Калі Беларусь ужо ўключылі ў свой час у «вось зла», то высьлізнуць з гэтага шэрагу немагчыма
Сінкевіч: Я б не параўноўваў Лукашэнку з Назарбаевым ці Аліевым. Яны ад пачатку выбудоўвалі ляяльную да Захаду дзяржаву. А ў Беларусі ад пачатку была зробленая стаўка на канфрантацыю з Захадам у савецкім стылі. Калі Беларусь ужо ўключылі ў свой час у «вось зла», то высьлізнуць з гэтага шэрагу немагчыма. Для Лукашэнкі гэта ў лепшым выпадку разрадка, але не пацяпленьне.
Дракахруст: Лукашэнка ў інтэрвію Bloomberg ў чарговы раз скрытыкаваў заходнія санкцыі, накладзеныя на Беларусь. Але магчыма, ўпершыню прагучаў аргумэнт, што, маўляў, санкцыі не працуюць, маўляў, вы, заходнікі, не дасягаеце сваіх мэтаў, трымаючы гэтыя санкцыі. Ці згодны вы з такой ацэнкай? І наколькі імаверна, што сытуацыя з санкцыямі зьменіцца?
Лукашэнка разумее, што калі Ўкраіна прайграе, то наступнай ахвярай будзе Беларусь
Вусаў: Запярэчу Аляксандру – Лукашэнка разумее, што калі Ўкраіна прайграе, то наступнай ахвярай будзе Беларусь.
Сапраўды, не зьмяніліся ані рэжым, ані сам Лукашэнка, але зьмянілася сытуацыя ў рэгіёне.
Для Захаду Лукашэнка ўжо не зьяўляецца абсалютным злом, якім ён быў пасьля выбараў 2010 году, не зьяўляецца апошнім дыктатарам Эўропы.
Таму, нягледзячы на тое, што рэжым не зьмяняецца, што рэпрэсіі будуць працягвацца, стаўленьне Захаду да яго зьменіцца. Будзе выкарыстоўвацца ілюзорная магчымасьць пагуляць беларускай «картай» з Расеяй.
Ніводнае ультыматыўнае патрабаваньне Захаду Беларусь не выканала
Сінкевіч: Лукашэнка думку пра беспэрспэктыўнасьць і безвыніковасьць санкцый ужо раней даводзіў, толькі іншымі словамі. У цэлым зь ім можна згадзіцца, бо цяперашняя разрадка і памякчэньне пазыцыі Захаду тлумачацца рознымі абставінамі, але ні ў якім разе ня зьменай пазыцыі афіцыйнага Менску. Ніводнае ультыматыўнае патрабаваньне Захаду Беларусь ня выканала: ані наконт палітвязьняў, ані пра свабоду выбараў ці СМІ, ані нават наконт скасаваньня сьмяротнага пакараньня.
Захад наўрад ці паслухае аргумэнты Лукашэнкі, але безвыніковасьць санкцый ужо даўно адкрыта абмяркоўваецца ў кулюарах Брусэлю і Вашынгтону. І сучасная разрадка – перадусім сыстэмны вынік гэтых кулюарных размоваў, украінскі крызіс проста стаў нагодай для пацяпленьня, магчымасьцю захаваць твар для заходніх палітыкаў.
У той жа час існуе праблема даверу: Захад традыцыйна не давярае Менску, а Лукашэнка не давярае Захаду пасьля гісторый з Кадафі і Асадам – маўляў, усё роўна ў выніку «кінуць» і падмануць.
Пацяпленьне зараз вымушанае з абодвух бакоў: Беларусь хоча перадухіліць пагрозы ваеннага кшталту, якія зараз сталі вельмі рэальныя, а Захаду патрэбная дадатковая кропка апоры ва Ўсходняй Эўропе, ускаламучанай украінскім канфліктам. Таму ў цяперашняй разрадкі ёсьць пэўныя межы, і яны неўзабаве будуць дасягнутыя.
Калі б не было санкцый, цалкам магчыма, што сытуацыя ў Беларусі была б такой жа, як ва Ўзбэкістане
Карбалевіч: Калі санкцыі не дасягнулі сваіх мэтаў, то чаму Лукашэнка, Макей і іншыя прадстаўнікі беларускай улады так часта пра іх гавораць і патрабуюць іх адмены? І што было б, калі б не было гэтых санкцый, калі б Захад наагул не рэагаваў на парушэньні правоў чалавека ў Беларусі? Цалкам магчыма, што сытуацыя ў Беларусі была б такой жа, як ва Ўзбэкістане.
Мяркую, што калі б Беларусь вызваліла палітвязьняў, то санкцыі былі б адмененыя. Але мяркую, што зараз абодва бакі зацікаўленыя менавіта ў асьцярожным і павольным руху насустрач адзін аднаму. Зараз магчымы кампраміс: Менск вызваляе ня ўсіх, але некаторых палітвязьняў, Захад уводзіць мараторый на дзеяньне санкцый.