Менгарвыканкам адмовіў паэту Ўладзімеру Някляеву ў правядзеньні чытаньняў, прымеркаваных да яго юбілею, у сквэры імя Янкі Купалы.
Някляеву 11 ліпеня споўніцца 70 гадоў.
«У заяўцы я напісаў пра даўнюю традыцыю літаратурных чытаньняў ля помніка Янку Купалу, — цытуе Някляеў БелаПАН. — Там чыталі свае вершы ў юбілейныя дні Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, маладыя паэты. Традыцыі літаратурных чытаньняў існуюць ва ўсіх эўрапейскіх сталіцах, і цяпер мяне з нагоды юбілею запрашаюць у Хельсінкі і Стакгольм, Нью-Ёрк, Вільнюс і Варшаву. А вось у родным горадзе я госьць нежаданы. Спачатку мне перашкаджалі выдаваць вершы, цяпер забараняюць іх чытаць».
Някляеў спрабаваў знайсьці залю для прэзэнтацыі новай кнігі «Толькі вершы», выдадзенай да юбілею, аднак усюды пасьля «кансультацый з адміністрацыяй» адмовілі.
«Нават у Доме літаратара, у доме Саюза пісьменьнікаў Беларусі, дзе я калісьці быў старшынёй», — дадаў паэт.
«Пасьля Плошчы 2010 году, пасьля зьбіцьця, бальніцы, пасьля турмы я меркаваў, што ведаю пра цяперашнюю беларускую ўладу ўсё. Выявілася — не. Такой дробязнасьці і помсьлівасьці не чакаў. Гэта адкрыта выяўленае прыніжэньне, — заявіў Някляеў. — Таму я прыйду 11 ліпеня а 19:00 у Купалаўскі сквэр да помніка Янку Купалу, да якога прыходзіў заўсёды. І буду, як заўсёды, чытаць вершы. Калі слухаць мяне прыйдзе толькі адзін чалавек, я буду чытаць вершы гэтаму аднаму чалавеку».