«Нашы чытачы і раней дапамагалі нам, але цяпер, дзякуючы зручнай пляцоўцы „Талакі“, збор грошай стаў яшчэ лягчэйшым», — піша рэдакцыя.
«Мы не адмаўляемся ад разьмяшчэньня рэклямных матэрыялаў. Тут хутчэй каштоўнаснае пытаньне. Беларусы мусяць мець нацыянальнае СМІ, незалежнае ў сваіх поглядах ад дзяржавы, ад Захаду і ад Усходу. Тое, што падрыхтоўка матэрыялаў будзе фінансавацца самімі грамадзянамі Беларусі, будзе сьведчыць пра тое, што нас чытаюць і нам давяраюць. Таму такі збор грошай — гэта давер да нас як да СМІ», — сказаў Свабодзе намесьнік галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч.
У апісаньні праекту пазначана мэта — 10 000 рублёў. Ягор Марціновіч дадаў, што збор грошай будзе не аднаразовай акцыяй:
«Мы зьбіраемся рабіць гэта штогод. Зараз мы пачалі збор грошай на пляцоўцы „Талака“. Гэта экспэрымэнтальны праект, каб ацаніць, на што здольныя нашыя чытачы, наколькі вялікая падтрымка СМІ ў Беларусі. Калі зьбяром больш, будзем вельмі ўсьцешаныя. Калі менш — ну што ж, давядзецца шукаць дадатковыя крыніцы матывацыі».
За паўтара дня ад старту збору подпісаў праект сабраў больш як 1700 рублёў.
На думку Ягора Марціновіча, самымі значнымі расьсьледаваньнямі, зробленымі аўтарамі «Нашай Нівы», ёсьць тыя, якія тычацца праяў «русского мира» ў Беларусі:
«„Наша Ніва“ пісала пра трэніровачныя лягеры расейскіх неанацыстаў, куды спрабавалі зацягнуць беларускіх школьнікаў; разабралася са сьветапоглядам „бацюшкі са свастыкай“ і зь мінулым лідара „Румола“. Гэта прынцыповае пытаньне нацыянальнай бясьпекі. Істотна, што на гэтыя праявы „русского мира“ пасьля нашых публікацый сталі рэагаваць улады і сілавыя структуры».
Рэдакцыя мяркуе і далей займацца расьсьледаваньнямі, зьвязанымі з «русским миром», таксама абяцаюць, што будуць спажывецкія расьсьледаваньні — пра тавары і паслугі.
Усім ахвярадаўцам «Наша Ніва» абяцае падарункі. У залежнасьці ад сумы гэта будуць нататнікі, кубкі, байкі, фотаздымкі Сяргея Гудзіліна. А да таго, хто ахвяруе 1000 рублёў, рэдакцыя абяцае прыехаць усім складам і пасадзіць бульбу.
«Гучыць як жарт. Але мы будзем чакаць, калі нехта ахвяруе такую суму. Акурат пасьля гэтага ўсе змогуць даведацца, ці жартавалі мы наконт бульбы», — сказаў Ягор Марціновіч.