Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус, які ваяваў у калябаранцкім швадроне: «Класьціся ў акоп з „Хайль Гітлер!“ я ня мог»


Мой суразмоўца Яўген Усюкевіч — з тых удзельнікаў вайны, каго не запрашаюць на школьныя «ўрокі мужнасьці». Бо для савецкай улады яны былі здраднікамі радзімы, калябарантамі і фашысцкімі паслугачамі. Але пакручасты лёс пакінуў Яўгена Ўсюкевіча ў жывых. Яму ёсьць што сказаць пра той час. Без такіх успамінаў карціна Другой сусьветнай у Беларусі будзе няпоўная.

Мы самі выбіраем свой лёс? Ці лёс выбірае нас? Ці маглі навучэнцы Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі не апынуцца ў тым конным швадроне, які стварыў з дазволу акупацыйных уладаў іх настаўнік Барыс Рагуля? Як бы там ні было, але здраднікамі савецкай радзімы тыя хлопцы пэўна не былі. Бо савецкую радзіму бачылі нядоўга. Але напалохаць яна пасьпела ўсіх. А вось ня быць беларусамі ў іх пэўна не было шанцаў. Слова пану Яўгену.

— Такое паняцьце, як Беларусь, было ў вашым даваенным жыцьці?

— Абавязкова. Пры паляках дастаткова быць праваслаўным, каб табе не давалі ходу. Напрыклад, афіцэр у арміі дойдзе да капітана, а каб стаць маёрам, трэба перайсьці ў каталіцызм. У гэтай справе яны недалёкія былі. Па-польску гаварыла толькі чынавенства, настаўнікі і паліцыя. А ў вёсцы ніякай пальшчызны не было. Была ўласнасьць. А калі ўласнасьць, дык чалавек быў незалежны. Мой бацька быў солтысам. І таму толькі ў нас на вёсцы было радыё. Не было паняцьця, каб настроіцца на Варшаву, на Вільню ці на Баранавічы. Толькі Менск. Гэта наша, гэта роднае! Вядома, сустракалі і з кветкамі, і зь пірагамі. Але вельмі хутка, і года не прайшло, як раскусілі. Немцаў ужо ня так сустракалі, як саветы. Але таксама з радасьцю, што яны бальшавікоў прагналі.

Як выжыць у лягеры
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:14:59 0:00

— Як зьмянілася жыцьцё пасьля прыходу немцаў?

— Сейце, рабіце, гарэлку ганіце. І нават паборы былі меншыя, чым пры саветах. Школы ўсе рабілі ў нашай мясцовасьці толькі на беларускай мове.

Конны швадрон быў створаны ўвосень 1943-га году. Ягоны касьцяк складаўся з навучэнцаў настаўніцкай сэмінарыі. Але мяне найбольш цікавіў матыў, з-за якога людзі туды ішлі.

— Як ствараўся гэты швадрон?

Прытым такі быў лёзунг — ні адна партызанская сям’я не павінна ад нашай рукі пацярпець. Ні адна

— Паколькі насельніцтва стала цярпець ад усялякіх... Тут і літоўцы былі, і латышы, і казакі. Трэба ж было свой край бараніць. Ясна, што на ход гістарычных падзей гэта не магло паўплываць. Але лякальна, тут, абараніць сваіх мясцовых жыхароў, каб людзі маглі свабодна займацца гаспадаркай... Прытым такі быў лёзунг — ні адна партызанская сям’я не павінна ад нашай рукі пацярпець. Ні адна. Калі ты ведаеш, што твой сябра ў партызанах, не было помсты. Хлопцы ўсе былі пісьменныя, сямігодкі і дзесяцігодкі пасканчаўшыя. Нават некаторыя былі зь Віленскай беларускай гімназіі.

— А як набіралі людзей? Гэта была мабілізацыя ці людзі ішлі добраахвотна?

— Амаль усе добраахвотнікі. Пагаварыў, і ўсё. А каму павесткі ўручалі. Па пошце. Як гэта назваць? «Дабравольна-прымусова»? Чорт яго ведае.

— А шмат было людзей у швадроне?

— Больш за дзьвесьце чалавек. І разьмяшчаліся на Першамайскай вуліцы. Гэты будынак і зараз стаіць.

— У лес я ня мог пайсьці. «За родзіну, за Сталіна!» А немцы мне такія ж ворагі, як і гэтыя. Але як сябе трымаць? Трэба ж шкуру нямецкую адзець. І трэба ж народ свой бараніць. І класьціся ў акоп з «Хайль Гітлер!» я ня мог.

— А што сабой уяўляла шкура нямецкая?

— Вайсковы шэры мундзір. Боты, галіфэ. Бел-чырвона-белы флажок у пятліцах. Кукарда — «Пагоня».

У вёсцы Далятычы я разгаварыўся з 80-гадовым Міхаілам Паўлюцём. Які добра памятае па імёнах усіх байцоў таго швадрона. А ў Далятычах такіх было шэсьць.

— Рагулю я ведаю добра. Беларускую армію тут зарганізаваў. Эскадрон. Добрыя былі хлопцы. Маці мая панясе пасылку для дачкі, якая ў Германіі была. Яны возьмуць тую пасылку, самі здадуць і яшчэ заплацяць самі сваімі грашыма. Свае людзі.

— Пасылка ў Германію?

— Сястра была забраная ў Германію. Маці пасылала два сухары, сала пакладзе паміж тых сухароў. І дапамагалі адпраўляць тыя пасылкі. Клімовіч Іван. Яго пасьля пасадзілі, не прыйшоў ён дахаты. А Трубка вярнуўся. Людзі іх не кляймілі. Ніхто. Яны былі абаронцы сваіх. Вось паліцыя то была шкодная. Дарэчы, у эскадрон людзей мабілізавалі. Гэта ў паліцыю самі ішлі.

А вось старажылы зь мястэчка Любча Павал і Валянціна Буйвалы добра памятаюць Барыса Рагулю.

— Гэта мой клясны кіраўнік. Ён да вайны ў Любчы выкладаў фізкультуру.

— Цудоўны чалавек, інтэлігентны чалавек. З інтэлігентнага роду. Меў адукацыю!

Да рагулеўскага швадрона мае суразмоўцы ставяцца хутчэй як да пацешнага войска.

— Яны ніякай вінтоўкі не насілі. Яны паўцякалі, як немцы пачалі адступаць.

— На партызанаў яны не хадзілі. Начавалі ў нас у хаце, з бацькам маім у карты гулялі.

Дык ці была хоць якая карысьць цывільнаму насельніцтву ад гэтага батальёна? Ці прынесьлі яны каму-небудзь карысьць? Слова Яўгену Ўсюкевічу.

— Гэта была стадыя вучобы. Трохі дэманстратыўна выяжджалі на тэрыторыю партызанскую. Прадэманстраваць, што мы ёсьць, што мы прысутнічаем.

— Вам удавалася ратаваць людзей?

— Загор’е Далятыцкае хацелі спаліць. Немцы з паліцыяй. Спаліць вёску мы не далі.

— Вы ведалі пра тыя страшныя карныя акцыі, калі людзей палілі жыўцом? Хатынь, Боркі?

— Гэта да нас не даходзіла.

Пра акупацыю Беларусі нельга гаварыць як пра нешта агульнае. Бо краіна была падзеленая акупантамі на некалькі зон. І рэжым пад Гародняй — гэта было ня тое самае, што рэжым пад Гомелем. Лішні раз у гэтым пераконваесься, слухаючы Яўгена Ўсюкевіча. Вясной 44-га году іх швадрон закінулі з Наваградку пад Докшыцы. Туды, дзе пасьля карных акцыяў палку «Дырлівангер» ужо была выпаленая зямля.

— Што найбольш успамінаецца з часоў вайны?

— Успамінаецца, калі мы ехалі на раку Поню. Калі Рагулю кінулі туды. І праяжджаем вёскі, дзе толькі коміны тырчаць. Гэта так усіх уразіла. Мы гэтага ня бачылі. Ня бачылі гэтых пажараў. Усе хлопцы з-пад Любчы, вясковыя. Але такога ня бачылі. А гэта цэлы раён. Гэта жудасная карціна. Спаленыя вёскі.

— А тут такога не было?

— Не было. Ніводнай спаленай вёскі.

— А як на вас глядзелі тамтэйшыя людзі? Як на страшных нацыстаў, карнікаў?

— А не было там людзей. Там людзей не было ніводнага чалавека. Там бязьлюдзьдзе. І тая карціна на ўвесь швадрон зрабіла ўражаньне.

Ці хто мае за што сказаць «дзякуй» Барысу Рагулю? Паслухаем жыхарку Любчы Алену Новік, якая таксама вучылася падчас акупацыі ў наваградзкай сэмінарыі.

— І неяк я іду па базары, спыняе мяне адзін чалавек і кажа. «Вось, пра Рагулю кажуць, што ён вораг. А я яго лічу сапраўдным беларусам». Я кажу: «А чаму?» І расказаў. Калі немцы адступалі зь Любчы, людзі схаваліся ў царкву. Але ж усе не схаваюцца. Хто за Нёман, хто куды. І нас, кажа, каля царквы ўжо разьдзялялі казакі. Жонак і дзяцей асобна, мужчын асобна. І Рагуля ехаў зь цёткаю. А партызаны мястэчка ўжо падпалілі. Тут, калі немцы адступалі, партызанам ня трэба было нічога паліць. Бо беглі немцы імкліва. Ніякіх баёў не было. Але ж трэба было ім паказаць, што і яны ваююць. Вёску Купіск спалілі. І звалілі на немцаў. Але ж да гэтае пары сьведкі ёсьць, што спаліў Гарэлік, партызан. Яны адным днём жылі.

— А што зрабіў Рагуля?

— А Рагуля ехаў на машыне зь цёткай. Як пад’ехаў пад царкву, бачыць, што нейкі рух. А там, як адступалі, усё на валаску трымалася. Ніхто ня ведаў, куды і што. Спыніў машыну, пайшоў у царкву. Прыйшоў, паглядзеў, нічога не сказаў. Атамана вывеў, пагаварыў. Атаман прыходзіць. «Ідзіце па дамах, тушыце пажар».

А зараз слова любчанцы Валянціне Буйвал. Карціна вызваленьня Любчы ад нямецкіх акупантаў зь яе словаў паўстае апакаліптычная. Паліцаі стралялі па немцах, якія адыходзілі, па сваіх былых гаспадарах. Затым падышлі казакі зь сем’ямі. А тых казакоў дабівалі савецкія партызаны.

— Казакі зь сем’ямі былі. Сына аднаго казака партызаны, прабачце, у туалеце забілі. Можа, гадоў 12 ці 13 яму было. Калі ўваходзіце ў царкву, па левым баку, каля каменнага муру казакі былі пахаваныя. Крыжы стаялі. Адразу, як прыйшла савецкая ўлада, крыжы падаставалі. А казакоў тых не выкопвалі. Спачатку казакі выбілі партызан, партызанаў многа загінула. А пасьля партызаны вярнуліся, і многа казакоў павесілі. Віселі казакі на слупах. А пасьля прыйшла Чырвоная армія. І нейкі камандзір нарабіў скандалу. «Чаго яны вісяць? Ажно пачарнелі!» Тут хапіла. Акрамя гэтай вуліцы, усё было спалена.

Конны швадрон быў створаны, каб бараніць беларускіх сялян ад партызан. Але калі і баранілі каго, дык найперш ад немцаў. Слова Яўгену Ўсюкевічу.

— Я ня стрэліў за ўсю вайну ні ў немца, ні ў партызана. Я помню, стаяла бярозка з два пальцы таўшчынёй. Я кажу Рагулю: я яе праб’ю. «Ня можа быць!» Я дакладна ўлупіў у сярэдзіну. А ў людзей я не страляў. Ні ў немца, ні ў партызана, ні ў фашыста, ні ў чэкіста. Во такі ваяка. Але часам удавалася... У мяне сусед быў. Рагула прозьвішча. Мяне ў швадрон узялі. Гляджу, ідзе ў Любчы дзядзька Мікалай зь мяцёлкай, вуліцу падмятае. І паліцыя ахоўвае. Я падыходжу. «Чаго ты тут?» Кажа: «Мне партызаны далі запіску прынесьці ў паліцыю. І мяне з гэтай запіскай узялі». Ну, можа, яго б не пусьцілі ў расход. Можа, адправілі б куды. Я адразу да Рагулі. Трэба суседа забраць. А мы ж мацней былі, чым той гарнізон паліцыі любчанскай. Прыехалі. «Усё. Забіраем да сябе ў швадрон». На паўдарозе да Наваградку кажу: «Усё, дзядзька Мікалай. Чашы дахаты. Не гавары толькі, дзе быў». Мікалай Рагула.

— І як склаўся ягоны лёс? Ён перажыў вайну?

— Перажыў вайну. Як я вярнуўся зь лягера, плакаў: «Ай, сынок, ты ж выратаваў мяне!» А калі апэрацыя «Баграціён» ціснула, партызаны з катла выходзілі. Іх трэба было затрымліваць. Але мы іх і ня бачылі. А Рагулю далі загад ехаць на Вільню. Тут казакі адступаюць, немцы. А ён прывёў нас у парк наваградзкі ўвечары. «Хлопцы, немцы прайгралі канчаткова. Так ім і трэба. Але я не застануся. Хто хоча, са мной ідзіце. А хто хоча — дахаты ідзіце ці ў партызаны».

Усіх байцоў рагулеўскага швадрона па вайне чакаў ГУЛаг. Міхал Паўлюць, жыхар Далятычаў, успамінае іх са спачуваньнем. Дарэчы, ягонае спачуваньне ня тычыцца тых, хто быў у паліцыі.

— Бушма пасьля ваяваў на фронце. Але пасьля данесьлі на яго нейкія далятыцкія людзі. Нагаварылі, што быццам ён выяжджаў на засаду на партызан. Яшчэ Васіля Давыдава выдалі сьледчаму. Ён нікуды не выяжджаў. Бушма той кухарам быў у швадроне. Дзевяць гадоў яму далі. А Трубка адразу папаўся. У Вільні. Жонку паранілі, і ён здаўся. Дзевятнаццаць гадоў далі.

А тады яго за хіб — і пасадзілі. І далі дваццаць пяць гадоў. Адваяваў.

Не ратаваў былых швадронаўцаў ад лягера і ўдзел у вайне на баку Чырвонай Арміі. Колькі б ні выкупляў сваю віну салдат спачатку на германскім фронце, а пасьля яшчэ і на японскім, калі пашчасьціла выжыць, лягера пасьля перамогі было не пазьбегнуць. Гаворыць Валянціна Буйвал.

— Майго стрыечнага брата забралі ў гэтыя «рагулі». А пасьля ён трапіў на фронт. Пасьля таго як прыйшоў ад Рагулі. Спачатку на германскі, а пасьля яшчэ і на японскі. А тады яго за хіб — і пасадзілі. І далі дваццаць пяць гадоў. Адваяваў. Быў на двух франтах.

А рэшткі 30-й дывізіі СС, куды трапілі ўсе падразьдзяленьні колішняй Беларускай краёвай абароны, 30 красавіка 45-га здаліся амэрыканцам. Беларусаў амэрыканцы перадалі савецкім уладам. У тым ліку і нашага героя — Яўгена Ўсюкевіча.

— 23 жніўня мяне затрымалі. А 25-га судзілі. Афіцэры-сьмершаўцы казалі: «Ды, таварышы, не беспакойцеся. Усё будзет харашо». Заходзіць неяк капітан, зь сівізной. І да мяне: «Как дела?» Я: «Какія дзяла? Калі ўжо пусьціце ў расход?» «Каво? Ты што? Какой расход? Чего ты беспакоісься? Адбудзеш, жэнісься. Сям’я будзе». Во, думаю, ты мне заліваеш.

— А вы былі гатовыя да сьмерці?

Я памятаю, са мной быў яшчэ Янка Орсіч. Казаў: «Жэня, калі будуць расстрэльваць — „Жыве Беларусь!“, і ўсё. Хай страляюць».

— Толькі. Я памятаю, са мной быў яшчэ Янка Орсіч. Казаў: «Жэня, калі будуць расстрэльваць — „Жыве Беларусь!“, і ўсё. Хай страляюць». Мы іншага не чакалі. Перад гэтым мяне дагала разьдзелі. У мяне быў аўсвайс настаўніка на нямецкай і беларускай мовах. Іконка, што мне дала матка. Усё гэта парвалі і ў агонь кінулі. Тут нас, думаю, і пакончаць. Далі арыштанцкае адзеньне. І назаўтра суд. А перад судом ізноў заходзіць гэты капітан. Вось скаціна, думаю, чэкіст. «Знаеш, што я табе скажу? Табе больш васьмі лет не дадуць». Я засьмяяўся. Ілжэ табе ў твар чалавек. І паехаў я пасьля суда на восем гадоў у горад Рыбінск.

Рыбінск — гэта прыгожае купецкае места на Волзе, дзе зэкі працавалі на ўмацаваньні дамбаў на вядомым вадасховішчы. Гэта ня Комі і не Калыма. Але пашчасьціла нашаму герою яшчэ ў адным. У пана Яўгена была ў руках спэцыяльнасьць.

— Я сталярную справу добра ведаў. Гэта мяне толькі і выратавала. Сталярную справу на марозе ня робіш. Толькі ў памяшканьні. А гэта вялікая справа. А ў 52-м годзе нам падкінулі сорак савецкіх генэралаў. На наш участак. Ёсіф Вісарыёнавіч Сталін апрэдзяліў усю жукаўскую каманду. Генэрал-палкоўнік Цялегін, генэрал-палкоўнік Таржанскі, генэрал-палкоўнік Самохін, генэрал-палкоўнік юрыдычнай службы Чаплінскі, генэрал-лейтэнант танкавых войск Арлоў. Іх сорак было. І я — як брыгадзір. А яны што? Толькі чорную работу маглі рабіць, як падзёншчыкі.

Як вам такая карцінка? Сорак савецкіх баявых генэралаў пад кіраўніцтвам былога гаўптшарфюрэра. Сапраўды, у сталінскім лягеры ўсе былі роўныя. Зрэшты, трэба адзначыць, савецкія органы ня ведалі пра афіцэрскае званьне Ўсюкевіча, якое яму даў за два тыдні да здачы ў амэрыканскі палон Францішак Кушаль. Што кіравала шэфам БКА, які, сам азваўшыся палякам, застаўся ў амэрыканцаў, застаецца загадкай.

— Я не паказаў на сьледзтве, што маю чын. А то маглі б судзіць, як Паўлюса! Ім патрэбная была рабочая сіла, моладзь. Мяне ніхто пальцам не крануў. Нават апошнім часам я ўжо не на нарах ляжаў. А на спружынным ложку, з матрацам. І таблічка. «Ударник коммунистического труда». Я і вызваліўся ўдарнікам камуністычнай працы.

Супрацоўнікі МГБ спрабавалі завербаваць пана Яўгена ў сэксоты не аднойчы. Пачалося яшчэ ў лягеры.

— Памятаю, у лягеры выклікае мяне асабіст Сальнікаў. «Ну, у вас невялікі тэрмін. Але ж вы павінны з намі супрацоўнічаць». Я кажу: «Як? Вы што, мне пагоны дасьцё?» «Ну што ты? Кінь. Пагоны! Ёсьць тут прахадзімцы. Трэба падказаць». — «Я чэсна адбываю тэрмін. У гэтым я ўдзельнічаць ня буду. Вы можаце падумаць, што я пры немцах мог супрацоўнічаць». — «А мы цябе туды загонім, дзе Макар цялят ня пас». — «А гэта ваша справа». І ён мне дае паперку і дыктуе: «Я, Усюкевич Евгений Вячеславович, имея разговор с сотрудником МГБ, обязуюсь хранить как государственную тайну». Нас тады выклікалі восем чалавек. Можа, нехта і пагадзіўся. Але я наадрэз адмовіўся. Я ўжо падрыхтаваўся да горшага. Але мяне больш не выклікалі. Адчапіліся. Ніякіх даносаў, ніякіх супрацоўніцтваў. Працуй і здабывай кавалак хлеба.

Гэтую фразу «обязуюсь хранить разговор как государственную тайну» Ўсюкевічу прыйшлося пісаць яшчэ ня раз. Як і жартаваць наконт выдачы пагонаў. Як і ўратаваць ад гэтага супрацоўніцтва і жонку, і сяброў. Ягоныя парады і сёньня ня страцілі актуальнасьці.

— Я жонцы сваёй казаў. «Ты толькі аформілася на працу, месяца не прайшло. Цябе абавязкова выклічуць на супрацоўніцтва. Паводзь сябе рашуча, сьмела. Адразу ў лоб». І было такое зь сябрам у Карэлічах. Карэліцкі гэбіст выклікаў на супрацоўніцтва. А я яму сказаў перад гэтым: «Пеця, запомні!». І ён сказаў чэкісту: «Хай у мяне рука адсохне». — «Ну дык мы цябе!..» — «А гэта ваша справа». І адчапіліся. І кажа: «Калі б ты не прыехаў, я б змаладушнічаў. Я падпісаў бы».

Яўген Усюкевіч — чалавек неверагоднага лёсу. Чалавек, які пасьля ўсяго, што бачыў, захаваў адкрыты ўсьмешлівы позірк. Ня кожнаму ў той калатнечы ўдалося захаваць сумленьне чыстым, не забіць, не данесьці, не прыхаваць крыўду. І каб напрыканцы жыцьця радавацца старасьці на радзіме.

— Вось жа ваяка! Ні ў каго ня стрэліў. Ні ў немца, ні ў партызана, ні ў амэрыканца. Вайну прайшоў і тэрмін атрымаў. А за што?

— У вас не было шкадаваньня ці зайздрасьці да вашых аднагодкаў, якія засталіся на Захадзе, паразьяжджаліся па Канадах, па Амэрыках?

— Ніякай зайздрасьці. Усё ж такі лепш жыць на радзіме. Быць з народам і разьдзяліць ягоны лёс. Зусім па-іншаму... Не зайздрошчу. Нават зь нейкім шкадаваньнем адношуся да гэтых людзей. Таму што сумна ім без радзімы. А мне чэкісты дапамаглі. Вельмі сардэчныя людзі. З бацькаўшчынай сустрэцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG