Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы прааналізавалі тэксты Эдуарда Пальчыса і прызналі яго палітвязьнем


Эдуард Пальчыс
Эдуард Пальчыс

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі і Беларуская асацыяцыя журналістаў апублікавалі на сайце «Вясны» супольную заяву, у якой прызналі аўтара блога 1863x Эдуарда Пальчыса, вядомага пад псэўданімам Jhon Silver, палітычным зьняволеным. Тэксты Пальчыса яны прызналі неэкстрэмісцкімі, а выкарыстаньне парнаграфічнай выявы — зьдзейсьненым бяз гнюсных мэтаў.

Такую заяву праваабаронцы зрабілі пасьля аналізу 9 артыкулаў Пальчыса, у якіх суд Цэнтральнага раёну Менску ўгледзеў экстрэмізм. Дасьледчыкі прыйшлі да высновы, што інфармацыя ў іх ня ўтрымлівае прыкметаў заклікаў да вайны, гвалту ці выступаў на карысьць расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці, не ўяўляе пагрозы нацыянальнай бясьпецы, грамадзкаму парадку ці здароўю і маральнасьці насельніцтва.

9 артыкулаў з сайту 1863х.com, якія прызналі экстрэмісцкімі

«Матэрыялы ўяўляюць сабой нішто іншае, як меркаваньні аўтара адносна тых ці іншых гістарычных падзеяў, фактаў, утрымліваюць крытычныя заўвагі адносна геапалітычных канцэпцыяў і зьнешняй палітыкі некаторых дзяржаваў, — гаворыцца ў заяве. — Аўтар ня меў на мэце прыніжэньне прадстаўнікоў нейкіх канкрэтных нацыянальнасьцяў, этнічных ці расавых групаў».

Дасьледчыкі дадаюць, што ў дадзенай сытуацыі вялікае значэньне мае і аналіз кантэксту, у якім зробленыя тыя ці іншыя выказваньні. У сувязі з гэтым яны прыходзяць да высновы, што артыкулы — «дапушчальная форма выказваньня свайго меркаваньня і ня могуць перасьледавацца ў крымінальным парадку».

Сам Пальчыс лічыць, што суд Цэнтральнага раёну прыняў сваё рашэньне аб прызнаньні артыкулаў экстрэмісцкімі без дасьледаваньня саміх артыкулаў, і накіраваў скаргу ў Менскі гарадзкі суд.

«Я ніколі не хацеў быць палітзьняволеным» — адвакат перадае словы Пальчыса з СІЗА

Адносна другога абвінавачаньня, у распаўсюдзе парнаграфіі, праваабаронцы прызнаюць забарону распаўсюду парнаграфіі дапушчальным абмежаваньнем свабоды выказваньня. Разавае выкарыстаньне ілюстрацыі з парнаграфічнай выявай, якая, на думку Пальчыса, павінна была прадэманстраваць карыстальнікам недапушчальныя падыходы да падачы інфармацыі некаторымі вэб-рэсурсамі, — гэта, на погляд праваабаронцаў, недальнабачны крок, але ён не павінен стаць падставай для пазбаўленьня волі.

«У дадзеным выпадку Пальчыс не перасьледаваў карысьлівых ці якіх-небудзь іншых гнюсных мэтаў, — заяўляюць праваабаронцы. — Аналіз правапрымяняльнай практыкі па некаторых падобных рэзанансных выпадках сьведчыць, што пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі па іх судамі не ўжывалася».

Уцёкі і экстрадыцыя Эдуарда Пальчыса. Храналёгія перасьледу Джона Сільвэра

Праваабаронцы лічаць перасьлед Пальчыса палітычна матываваным, патрабуюць вызваліць яго з-пад варты («забесьпячэньне ягонай яўкі ў суд можа быць гарантаванае і іншымі мерамі стрыманьня»), спыніць супраць яго крымінальную справу за распальваньне варожасьці і забясьпечыць правядзеньне адкрытага судовага працэсу.

Працэс над Эдуардам Пальчысам мае пачацца 14 кастрычніка, суд будзе закрыты. Пальчысу пагражае да пяці гадоў абмежаваньня волі або да 4 гадоў пазбаўленьня волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG