Грамадзкая актывістка Ніна Багінская пацярпела ў будынку Менскага гарадзкога суду: невядомы выкруціў ёй рукі і забраў бел-чырвона-белы сьцяг.
Падчас судовага працэсу ў справе прызнаньня памерлым былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі невядомы мужчына вырваў з рук пэнсіянэркі пакунак, у які быў загорнуты бел-чырвона-белы сьцяг.
Ніна Багінская паведаміла Свабодзе падрабязнасьці інцыдэнту:
«Я прыйшла да залі паседжаньняў за пятнаццаць хвілін да пачатку працэсу. З сабой я мела невялікі кіёчак, і мяне адмовіліся прапускаць у залю. Увесь час да пачатку працэсу давялося тлумачыць ахоўнікам, што яны ня маюць права на гэтай падставе забараніць мне ўваход, і ў выніку ў залю я прайшла.
Калі судзьдзя пачала зачытваць вырак, я дастала з сумкі пакунак, у які быў загорнуты бел-чырвона-белы сьцяг. Я хацела надзець сьцяг на кіёчак і ўзьняць яго, каб гэтак выказаць салідарнасьць з Ульянай Захаранкай, якой судзьдзя адмаўляла ў прызнаньні памерлым яе сына Юрыя Захаранкі.
Раптам да мяне падскоквае невядомы мужчына ў цывільным, вырывае з рук пакунак і выбягае з залі суду. (…) Ён моцна выкруціў мне рукі, добра, што яшчэ не зламаў
Але гэтага зрабіць не пасьпела: раптам да мяне падскоквае невядомы мужчына ў цывільным, вырывае з рук пакунак і выбягае з залі суду. Усё гэта адбываецца ў той момант, калі судзьдзя зачытвала рашэньне, і гэтак неспадзявана, што я на момант разгубілася. Па-першае, сьцяг быў у пакунку, і толькі я пра гэта ведала. А па-другое — ён моцна выкруціў мне рукі, добра, што яшчэ не зламаў.
Я выбегла за ім у калідор, але такія ж самыя пераапранутыя міліцыянты, якія там стаялі, зрабілі зьдзіўлены выгляд, што, маўляў, не разумеюць, пра што гаворка і хто куды пабег.
І калі ўжо ішла ў прыёмную старшыні, каб гэтую заяву зарэгістраваць, гэтак жа сама раптоўна да мяне падскочыў яшчэ адзін мужчына, таксама ў цывільным адзеньні, і ўпіхнуў мне ў рукі мой пакунак, прамармытаўшы нешта кшталту «вам прасілі перадаць»
Па завяршэньні паседжаньня я напісала заяву на імя старшыні Менскага гарадзкога суду, якую падпісалі некалькі сьведак. І ў гэтай заяве запатрабавала выявіць асобу, якая ў будынку суду ўчыніла на мяне разбойны напад, адабраўшы маю маёмасьць.
І калі ўжо ішла ў прыёмную старшыні, каб гэтую заяву зарэгістраваць, гэтак жа сама раптоўна да мяне падскочыў яшчэ адзін мужчына, таксама ў цывільным адзеньні, і ўпіхнуў мне ў рукі мой пакунак, прамармытаўшы нешта кшталту «вам прасілі перадаць».
У выніку я дадала ў сваёй заяве, што маю маёмасьць вярнулі, але прашу прыняць меры, каб супрацоўнікі суду паводзілі сябе па-людзку, а не па-бандыцку.
Я думаю, што тыя міліцыянты, якія адабралі ў мяне пакунак са сьцягам, вярнулі мне яго таму, што разумеюць: іхнія дзеяньні кваліфікуюцца адпаведным артыкулам Крымінальнага кодэксу. Гэта азначае, што прадстаўнікі ўлады ў памяшканьні дзяржаўнай установы чыняць гвалт, які караецца Крымінальным кодэксам, гэта значыць — чыняць беззаконьне. І таму яны вярнулі мне маю маёмасьць, каб сваё беззаконьне схаваць».