Навукоўцы амэрыканскага касьмічнага агенцтва NASA на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі паведамілі, што ў сыстэме Trappist-1 дасьледчыкі знайшлі 7 плянэтаў памерам прыблізна зь Зямлю, зь якіх тры плянэты маюць умовы, патэнцыйна прыдатныя для жыцьця.
Паводле навукоўцаў, гэтыя плянэты маюць прымальную для ўзьнікненьня жыцьця тэмпэратуру, доступ да сьвятла, і на іх паверхні можа быць вада.
Плянэты рухаюцца па арбітах вакол зоркі Trappist-1, якая знаходзіцца ў сузор'і Вадаліва прыблізна за 40 сьветлавых гадоў ад Зямлі.
Сыстэма Trappist-1 была знойдзеная праз назіраньні з дапамогай тэлескопа Trappist, які месьціцца ў Чылі, і потым вывучалася навукоўцамі празь іншыя тэлескопы па ўсім сьвеце.