Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першамайская зачыстка


Вёсак з назваю Казлы ў Беларусі нямала. Пра адну зь іх я нават ведаю показку. Кіроўца падабраў дзяўчат, якія галасавалі на дарозе, і пытае ў іх: «Куды, дзеўкі, едзеце?» — «Да Казлоў», — адказваюць дзяўчаткі. Паглядзеў мужык на прыгажунь і кажа: «Такія прыгожыя дзяўчаты. І што? Не маглі сабе нармальных хлопцаў знайсьці?» Але гэта пра Казлы, што за Докшыцамі.

А вось у Казлах, што на Вялейшчыне, напярэдадні 1 траўня дарожныя службы зьдзейсьнілі сапраўдны працоўны подзьвіг. За суткі была праведзеная апэрацыя па зачыстцы старой фэрмы. Каб не псавала від начальніцкаму воку. Пяць вялікіх будынкаў былой калгаснай фэрмы спачатку разбурылі, пасьля закапалі ў катлаван і акуратна засыпалі пясочкам. Што выклікала ў вяскоўцаў адназначную рэакцыю. Слова старой казлоўцы бабе Надзе.

— Зладзеі! Зладзеі! Такую фэрму! Такія грошы! Новенькія вагі! Перавярнулі тыя вагі. І людзям не сказалі. Хоць па цагліне б забралі. Гараж бы пабудавалі. Зладзеі гэтыя. Калгасьнік рады і гэтай цагліне. Паўсюль адны зладзеі! Мільярды зарылі. Хай бы прадалі, дык грошы б мелі. А так зарылі з вачэй далей. Дзесяць экскаватараў! Гэта чуда было цэлае. Да цямна рабілі. Усё былі ламалі, крышылі. Хай бы дарогу зрабілі нам, дык дарогі няма. Дык на дарогу грошай няма, а на гэта знайшліся. Зладзеі!

Больш за ўсё людзей азадачыла тое, што ўлады нават ня выказалі жаданьня падзяліцца той цэглай, тым шыфэрам, тымі блёкамі, якія лішнімі ў гаспадарцы не былі б.

— Такія будынкі закапалі. Хаця, можа, каму-небудзь матэрыялы б спатрэбіліся. Але ў нас прасьцей закапаць і нічога нікому ня даць. Будынкаў шэсьць зарылі. Цялятнікі, кароўнікі, дом жывёлагадоўцы. Кажуць, Лукашэнка павінен быў пралятаць. І каб парадак быў. Я ведаю, што чалавек адзін хацеў у арэнду ўзяць ці выкупіць будынак. Такую цану загнулі, што прасьцей новы пабудаваць. Як што арганізаваць, дык грошай няма. А такую плошчу пахаваць, дык і тэхніка знайшлася, і людзі. Такую тэрыторыю зачысьціць.

Цяпер дарогі, па якіх праедзе галоўны картэж, можна пазнаць ня толькі па адрамантаваных платах і пафарбаваных бардзюрах. Але і па зачышчаных былых фэрмах. «Не даставайся ж ты нікому». Вось гэтая кабета шкадуе больш пра зарытую ў зямлю лазьню.

— Столькі дабра зарылі пад зямлю. Лазьня такая была добрая. Раз — і ўсё. І закапалі. Чыстата і парадак.

Шкадуе пра фэрму старая Ірына Шавель. І нездарма.

— Такая фэрма была. Мой пляменьнік хацеў яе купіць. Каб пілараму там зрабіць. Не прадалі. Не прадаём, і ўсё. Лепш у зямлю.

А вось 80-гадовая Лідзія аддала той фэрме ўсё жыцьцё.

— Няма жывога чалавека ў вёсцы. Тут усё дажывае. Калі б раней, калі мы будаваліся тут, дык мы б ня спалі. А цягалі б адтуль, нікому не сказаўшы. Сем будынкаў! Такіх вялікіх! Такія блёкі, слупы! На падмуркі кладзі. У Баярах таксама бушавалі.

Для старой Лідзіі зарытыя будынкі — не падстава для смутку. Бо 71 год назад Ліда павінна была згарэць разам з аднавяскоўцамі падчас карнай акцыі.

— Прывялі нас на ноч у вёску Чарвякі. Многа народу. Загналі ў ток. Ужо будуць паліць. Страху нарабілі. Прайшлі зь ліхтарыкамі вакол току, каб дзе дзюрак не было. І як сталі баптысты сьпяваць. Сталі маліцца. А мы, дзеці, прыснулі. А назаўтра выганяюць усіх і адбіраюць моладзь у Германію. Ня сталі паліць. Спалілі Дубавое, Куляшы мінулі. Ішлі яны паліць Карпавічы. А ўжо вось такое жыта было. Але якісь атрад быў партызанскі. Заселі і не дапусьцілі да нашай вёскі. А так бы спалілі. А як палілі Боркі, партызаны былі ў лесе і ня выткнуліся. Пэўна, няроўныя сілы былі. Людзей там білі, а гэтыя ня выткнуліся. Схаваліся.

Казлы
Казлы

Але вернемся да сёньняшняй акцыі. Не абураюцца гэтым подзьвігам толькі дачнікі, якіх у Казлах становіцца ўсё больш і больш.

— А то вы ня ведаеце, да чаго такая сьпешка. Трэба было зруйнаваць, каб адна высокапастаўленая асоба ехала і ня бачыла гэтага. Вядома, добра было б нешта ўзяць сабе. Але трэба было ім тэрмінова рабіць. Таму тут без варыянтаў. Усё зрабілі добра, роўненька. Такі быў страшны выгляд. Мы з мужам усё казалі — пакуль Аляксандар Рыгоравіч ня скажа, толку ня будзе. І едзем — бачым: тэхніка працуе, катлаваны рыюць.

А вось іншы дачнік, Уладзімір Салянкоў, пэнсіянэр-вайсковец, дазнаўшыся, што я з Радыё Свабода, наладзіў мне доўгую лекцыю пра амэрыканскі імпэрыялізм і вялікую Расею. Але падчас лекцыі высьветлілася, што мой суразмоўца — былы калега палітыка Мікалая Статкевіча па вайсковай акадэміі. І словы Ўладзіміра пра былога кандыдата ў прэзыдэнты нашмат цікавейшыя за пераказ маскоўскай прапаганды. Пра таварыша хлусіць не атрымліваецца.

— Вельмі сур’ёзны хлопец. Кандыдат навук. Прафэсійна займаўся псыхалёгіяй вялікіх навуковых калектываў. Кандыдат навук. Адукаваны, з сфармаванымі поглядамі. Гэта адзіны чалавек у нас на катэдры, які ўстаў на партыйным сходзе і са словамі «я не падзяляю больш пазыцыю Камуністычнай партыі» паклаў партыйны білет на стол і пайшоў. Хлопец ён мэтанакіраваны і вельмі разумны.

У нашай краіне яшчэ шмат чаго можна зарыць. Езьдзячы па Беларусі, я ўсё часьцей бачу ня толькі разбураныя фэрмы. Ужо пачынаюць сыпацца аграгарадкі. Іх таксама будуць зарываць у зямлю? Каб нішто не засмуціла галоўнага начальніка.

І вельмі хочацца падправіць векапомныя радкі Янкі Купалы.

Хай смутак вачэй тваіх добрых ня росіць,
Ці сонейка захад, ці сонейка ўсход.
Прымі ж ты ахвяры, якія прыносіць
Табе, правадыр, беларускі народ!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG