Міністэрства замежных спраў не распаўсюджвае інфармацыю пра тое, хто будзе прадстаўляць Беларусь на саміце «Ўсходняга партнэрства» ў Рызе.
«Пакуль мы такую інфармацыю не распаўсюджваем», — сказаў карэспандэнту Свабоды прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык.
Спадар Мірончык не адказаў на пытаньне, зь якой прычыны гэтую інфармацыю трымаюць у таямніцы.
Раней прэм’ер-міністар Латвіі Лаймдота Страўюма сказала журналістам, што пакуль незразумела, хто будзе прадстаўляць Беларусь на гэтым мерапрыемстве. Яна выказала меркаваньне, што Лукашэнка, хутчэй за ўсё, не прыедзе. Паводле Страўюмы, замест Лукашэнкі Беларусь на саміце маглі б прадстаўляць прэм’ер-міністар ці міністар замежных спраў.
У прэс-службе беларускага ўраду карэспандэнту Свабоды сказалі, што ня маюць інфармацыі пра паездку ў Рыгу прэм’ер-міністра.
Удзел у саміце пацьвердзілі прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, прэзыдэнт Армэніі Серж Саргсян, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў, прэзыдэнт Малдовы Мікалай Цімафці і прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Гарыбашвілі.
Саміт у Рызе пройдзе 21–22 траўня.
15 траўня ў Браціславе міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей узяў удзел у сустрэчы міністраў замежных спраў краін Вышаградзкай групы і ініцыятывы ЭЗ «Усходняе партнэрства». На ёй абмяркоўвалася падрыхтоўка да саміту ў Рызе.
«Макей прадставіў пазыцыю Рэспублікі Беларусь у дачыненьні да „Ўсходняга партнэрства“, акцэнтаваўшы неабходнасьць неканфрантацыйнага, прагматычнага падыходу да правядзеньня Рыскага саміту», — паведамляе МЗС Беларусі.