Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нам будзе што ставіць пры любой уладзе»: гісторыі актораў «Свабоднага тэатру»


Закансьпіраваныя катэджы і гаражы, налёты міліцыі на спэктаклі — прызнаны за мяжой і шмат разоў ушанаваны на міжнародных фэстывалях, усе дзесяць год свайго існаваньня «Свабодны тэатар» жыве ў беларускім падпольлі. Прафэсійныя акторы, афіцыянты, інжынэры і журналісты — перад чарговымі гастролямі ў Вялікабрытаніі і ЗША з нагоды 10-гадовага юбілею ўдзельнікі тэатру распавялі Свабодзе свае гісторыі.

Павал Гарадніцкі: «Мне не зразумела, як можна з рабскай сьвядомасьцю працаваць у тэатры»

Павал Гарадніцкі грае ў «Свабодным тэатры» ад самага пачатку — з 2005 году. Пасьля сканчэньня Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў ён трапіў у «Свабодны тэатар», калі той існаваў толькі ў выглядзе конкурсу.

Павал Гарадніцкі перад спэкатклем «Родныя й блізкія»
Павал Гарадніцкі перад спэкатклем «Родныя й блізкія»

«У дзяржаўным тэатры вам няма чаго рабіць», — гэта нам казаў Валер Мазынскі, у якога мы вучыліся на курсе разам зь Дзянісам Тарасенкам, яшчэ адным акторам «Свабоднага тэатру». Ён такую фразу нават кінуў: «Такі зараз час, трэба нешта рабіць, можа, на кватэрах, нейкія катэджы наймаць». І як у ваду глядзеў, бо літаральна празь некалькі месяцаў патэлефанаваў Валодзя Шчэрбань і запрасіў паўдзельнічаць у чытцы, якая перарасла ў «Свабодны тэатар».

Дзе будзе праходзіць спэктакль, гледачы нават ня ведаюць. Іх сустракаюць у дамоўленым месцы і потым вядуць у «хатку»
Дзе будзе праходзіць спэктакль, гледачы нават ня ведаюць. Іх сустракаюць у дамоўленым месцы і потым вядуць у «хатку»

Я спрабаваў уладкавацца ў Тэатар юнага гледача. Я прайшоў усе конкурсы, чытаў байкі і вершы. І вось мяне ўжо зьбіраліся афармляць, але за дзень дырэктар кажа, што яны ня могуць узяць да сябе, бо прайшлі чуткі, што я ў «Свабодным тэатры» граю.

І дзякуй Богу, у мяне не было досьведу ў дзяржтэатры. Я ня думаю, што камусьці цікава граць Астроўскага ў літаральным сэнсе. А яны на поўным сур’ёзе ў гэта гуляюцца. Ня граюць, а гуляюцца. Такая прорва паміж гледачом і тым, што адбываецца на сцэне. Акторы — яны баяцца гледача. Тое, што яны робяць на сцэне, — гэта абсалютна адарвана ад жыцьця.

Трапіць у тэатар можна толькі праз папярэдні запіс: колькасьць месцаў вельмі абмежаваная
Трапіць у тэатар можна толькі праз папярэдні запіс: колькасьць месцаў вельмі абмежаваная

Мая жыцьцёвая пазыцыя не супярэчыць таму, што прапагандуе «Свабодны тэатар»: чалавек павінен быць свабодным, захоўваць годнасьць. А працаваць, калі твая жыцьцёвая пазыцыя не адпавядае таму, пра што ты гаворыш на сцэне, немагчыма. Для мяне незразумела, як можна з рабскай сьвядомасьцю працаваць у тэатры. Як можна мірыцца з сытуацыяй, якая цябе акружае? Я не заклікаю ісьці на плошчу са сьцягамі. Але трэба не баяцца сказаць пра рэчы, якія цябе хвалююць, хаця б самому сабе.

Павал Гарадніцкі ў спэктаклі «Быць Гаральдам Пінтэрам»
Павал Гарадніцкі ў спэктаклі «Быць Гаральдам Пінтэрам»

Мы прызвычаіліся, што за мяжой зьбіраем вялікія залі, а на радзіме пра нас ня згадваюць. Неяк навучыліся з гэтым жыць. Нашмат больш нам нестае зваротнай сувязі. Нам цікава, каб людзі ў фэйсбуку пра гэта пісалі. Што трапляе, а што не трапляе.

Так выглядаюць «партэр», «бэльэтаж» і «балькон» у «Свабодным тэатры» — «глядацкая заля» адмежавана ад «сцэны» толькі белай лініяй
Так выглядаюць «партэр», «бэльэтаж» і «балькон» у «Свабодным тэатры» — «глядацкая заля» адмежавана ад «сцэны» толькі белай лініяй

Быў такі выпадак на новым спэктаклі «Зямля № 2» па п’есе Максіма Дасько. Там сантэхнік пабываў у Лёндане і зразумеў, што трэба дамоў, дома — клясна. Ён ляціць у самалёце, чуе голас пілёта, які кажа, што пралятаем над Беларусьсю, і раптоўна пачынае плакаць. Я ў гэты час сяджу сярод гледачоў, і яны апынаюцца на адным узроўні са мной. І вось, калі я кажу, што ў Гены пачынаюць трэсьціся губы і ён плача, жанчына гадоў 50, глядачка, якая сядзіць побач, яна абдымае мяне, пачынае супакойваць і казаць: «Ня плач, ня плач...»

Павал Гарадніцкі ў спэктаклі «Быць Гаральдам Пінтэрам»
Павал Гарадніцкі ў спэктаклі «Быць Гаральдам Пінтэрам»

Я ня думаю, што нам не было б чаго ставіць, калі б у Беларусі была іншая ўлада. Ня думаю, што сытуацыя зьмянілася б настолькі, што не было б пра што казаць. Нават калі б наступіў рай. Мы ня кажам, што вось гэта дрэнна, а вось гэта добра. Мы проста апісваем сытуацыю, канстатуем яе. Вы ўжо самі рабіце высновы.

Вядома, час ад часу прыходзяць думкі, каб зьехаць. Мы ж таксама маглі застацца ў Англіі. Хтосьці мог бы сарвацца, а ў кагосьці сям’я і дзеці. Аднак, зьехаўшы, мы страцім гледача тут. Цікава ж рабіць у першую чаргу для сваіх. Так, за мяжой цікава і добра прымаюць. Але самыя шчырыя гледачы, якія разумеюць, — тут. Шмат якія рэчы за мяжой не растлумачыш. Як можна любіць сваю каналізацыйна-помпавую станцыю і мізэрную зарплату? Гэтыя рэчы зразумелыя толькі нам. Толькі мы зь іх можам сьмяяцца, плакаць, прымаць іх ці адмаўляць. Таму што, нягледзячы на ўсе сацсеткі, мы ўсё роўна застаёмся замкнутай краінай.

Андрэй Уразаў: Завод — манастыр — тэатар

Тэхнар па адукацыі, Андрэй Уразаў прыйшоў у «Свабодны тэатар» з манастыра, дзе працаваў у творчай майстэрні.

Андрэй Уразаў пачынаў у «Свабодным тэатры» з бэкстэйджу — тэхнічнай арганізацыі
Андрэй Уразаў пачынаў у «Свабодным тэатры» з бэкстэйджу — тэхнічнай арганізацыі

Я пачынаў яшчэ ў школьным тэатры. У нас быў вельмі цікавы рэжысэр — сацыяльны пэдагог. Самае галоўнае, што яна рабіла — гэта тэатар. Прыходзіш у актавую залю — і панеслася! Я таму ў школе ні халеры не вучыўся, проста казаў, што ў мяне рэпэтыцыя — і ўсё.

Потым ва ўнівэрсытэце мы шалелі ў тэатры «Эксцэс». Гэта таксама быў нейкі нефармат, называўся тэатрам абсурду. Мы яго рабілі пры наргасе, ставілі папуры — сьмешныя і дурныя. Аднойчы нават выступалі ў Палацы рэспублікі, а аднаго разу нас запрасілі выступіць на вясельлі.

Мэнэджэр тэатру Сьвятлана Сугака рыхтуе «дэкарацыі» да спэктаклю
Мэнэджэр тэатру Сьвятлана Сугака рыхтуе «дэкарацыі» да спэктаклю

«Прыяжджай у манастыр, тут цікавае месца», — з такой прапановай да мяне патэлефанавала аднойчы рэжысэр майго школьнага тэатру. Як аказалася, яна ўладкавалася працаваць намесьнікам кіраўніка студыі ў Сьвята-Елісавецінскім манастыры пад Менскам. Яна казала не пра тое, што праца крутая, а што месца цікавае. Там людзі кіно здымаюць. А я акурат бяз працы сядзеў. Ну, і вырашыў папрацаваць.

А гэта ж манастыр, куча манахіняў, загадчыц розных аддзелаў, якія насамрэч ня ўмелі нічым кіраваць. І я там быў кіраўніком вытворчасьці кампакт-дыскаў, аднак фактычна рабіў усё на сьвеце: актораў развозіў, сам пры гэтым здымаўся ў кіно і яшчэ пасьпяваў патлумачыць, каму што рабіць. Бясконцыя здымкі, перавозка дэкарацыяў. Калі вызваляўся час, займаўся сваімі паперкамі. І паўтара года я так адпрацаваў.

Андрэй Уразаў у спэктаклі «Родныя й блізкія», у пастаноўцы якога ўдзельнічаў ад самага пачатку
Андрэй Уразаў у спэктаклі «Родныя й блізкія», у пастаноўцы якога ўдзельнічаў ад самага пачатку

У 2009 годзе я паглядзеў спэктакль «Зона маўчаньня». Такога ўнутранага перажываньня, псыхічнага, эмацыйнага я ўвогуле ніколі ў тэатры не адчуваў. Я хадзіў у тэатар, нешта бачыў, але тое, што зрабілі хлопцы!.. Я потым яшчэ тыдзень пра гэты спэктакль думаў. Я ўвогуле ня мог зразумець, што гэта было.

Потым я трапіў у народны тэатар «Мы» пры пэдунівэрсытэце, дзе граў камуніста ў «Барвовай высьпе» Булгакава. Мы нават езьдзілі на гастролі ў нейкі аграгарадок, дзе ўсе напіліся. Ну, гэта жах нейкі!

А потым я вельмі выпадкова трапіў у студыю «Fortinbras» пры «Свабодным тэатры». Спачатку спалучаў працу і заняткі ў студыі. Мы рабілі этуды, займаліся плястыкай, мікраспэктаклі ставілі. А потым у тэатра пачаліся гастролі, і я зрываюся з працы і еду разам зь імі ў Амстэрдам, дзе дапамагаў рабіць бэкстэйдж. А калі вярнуліся, стаў адразу ўдзельнічаць у асноўным складзе спэктакля «Родныя й блізкія», які мы рыхтавалі з нуля. Потым рэзыдэнцыя ў Фалмуце ў Англіі. Я вучыўся проста ў хлопцаў і дзяўчат. Вельмі шмат практыкі — гэта дало плён. Тут жа ў «Свабодным тэатры» самі акторы выкладаюць некаторыя курсы для студэнтаў «Fortinbras’а».

На спэктаклі «Быць Гаральдам Пінтэрам» заўжды аншляг
На спэктаклі «Быць Гаральдам Пінтэрам» заўжды аншляг

Дзіўна, ужо колькі граю ў тэатры, але я не ўсьведамляю сябе акторам. Хто я? Я ня ведаю. Часам, калі ты працуеш над новым спэктаклем, потым яго ставіш, граеш у ім, у цябе ўсё атрымліваецца, ты думаеш, што актор. А потым сытуацыя, калі не ўдаецца зрабіць нейкі этуд, і ты разумееш — ну які ж ты актор? Гэта вельмі складана, і дагэтуль незразумела для мяне самога.

Я дагэтуль не пазбавіўся параноі. Падчас спэктакляў мы замыкаем дзьверы, і вось калі нехта пачынае грукаць у дзьверы і вокны, ты ня ведаеш, ці гэта гледачы, якія спазьніліся, ці міліцыя. Ты разумееш, што нават калі й міліцыя, табе нічога ня будзе. У горшым выпадку — тры гадзіны ў РУУС, ну, суткі могуць даць за «Пінтэра» (спэктакль «Быць Гаральдам Пінтэрам». — Рэд.). Але ўсё адно мець стасункі зь міліцыянтамі лішні раз ніколі ня хочацца.

Кірыл Машэка: «Мог працаваць у РУУСе, а мяне туды прывозяць як злодзея»

Кірыл Машэка рэпэтуе ролю перад спэктаклем «Быць Гаральдам Пінтэрам»
Кірыл Машэка рэпэтуе ролю перад спэктаклем «Быць Гаральдам Пінтэрам»

Кірыл Машэка скончыў юрыдычны каледж пры БДУ і нават праходзіў практыку ў РУУС. Праз пару гадоў пасьля гэтага ў райаддзел унутраных спраў яго ўжо прывезьлі ў якасьці затрыманага актора «Свабоднага тэатру».

Сышоў з унівэрсытэту і ня ведаў, чым займацца. Зразумеў, што юрыспрудэнцыя мне нецікавая, пасьля 4-га курсу юрфаку БДУ. І тут раптам ад сяброўкі я атрымаў спасылку пра набор у лябараторыю «Fortinbras». Вырашыў паспрабаваць, хоць пра «Свабодны тэатар» раней нават ня чуў.

На сваім першым спэктаклі «Свабоднага тэатру» Кірыла Машэку ўразіла, што гледачы прысутнічаюць на сцэне побач з акторамі
На сваім першым спэктаклі «Свабоднага тэатру» Кірыла Машэку ўразіла, што гледачы прысутнічаюць на сцэне побач з акторамі

Мяне вельмі ўразіў спэктакль «Менск 2011», дзе гледачы амаль прысутнічаюць на сцэне побач з акторамі. Тады я ў першы раз трапіў на спэктакль перад гутаркай. Паміж акторамі і гледачамі амаль не было ніякай мяжы. І спэктакль быў вельмі моцны. Цяпер я сам у ім граю, таму не магу ацаніць яго.

Культавы спэктакль «Быць Гаральдам Пінтэрам»
Культавы спэктакль «Быць Гаральдам Пінтэрам»

Пасьля каледжу праходзіў практыку ў пракуратуры, адміністрацыі Маскоўскага раёну, у РУУСе Савецкага раёну, аддзеле па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Вярнуўся я туды ўжо ў якасьці затрыманага актора «Свабоднага тэатру». Нас затрымалі падчас прагляду фільму «Дыктатар» і павезьлі ў РУУС.

У райаддзеле ўнутраных спраў я сустрэў сваю аднагрупніцу зь юрыдычнага каледжу. Яна вельмі спужалася, пабачыўшы мяне, і нават не павіталася. Хіба падумала, што я стаў якім злачынцам.

Я ніколі не кажу, што я актор. Я граю ў тэатры, нешта спрабую зрабіць, але не магу сказаць, што я актор. Ня ведаю, ці гэта дрэнна.

Марына Юрэвіч — адна зь пяці прафэсійных актораў «Свабоднага тэатру»
Марына Юрэвіч — адна зь пяці прафэсійных актораў «Свабоднага тэатру»

Вось я дакладна магу сказаць, што я афіцыянт. Гэта было маёй першай працай. Потым я працаваў афіцыянтам у Маскве, у Сыбіры. Я і цяпер падпрацоўваю афіцыянтам. Калі здараюцца цяжкія моманты ў тэатры, калі маральна і фізычна мне цяжка, калі я вельмі стомлены, афіцыянцтва бярэ верх. У рэстаране я адчуваю сябе гаспадаром у хаце. Я размаўляю з наведвальнікамі, пытаюся, чаго яны хочуць паесьці, нешта магу параіць, ад нечага, што ня так смачна, магу адгаварыць. Яны прыходзяць да мяне, як сябры. Мне нават ня сорамна будзе, калі ў 40–50 гадоў я буду працаваць афіцыянтам.

Віка Біран: «Тут выхоўваюць унівэрсальных людзей мастацтва»

Віка Біран, выпускніца студыі «Fortinbras», сышла з факультэту журналістыкі на 3-м курсе, каб паехаць на гастролі са «Свабодным тэатрам».

Віка Біран вучылася на журфаку, да таго як стала акторкай
Віка Біран вучылася на журфаку, да таго як стала акторкай

Зразумела, што хачу стаць часткаю гэтага. У 2010 годзе паралельна з журфакам я вучылася на аддзяленьні журналістыкі ў Беларускім калегіюме. На заняткі да нас прыйшоў Халезін з майстар-клясам. Ён расказаў, дзе і як шукаць спэктаклі «Свабоднага тэатру». Я схадзіла на некалькі спэктакляў і зразумела, што хачу стаць часткаю гэтага дзейства.

Потым мяне выключылі з журфаку. Але пагналі мяне не за актыўнасьці нейкія, а проста таму, што мяне не адпускалі ў акадэмічны адпачынак. Разам са «Свабодным тэатрам» мы ехалі ў чатырохмесячныя гастролі па Брытаніі, а для дэканату гэта не было падставай для атрыманьня «акадэмкі». Я расставіла прыярытэты і зразумела, што тэатральныя справы для мяне важнейшыя за журфак.

Ва ўмоўнай грымёрцы перад спэктаклем
Ва ўмоўнай грымёрцы перад спэктаклем

Пэўная частка сяброў ад мяне адразу адвалілася. Гэта іншае жыцьцё, дзе ты большую частку свайго часу праводзіш у тэатры і праз гэта ня можаш пайсьці патусіць зь сябрамі. І выходзіць так, што нашмат большую ролю ў тваім жыцьці пачынаюць адыгрываць людзі, якія выпадковым чынам і стыхійна тут сабраліся.

Паслья некалькіх спэктакляў Віка Біран зразумела, што хоча стаць часткаю «Свабоднага тэатру»
Паслья некалькіх спэктакляў Віка Біран зразумела, што хоча стаць часткаю «Свабоднага тэатру»

Мая мама ўпершыню прыйдзе на спэктакль у гэтую суботу. У яе дзень народзінаў, і я вырашыла зрабіць ёй вось такі падарунак. А так бацькі асабліва не паглыбляюцца ў падрабязнасьці, што ў мяне адбываецца.

Акторы й студэнты «Свабоднага тэатру» на занятках па харэаграфіі
Акторы й студэнты «Свабоднага тэатру» на занятках па харэаграфіі

Студыя «Fortinbras» выхоўвае ўнівэрсальнага чалавека мастацтва. Пасьля яе людзі здольныя займацца мастацтвам у розных сфэрах: ад фармулёўкі ідэі да постпрадакшна. Атрымаўшы досьвед ва ўсіх сфэрах, я вырашыла, што адчуваю сябе больш моцнай у арганізацыйнай сфэры, чым у акторскай. Я хачу заняцца тэатральным мэнэджмэнтам, бо ў ім ты можаш пабачыць канкрэтны вынік сваёй працы. У акторстве ж ніколі няма канкрэтнага выніку: табе заўжды трэба разьвівацца, пастаянна шукаць новыя формы.

Паслья спэктаклю «Быць Гаральдам Пінтэрам»
Паслья спэктаклю «Быць Гаральдам Пінтэрам»

Быў пераломны момант, калі, адпрацаваўшы пяць гадоў у тэатры, я раптам узгадала, што ў сьвеце ёсьць і іншыя рэчы. Таму я вырашыла пачаць свой уласны праект. Я валодаю ўнікальнымі навыкамі, якія магу прымяняць у абсалютна розных сфэрах, у тым ліку ў тэатральных. А калі ты працуеш побач з такім мозгам, як Натальля Каляда, ты заўжды будзеш мець натхненьне на тэатральныя праекты. Гэта проста неверагоднае натхненьне!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG