Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі праігнаравалі запрашэньне Ганны Канапацкай, а народ прыняў


15 студзеня пачала працаваць грамадзкая прымальня дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай. На парадку дня — экалягічныя пытаньні. Таму спадарыня Канапацкая запрасіла ў грамадзкую прымальню, якая працавала ў офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі, прадстаўнікоў Міністэрства прыродных рэсурсаў і Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. Але чыноўнікі не прыйшлі.

Сярод наведнікаў былі і грамадзкія актывісты, прадстаўнікі экалягічных рухаў і партыяў і простыя грамадзяне, якія гадамі ня могуць вырашыць свае праблемы.

Неабходны зьмены ў заканадаўстве пра грамадзкае абмеркаваньне

Першы наведнік грамадзкай прымальні — Віктар Янчурэвіч, які прадстаўляе ініцыятыву «Экаград». Ён так патлумачыў мэту свайго візыту да Ганны Канапацкай:

Віктар Янчурэвіч на прыёме ў дэпутаткі Канапацкай. Побач грамадзкія памочнікі – Тацяна Буянкова і намесьніца старшыні АГП Антаніна Кавалёва
Віктар Янчурэвіч на прыёме ў дэпутаткі Канапацкай. Побач грамадзкія памочнікі – Тацяна Буянкова і намесьніца старшыні АГП Антаніна Кавалёва

«У дэпутата больш магчымасьцяў. Я прапаную вам сабраць адмыслоўцаў, экспэртаў, прадстаўнікоў Камітэту архітэктуры, Мінпрыроды, каб пачуць бачаньне праблем з боку ўлады».

На думку Віктара Янчурэвіча, Генэральны плян Менску не выконваецца, акрамя пункту пра будаўніцтва жытла, распрацаванага да 2030 году. Гэта пагражае гораду чарговай хваляй ушчыльненьня, зносам прыватнага сэктару, скарачэньнем санітарна-ахоўных зон прамысловых прадпрыемстваў. І прывёў прыклад мясакамбінату ў Кастрычніцкім раёне сталіцы, акрузе спадарыні Канапацкай.

Канстытуцыя, Закон аб архітэктуры і горадабудаўнічай дзейнасьці гарантуюць, што народ мае права ўдзельнічаць у абмеркаваньні сацыяльна значных праектаў, але грамадзкія абмеркаваньні праходзяць фармальна, лічыць спадар Янчурэвіч. У лепшым выпадку ідзе інфармаваньне. І толькі калі высьпявае народны выбух, калі людзі выходзяць на пікеты, акцыі, калі зьбіраюцца поўныя залі, чыноўнікі вымушаныя неяк рэагаваць.

Спадар Янчурэвіч прапануе заняцца зьменай палажэньня Савету Міністраў аб грамадзкіх абмеркаваньнях — каб на іх выносіліся не гатовыя праекты, а канцэпцыя забудовы. Грамадзкасьць павінна ўдзельнічаць ў абмеркаваньні на самым пачатковым этапе — фармаваньня заказу, архітэктурнага заданьня, а не тады падключацца, калі ўжо нічога зьмяніць немагчыма.

Юрыст, спэцыяліст у праблемах зямельнага заканадаўства Вольга Белярцова прыйшла да дэпутаткі, каб прапанаваць сваю дапамогу. Яна лічыць, што неабходны зьмены ў Зямельны кодэкс. Вольга расказала аб праблемах, зь якімі сутыкаюцца арандатары, як ад іх літаральна вымагаюць шалёныя грошы.

Вольга Белярцова і Віктар Барташэвіч
Вольга Белярцова і Віктар Барташэвіч

«Ну хто ж папрэ супраць дзяржаўных патрэбаў?»

Віктар Барташэвіч ужо 3 гады займаецца праблемамі ўшчыльненьня. Таксама падтрымлівае прапанову, што грамадзкасьць павінна падключацца да абмеркаваньня на самай пачатковай стадыі. Спадар Барташэвіч працытаваў артыкул 44 Канстытуцыі: «Прымусовае адчужэньне маёмасьці дапускаецца толькі з матываў грамадзкай неабходнасьці». А вось што такое «грамадзкая неабходнасьць», ніводзін чыноўнік патлумачыць ня можа:

«Многія праблемы ў горадабудаваньні, ушчыльненьні, зносе прыватнага сэктару выцякаюць з таго, што гэтыя праекты ажыцьцяўляюцца пад прыкрыцьцём фразы „для дзяржаўных патрэбаў“. Ну хто ж папрэ супраць іх? Паняцьце „дзяржаўныя патрэбы“ агаворана і ў першым артыкуле Зямельнага кодэксу, знос ідзе дзеля „дзяржаўных патрэбаў“. А потым на месцы прыватнага сэктару зьяўляецца казіно. Казіно — гэта дзяржаўная неабходнасьць? Аказваецца, гэты аб’ект прапісаны маленькімі літарамі ў праекце дэталёвага плянаваньня. Чаму трапілі ў ПДП канкрэтныя аб’екты? Проста людзі павінны ўдзельнічаць у абмеркаваньні на самай пачатковай стадыі».

Навошта ў Сельгаспасёлку ажно тры станцыі мэтро?

Яшчэ адно пытаньне, якое хвалюе Барташэвіча — будаўніцтва ажно трох новых станцыяў мэтро ад плошчы Бангалор да Зялёнага Лугу. Тралейбус гэтую адлегласьць праяжджае максымум за 15 хвілін, маршрутка — менш чым за 10. На думку Барташэвіча, мэтро ў раёне Сельгаспасёлку — гэта «разбазарваньне бюджэтных сродкаў», апошняя станцыя каля Цнянкі наагул «у нікуды». Ён зьедліва назваў гэты праект «Нью-Васюкі». Барташэвіч зьвяртаўся ў «Менскграда», хацеў даведацца, хто праводзіў разьлікі яшчэ ў 2000 годзе. Галоўны архітэктар «Менскграда» Аляксандар Акенцьеў адказаў: «Усе дакумэнты і разьлікі ў архіве, а людзі, што вывучалі мэтазгоднасьць будаўніцтва, альбо памерлі, альбо ўжо не працуюць у «Менскграда».

На думку спадара Барташэвіча, мэтро пракладуць для забудоўнікаў, якія потым будуць завабліваць патэнцыйных кліентаў будаваць уздоўж лініі мэтро жытло. І папрасіў дэпутатку Канапацкую зьвярнуцца ў пастаянную камісію бюджэтаў і фінансаў, каб профільная камісія ўзяла справу на кантроль.

Ганна Канапацкая дае параду Віктару Барташэвічу зьвярнуцца з гэтай просьбай да дэпутата 107-й Усходняй выбарчай акругі Аляксея Сокала, які зьяўляецца намесьнікам старшыні эканамічнай камісіі.

Смаргонь: фармальдэгіды забруджваюць Вяльлю

Тацяна Буянкова, Ганна Канапацкая і Антаніна Кавалёва
Тацяна Буянкова, Ганна Канапацкая і Антаніна Кавалёва

Віктар Віктаравіч і Сяргей Ціханавіч — так прадставіліся наведнікі са Смаргоні — гаварылі пра экалягічныя праблемы свайго рэгіёну. Адразу ж папрасілі журналістаў не называць іх прозьвішчаў і не здымаць.

У 2013 годзе ў Смаргоні на тэрыторыі агрэгатнага заводу пабудавалі завод «Кранаспан» для вытворчасьці ДСП і падлогавых пакрыцьцяў. Шкоднае прадпрыемства будавалася без экалягічнай экспэртызы, на завод завезьлі абсталяваньне, што ўжо было ва ўжытку. Былі пярэчаньні ў ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, але да эколягаў ніхто не прыслухаўся.

У 2015 годзе завод пашырыўся, зьявілася вытворчасьць фармальдэгідных смолаў (а гэта хімічная вытворчасьць). Паводле Сяргея, завод выкідвае 1740 тон шкодных рэчываў за год. А ў сакавіку 2016 году з заводу пачаўся «зьліў» фармальдэгідаў у раку Вяльлю.

Сяргей і Віктар прывезьлі цэлую тэчку дакумэнтаў — перапіску зь міністэрствамі і ведамствамі, адпіскі чыноўнікаў. Яны разумеюць, што завод не закрыюць. На іх думку, галоўная задача — мінімізаваць шкодныя выкіды:

«За мяжой такія вытворчасьці маюць цалкам закрытыя цыклы і разьмяшчаюцца ў дзясятках кілямэтраў ад населеных пунктаў, а ў нас — у 800 мэтрах ад жылога кварталу. Калі так і далей будзе пабудаваная сыстэма разьмяшчэньня прадпрыемстваў, мы хутка ператворымся ў Афрыку. Патрэбен татальны кантроль за выкідамі. У Румыніі на такім самым заводзе стаіць вялікае электроннае табло, якое паказвае, што і колькі выкідвае завод. А ў нас лякальны маніторынг аддадзены самому прадпрыемству. Фармальна наш завод „уціснулі“ у рамкі заканадаўства: ПДК (дапушчальная норма выкідаў шкодных рэчываў) — 0,97 (вышэй 1 ужо нельга). Пытаньне — у кошце ачышчальных збудаваньняў» — падсумаваў праблему Сяргей Ціханавіч.

Ганна Канапацкая запыталася, чаму смаргонскія эколягі не зьвярталіся да свайго дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Тэчку з дакумэнтамі забрала і паабяцала разабрацца з праблемай з дапамогай экспэртаў.

Ушчыльненьне «на галовах»

Натальля Ермаловіч распавяла аб праблеме свайго дома, калі ўшчыльненьне заплянавана літаральна «на галовах» жыхароў. У 1998 годзе ў Менску распачаўся экспэрымэнт так званага «мансарднага будаўніцтва». На праспэкце Незалежнасьці, насупраць кінастудыі «Беларусьфільм», ёсьць некалькі трохпавярховікаў. Забудоўнік меў зрабіць мансарды ажно на тры паверхі і капітальны рамонт дамоў з драўлянымі перакрыцьцямі.

Натальля Ермаловіч і Віктар Барташэвіч
Натальля Ермаловіч і Віктар Барташэвіч

Пачалі з дома № 113, над якім пабудавалі мансарды, а ў выніку на ніжніх паверхах пачалі адвальвацца столі. Жыхары суседніх дамоў выступілі супраць працягу экспэрымэнту мансардавага будаўніцтва. У 2007 годзе яны падалі ў суд на забудоўнікаў, першы суд выйгралі: надбудовы ня будзе, толькі капітальны рамонт. Але зьмяніўся старшыня Першамайскага райвыканкаму — і ў 2010 годзе забудоўнік зноў пачаў настойваць на будаўніцтве мансардаў. Інвэстар ня хоча сыходзіць, кампанія «Тэра Інжынірынг» прыводзіць свае аргумэнты — яна хоча разьлічыцца з «падманутымі ўкладнікамі», якія заплацілі за кватэры ў мансардах.

Пачалі зноў зьбіраць подпісы жыхароў, якія зьяўляюцца ўласьнікамі — колькі «за» будаўніцтва мансардаў, колькі «супраць». Лічбы ў чыноўнікаў і актывістаў істотна розьніліся. Натальля Ермаловіч кажа, што подпісы былі сфальшаваныя. Ізноў пачаліся суды, адзін суд жыхары выйгралі, другі прайгралі, цяпер падаюць апэляцыі.

Натальля Ермаловіч прыводзіць аргумэнты жыхароў:

«Згодна з Канстытуцыяй, Грамадзянскім кодэксам, Жыльлёвым кодэксам, з указам прэзыдэнта № 667 толькі ўласьнік можа распараджацца сваёй маёмасьцю. Дамы 103, 105, 107, 109, 111 па праспэкце Незалежнасьці зьяўляюцца сумесным домаўладаньнем, уласьнікамі якога зьяўляюцца гаспадары жылых і нежылых памяшканьняў. А заплянаваная рэканструкцыя асобамі, якія не зьяўляюцца ўласьнікамі сумеснага домаўладаньня, супрацьзаконная».

Ганна Канапацкая пытаецца, ці падавалі заяву ў праваахоўныя органы пра фальсыфікацыю подпісаў. Натальля Ермаловіч адказвае, што не падавалі, маўляў, адвакат сказаў, што ня варта. Дэпутатка раіць падаць заяву ў міліцыю з фармулёўкай «падробка дакумэнтаў, службовы падлог».

Падчас прыёму высьветлілася і яшчэ адна калізія: указ прэзыдэнта ў некаторых пунктах супярэчыць Жыльлёваму кодэксу. Ганна Канапацкая агучыла сваю пазыцыю: яна катэгарычна супраць, каб краіна жыла паводле дэкрэтаў і ўказаў, дзяржава павінна жыць паводле законаў.

«Зялёных» хвалюе БелАЭС і Закон аб дзяржаўным і прыватным партнэрстве

Намесьнік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук занепакоены будаўніцтвам АЭС, чарговым інцыдэнтам з пашкоджаньнем корпуса рэактара. Ён паведаміў, што сёлета ў Беларусь прыедзе ажно 5 місіяў МАГАТЭ. Першая прыбывае 16 студзеня. І павінна быць галоснасьць — каб усе высновы місіі МАГАТЭ трапілі ў СМІ. Бо пытаньне будаўніцтва АЭС палітычнае і бясьпека станцыі хвалюе ня толькі беларусаў, а і суседнюю Літву і наагул Эўразьвяз.

Дзьмітры Кучук (справа)
Дзьмітры Кучук (справа)

Дзьмітры Кучук прапанаваў дэпутатцы Ганьне Канапацкай ініцыяваць у красавіку, напярэдадні гадавіны чарнобыльскай аварыі, слуханьні ў парлямэнце з запрашэньнем чыноўнікаў, будаўнікоў АЭС. І абавязкова незалежных экспэртаў, якія б расказалі, якія ёсьць рызыкі, пагрозы.

Спадар Кучук — генэральны дырэктар сьмецьцесартавальнай станцыі «Заходняя», таму многія экалягічныя праблемы добра ведае. Кажа, што ў цэлым заканадаўчая база у пытаньнях экалёгіі добрая; прывёў прыклад, што цяпер можна штрафаваць людзей нават за тое, што яны не сартуюць сьмецьце. Але ня ўсё выконваецца.

Спадар Кучук падтрымлівае Ганну Канапацкую ў тым, што неабходна прыняць Закон аб дзяржаўным і прыватным партнэрстве.

Ганна Канапацкая і Дзьмітры Кучук
Ганна Канапацкая і Дзьмітры Кучук

Дэпутатка прапанавала мэханізм узаемадзеяньня з эколягамі: каб яны ня проста абазначалі, дзе ёсьць недахопы, праблемы, а накіроўвалі ёй гатовы прадукт — шляхі вырашэньня праблем. З кіраўніцтвам Беларускай партыі «Зялёныя» яна паабяцала шчыльна супрацоўнічаць.

«Людзі прыходзяць ня проста паскардзіцца, а з канкрэтнымі прапановамі вырашэньня праблем»

Першы досьвед працы грамадзкай прымальнй дэпутатку Ганну Канапацкую вельмі ўразіў:

Ганна Канапацкая (зьлева) і Антаніна Кавалёва
Ганна Канапацкая (зьлева) і Антаніна Кавалёва

«Мы думалі, што прыйдуць неабыякавыя людзі, бо праблемы экалёгіі блізкія кожнаму. Але было вельмі прыемна, што людзі зьвярталіся з глябальнымі праблемамі, якія закранаюць ня толькі Менск, а і ўсю краіну. Гэта праблема Беларускай атамнай станцыі, шкодная хімічная вытворчасьць у Смаргоні. Прыходзілі людзі, якія ведаюць і разумеюць гэтыя праблемы, а самае галоўнае — яны гатовы іх вырашаць, і вырашаць сумесна. Прычым яны прыходзілі ня проста паскардзіцца, а з канкрэтнымі шляхамі вырашэньня, з пакетам дакумэнтаў.

Вось сёньня вялізная праблема — ушчыльненьне Менску, і вельмі прыемна, што прыйшоў чалавек, які добра ведае гэту тэму, даўно вывучае яе, апэруе лічбамі, фактамі, перажывае за горад. Дарэчы, гэтая праблема існуе і ў маёй акрузе, у Кастрычніцкім раёне.

Таксама ёсьць прабелы ў заканадаўстве, калізія прававых нормаў. Так што ёсьць над чым працаваць», — падсумавала Ганна Канапацкая.

У наступнай грамадзкай прымальні будуць абмяркоўвацца праблемы адукацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG