У райцэнтры Круглае, што на Магілёўшчыне, жыхары незадаволеныя ініцыятывай мясцовай улады па правядзеньні Дня безаплатнай працы. Яны сьцьвярджаюць, што такія Дні плянуецца праводзіць раз на месяц. Заробленыя на іх сродкі пойдуць на падрыхтоўку Круглага да абласных «Дажынак». Прадпрыемствам і арганізацыям даведзеныя сумы, якія яны мусяць пералічыць на рахунак райвыканкаму.
Першы такі Дзень правялі 25 лютага. Дзённы заробак кожнага працаўніка раёну пералічаны на ўпарадкаваньне Круглага. Як кажуць жыхары райцэнтру, выдзеленых сродкаў на сьвяткаваньне нестае. Гэты недахоп і пакрываюць людзкімі «ахвяраваньнямі». Так сьцьвярджае і мясцовая актывістка Зінаіда Мілешчанка. Яна займела копію райвыканкамаўскага дакумэнту, зь якога відаць, як, колькі і хто, на погляд чыноўнікаў, мусіць здаць грошай на «Дажынкі»:
«У мэтах прыцягненьня сродкаў на добраўпарадкаваньне гарадзкога пасёлка Круглае для фэстываля-кірмаша „Дажынкі“ па прапанове працоўных калектываў Круглянскі выканаўчы камітэт рашыў правесьці ў Круглым Дзень безаплатнай працы, рэкамэндаваць заробленыя сродкі на працоўных месцах у Дзень безаплатнай працы ў добраахвотным парадку пералічыць на пазабюджэтны рахунак Круглянскага раённага выканаўчага камітэту», — цытуе Зінаіда Мілешчанка пастанову круглянскіх чыноўнікаў.
«Яны не давялі людзям, на што канкрэтна будуць расходавацца сабраныя грошы», — працягвае Зінаіда Мілешчанка:
«Людзей абурае тое, што гэтыя грошы могуць пайсьці на нейкія сэмінары ды зборы. У нас раён апошнім часам ператварыўся ў нейкі цэнтар усякіх сэмінараў, сустрэч па абмене досьведам ды збораў. Мільёнаў пяцьдзясят-шэсьцьдзесят яны, пэўна, зьбяруць. Як сказала мне сёньня адна жанчына: «Я, — кажа яна, — эканомлю на ўсім, каб дзецям у выходныя дні купіць банан ці яблыкі. І мне гэтых грошай на „Дажынкі“ шкада».
У адкрытую круглянцы ня кажуць пра сваю незадаволенасьць. Гэтая тэма абмяркоўваецца толькі сярод знаёмцаў, якія давяраюць адзін аднаму. Тлумачаць гэта людзі тым, што баяцца страціць працу.
«Раён — жабрак. Тут развалілі ўсё, што можна было. Засталася адна арганізацыя, якая яшчэ неяк выжывае», — далучаецца да гутарка мужчына, які прасіў сябе не называць:
«Людзі тут баяцца страціць месца працы, але ў асноўным людзі незадаволеныя. Аднак ім прасьцей трыццаць-сорак тысяч выкінуць, каб ад іх адчапіліся. Калі пачынаюць абурацца, то іх палохаюць кантрактамі. Цяпер жа гэтая кантрактная сыстэма, каб закрыць людзям рот».
Як вынікае з пастановы райвыканкаму, асьвятляць ход Дня неаплатнай працы даручалася мясцовым дзяржаўным СМІ. У самім райвыканкаме пацьвярджаюць, што такі Дзень у раёне праводзіўся, аднак адмаўляюць, што ён стане рэгулярным. Скаргаў, кажуць чыноўнікі, ім не паступала:
Я эканомлю на ўсім, каб дзецям у выходныя дні купіць банан ці яблыкі. І мне гэтых грошай на „Дажынкі“ шкада
«Гэта ня тое, што на абласныя „Дажынкі“, хоць да іх прымеркаваны такі Дзень. Але тут жа добраўпарадкаваньне гарадзкога пасёлка ідзе, то бок упрыгожваньне пасёлка. Ніякіх пярэчаньняў не было наконт гэтага», — тлумачыць сытуацыю прадстаўнік райвыканкаму.
«Мы ж толькі першы Дзень правялі, а вось летась у Кіраўску было такіх Дзён неаплатнай працы пяць ці шэсьць. А мы дык адзін толькі. Гэта было прынята рашэньне раённага выканаўчага камітэту аб правядзеньні Дня неаплатнай працы. І ўсё, больш ня будзе».
Запэўніваньням дзяржаўнага службоўца, што Дзень неаплатнай працы — акцыя разавая, людзі веры не даюць. Думаюць так: быў адзін, будзе і другі:
«Суботнікі такія будуць штомесяц, пакуль не падрыхтуюць раён да „Дажынак“. Куды ідуць грошы, мы ж ня ведаем. А каму яны патрэбныя, тыя „Дажынкі“? Гэта ж чыстая паказуха», — кажа ананімны суразмоўца.
На падрыхтоўку Круглага да «Дажынак» свой заробак за дзень, як пазначана ў дакумэнце з райвыканкаму, мусяць пералічыць працоўныя калектывы, супрацоўнікі пракуратуры, міліцыі. Свой унёсак мусяць зрабіць і сяляне. Сабраныя грошы будзе разьмяркоўваць раённы жылкамгас.