Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народ убачыў спалоханую ўладу


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

З аднаго боку, здаецца, нічога новага. За апошнія 22 гады нешта падобнае мы бачылі ня раз. Праз паўтарагадовы перапынак краіна вяртаецца ў свой звычайны стан. Стан халоднай (а часам і гарачай, як сёньня) грамадзянскай вайны.

Зь іншага боку, шмат што беспрэцэдэнтна. Здаецца, ніколі раней улады ня ладзілі такіх прэвэнтыўных рэпрэсій напярэдадні Дня Волі, не было такога маштабу запужваньня грамадзтва баевікамі і «крывавым Майданам».

Ніколі раней праваахоўныя органы ня «шылі» так груба крымінальнай справы па артыкуле «масавыя беспарадкі» да самой акцыі 25 сакавіка. Нават пасьля 19 сьнежня 2010 году перасьлед апазыцыі грунтаваўся на сапраўдным факце — біцьці дзьвярэй у будынку Дому ўраду. Зачапіўшыся за яго, улады ўжо накручвалі абвінавачваньні. Цяпер справа «Белага легіёну» лепіцца ўвогуле на пустым месцы, абсалютна штучна. Затрымалі невінаватых людзей, якія ні сном ні духам не датычныя да таго, у чым іх абвінавачваюць. І гэта ўжо нагадвае 1937 год.

Пакуль на гэты час невядомая колькасьць затрыманых 25 сакавіка. Але, гледзячы па ўсім, лічба пацярпелых набліжаецца да той, якая фігуравала ў трагічную ноч з 19 на 20 сьнежня 2010 году. Розьніца толькі ў тым, што сёньня акцыя была абсалютна мірная (строга кажучы, і акцыі ж не адбылося, людзям не далі сабрацца ў адным месцы).

Сталіца на некалькі дзён апынулася фактычна на ваенным становішчы. Здаецца, ніколі раней не было, каб быў закрыты свабодны ўезд у горад, усе машыны спынялі міліцыянты з аўтаматамі і спраўджвалі дакумэнты.

Усе гэтыя падзеі паказваюць, як моцна Лукашэнка траўмаваны шырокімі народнымі пратэстамі апошніх тыдняў

Усе гэтыя падзеі паказваюць, як моцна Лукашэнка траўмаваны шырокімі народнымі пратэстамі апошніх тыдняў. Яны за кароткі час разбурылі вобраз «народнага прэзыдэнта», які ствараўся гадамі і дзесяцігодзьдзямі. І, зразумела, ён, робячы стаўку на голую сілу і страх, хоча запужаць грамадзтва, якое глынула свабоды, загнаць яго назад. У пэўным сэнсе гэта дае патрэбны ўладам эфэкт.

Аднак ёсьць і адваротны бок, існуюць і нэгатыўныя наступствы грубага сілавога сцэнару. Па-першае, Лукашэнку не ўдалося схаваць уласны страх ад насельніцтва. Абывацель раптам нечакана для сябе ўбачыў спалоханую ўладу, якая давяла саму сябе да стану ваяўнічага псыхозу. А ў такой сытуацыі нярэдка «зносіць дах». І гэта не абавязкова сьведчыць пра сілу існага рэжыму. Бо моцная ўлада не пераходзіць мяжу неабходнай абароны.

Па-другое, улады ўласнымі рукамі разбураюць канструкт стабільнасьці, якой яшчэ нядаўна яны моцна ганарыліся. Калі ў сталіцы фактычна ўводзіцца ваеннае становішча, горад запоўнены ўзброенымі фармаваньнямі, міліцыянты ходзяць з аўтаматамі, то пра якую стабільнасьць можна весьці гаворку? Гэта краіна ў стане вялікіх забурэньняў.

З улікам таго, што грамадзтва за апошні месяц моцна палітызавалася, сілавы разгон акцыі 25 сакавіка можа спарадзіць вялікую нянавісьць да ўлады

Па-трэцяе, абвяшчаючы ворагамі ўсіх, хто выходзіць на вуліцу з пратэстам, улады фактычна дэлегітымізавалі, атаясамілі з апазыцыяй і баевікамі тых людзей, якія цэлы месяц у рэгіёнах пратэставалі супраць дэкрэту № 3. А ім спачувала ці ня большасьць насельніцтва. Разгарнуўшы зацятую барацьбу з апазыцыяй, улады рызыкуюць апынуцца ў стане вайны з народам. З улікам таго, што грамадзтва за апошні месяц моцна палітызавалася, сілавы разгон акцыі 25 сакавіка можа спарадзіць вялікую нянавісьць да ўлады. Вядома ж, што ад любові да нянавісьці ўсяго адзін крок.

Якія наступствы? Лукашэнка прыйшоў да высновы, што лібэралізацыя, нават касмэтычная, у спалучэньні з глыбокім сацыяльна-эканамічным крызісам — гэта небясьпечны кактэйль. Таму, думаю, з гульнёй у нейкі новы вобраз Беларусі скончана.

Усьлед за касмэтычнай лібэралізацыяй пала сьмерцю храбрых і мяккая беларусізацыя. Зьвярніце ўвагу, на ролю баевікоў прызначылі ня нейкіх прадстаўнікоў прарасейскіх арганізацый, напрыклад, тых жа казакоў, якія ладзяць шматлікія летнікі для моладзі. Пра гэта шмат пісалі незалежныя мэдыі. Не, на гэтую ролю ўзялі людзей з нацыянальна-дэмакратычнага лягера, беларускамоўных.

Незразумелая велічыня — як паўплываюць апошнія падзеі на дачыненьні з Захадам? Пакуль ЭЗ і ЗША было не да Беларусі.

Такім чынам, Лукашэнка імкнецца вярнуць грамадзтва назад. Але ці можна ўвайсьці ў адну раку двойчы?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG