Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта кампаніі «Гавары праўду!» 100 Тацян Караткевіч?


Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч
Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч

«Гавары праўду!» правядзе форумы «За мірныя перамены» ва ўсіх абласьцях краіны — кампанія робіць стаўку на рэгіёны. «Каб перамены сталі незваротнымі, нам патрэбна 100 Тацян Караткевіч — у кожным рэгіёне, у кожным раёне павінна зьявіцца свая Тацяна Караткевіч», — заявіў адзін зь лідэраў кампаніі Андрэй Дзьмітрыеў.

Працягнецца праца над стварэньнем цэнтрысцкай партыі новага тыпу, якая будзе істотна адрозьнівацца ад іншых партыяў.

«Ёсьць зьмены, але няма перамен»

Кампанія «Гавары праўду» падвяла вынікі мінулага году і расказала пра пляны на будучыню. Тацяна Караткевіч галоўны вынік году ахарактарызавала так:

«Ёсьць зьмены, але няма перамен. Бальшыня людзей прагне перамен, але без сацыяльных узрушэньняў і бяз жорсткага процістаяньня на вуліцах і плошчах. Людзі хочуць вельмі простых рэчаў: каб улада прыслухалася да іх голасу і лічылася з голасам народу, каб кожны чалавек меў магчымасьць прыстойна зарабляць. Трэці, самы важны фактар — каб любыя эканамічныя рэформы адбываліся на фоне зразумелай, празрыстай, справядлівай сацыяльнай падтрымкі».

Тацяна назвала і пэўныя дасягненьні. На яе думку, у палітычную сфэру вярнуліся парлямэнцкія слуханьні як спосаб грамадзкага дыялёгу. Пра гэта сьведчыць заява Савету Рэспублікі, што ў красавіку будуць праведзеныя слуханьні аб праблемах ЖКГ. У актыў Тацяна залічыла і тое, што ў парлямэнце зьявіліся два апазыцыйныя дэпутаты:

«Таксама мы лічым, што 2016 год стаў працягам палітычнай лібэралізацыі. „Гавары праўду“ змагла разарваць гэтае заганнае кола, якое існавала раней. Да прыкладу, падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году лібэралізацыі не было. А ў 2016-м, падчас парлямэнцкіх выбараў, іншых палітычных кампаніяў сытуацыя мянялася. І гэта вельмі важна.

Пацьверджаньнем таму — наш форум „За мірныя перамены“, які мы правялі ў канцы 2016 году і ў якім удзельнічала больш за 450 чалавек. І гэта сьведчаньне таго, што палітыка становіцца цікавай, удзел у палітыцы важны. Не істотна, у якой ролі — кандыдата, валянтэра, назіральніка, чалавека, які ўдзельнічае ў дыскусіях. Цяпер з уладамі мы вядзем дыялёг, але пакуль толькі, так бы мовіць, на цэнтральным узроўні. На месцах дыялёгу з уладамі не атрымліваецца. Мы таксама не змаглі дамагчыся адмены несправядлівых законаў — аб дармаедах, справядлівай пэнсійнай рэформы», — кажа Тацяна Караткевіч.

Для «Гавары праўду!» важна дамагчыся сыстэмных рэформаў, а ня нейкіх хаатычных рашэньняў. Устойлівыя рэформы — гэта рашэньні, якія прынятыя перадусім праз адкрыты дыялёг, у якім на ўсіх узроўнях удзельнічаюць палітыкі, грамадзянскія актывісты, лідэры думак. Менавіта таму форум «Гавары праўду!» прыняў рашэньне ўзмацніць голас грамадзян, якія хочуць перамен. А для гэтага нам трэба ісьці ў рэгіёны.

Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч

Тры прыярытэты: дыялёг з уладай, падтрымка мясцовых лідэраў, пабудова партыі новага тыпу

Андрэй Дзьмітрыеў адзначыў, што кампанія «Гавары праўду!» заўсёды ішла за людзьмі, яна не навязвала ідэяў, а прыслухоўвалася да людзей. Ёсьць шмат дасягненьняў, але ёсьць адна вялікая праблема: усе гэтыя дасягненьні моцна абмежаваныя. Яны абмежаваныя Менскай кальцавой дарогай. Перамены немагчымыя без рэгіёнаў. Толькі выхад за межы сталіцы зможа зрабіць перамены ўстойлівымі. Андрэй Дзьмітрыеў назваў тры галоўныя прыярытэты «Гавары праўду!» на 2017 год:

— Разьвіцьцё дыялёгу паміж грамадзтвам і мясцовай уладай. Дыялёг —падмурак перамен.

— Падтрымка мясцовых лідэраў.

— Пабудова партыі новага тыпу.

«Нам патрэбныя лідэры, здольныя быць пасярэднікамі паміж грамадзтвам і ўладай, нам неабходна 100 Тацян Караткевіч»

Галоўная задача кампаніі — дапамагаць грамадзтву абʼяднацца і патрабаваць вырашэньня праблем, лічыць Андрэй Дзьмітрыеў:

«Калі мы не абʼяднаемся, то чыноўнікі па-ранейшаму будуць рабіць выгляд, што гэта не праблема, а адзінкавы выпадак. Нам важна, каб пра праблемы гаварыла шмат людзей. Таму мы правядзем у кожнай вобласьці форумы „Гавары праўду!“ На першым форуме, які мы правялі ў Менску, вельмі важным было тое, што людзі атрымалі трыбуну, ім далі сказаць пра тое, што іх хвалюе. І гэтыя форумы павінны стаць у рэгіёнах пачаткам дыялёгавых пляцовак.

Але дыялёг — гэта навык, мэтад, і трэба ўмець весьці дыялёг. Каб дыялёг быў пачуты, вельмі важна, хто яго будзе весьці. Нам патрэбныя лідэры, здольныя быць пасярэднікамі паміж грамадзтвам і ўладай. У нас ёсьць пасьпяховы досьвед у Менску — гэта Тацяна Караткевіч. Але каб перамены сталі незваротнымі, нам патрэбна 100 Тацян Караткевіч. У кожным рэгіёне, у кожным раёне павінна зьявіцца свая Тацяна Караткевіч».

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

«Гавары праўду!» будзе знаходзіць, навучаць і падтрымліваць мясцовых лідэраў, паабяцаў Андрэй Дзьмітрыеў. У якой вобласьці адбудзецца першы форум, заплянаваны на канец сакавіка — пачатак красавіка, пакуль невядома.

«Гэта будзе партыя тых, хто слухае людзей і хто чуе людзей»

Сёлета «Гавары праўду» пачынае будаваць партыю новага тыпу. Гэтае рашэньне прынята на першым форуме кампаніі, які адбыўся ў лістападзе 2016 году. Першы этап разьлічаны на паўтара-два гады.

«Для нас важна, каб партыя стала плятформай для выказваньня палітычнай волі тых, хто не гатовы падтрымліваць крайнасьці, для каго аднолькава непрымальны радыкальны нацыяналізм і далучэньне Беларусі да Расеі, так званы „русский мир“, хто ня лічыць правільным выбіраць паміж Усходам і Захадам. Мы выбіраем наш шлях.

Гэта будзе партыя тых, хто слухае людзей і хто чуе людзей. Яна абʼяднае тых, у каго ёсьць мара — Беларусь, якой мы ўсе будзем ганарыцца. Улада робіць нас закладнікамі і часткай свайго правалу. Мы будзем дамагацца, каб беларусы сталі часткай агульнага посьпеху».

Эканамічны рост, разьвіцьцё рэгіёнаў, выбары мэра і ўзмацненьне мясцовага самакіраваньня, сацыяльная справядлівасьць і зьнешнепалітычны нэўтралітэт будуць праграмнай асновай партыі. Гэта будзе цэнтрысцкая партыя.

У яе будзе некалькі адрозьненьняў ад іншых партыяў, кажа Андрэй Дзьмітрыеў:

— Ніводная партыя ня кажа пра прыярытэт мясцовага самакіраваньня, выбары мэра.

— Ніводная партыя ня кажа пра зьнешнепалітычны нэўтралітэт як выбар Беларусі. Мы прынцыпова кажам, што Беларусь не павінна быць у ніводным блёку — ні ў АДКБ, ні ў НАТО.

— Мы першыя пачалі гаварыць пра тое, што, праводзячы эканамічныя рэформы, трэба не забывацца пра сацыяльную абарону людзей. Усе кажуць людзям, што трэба пацярпець, што пры рэформах можа быць яшчэ горш. А мы кажам, што нельга праводзіць эканамічныя рэформы без сацыяльнай страхоўкі для кожнага слоя грамадзтва.

«Гавары праўду!» не зьбіраецца пераманьваць нікога зь іншых партыйных структур. Але каапэрацыя з рознымі арганізацыямі цалкам магчымая. Спадар Дзьмітрыеў прывёў прыклад: сёньня адзін зь лідэраў «Гавары праўду!» разам з Абʼяднанай грамадзянскай партыяй абмяркоўвае выбарчае заканадаўства. Зь Беларускай партыяй «Зялёныя» «Гавары праўду» гатовая працаваць па праблемах АЭС, з БНФ — па пытаньнях незалежнасьці і сувэрэнітэту.

З народам праблем няма — гэта паказаў форум, на які сабралася больш за 450 чалавек з усіх рэгіёнаў. Партыю будуюць не з нуля — кампанія працуе 6 гадоў. Назвы ў партыі пакуль няма, кажуць Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG