Адзін з найбольш вядомых спартсмэнаў XX стагодзьдзя Мухамад Аліпамёр у ЗША на 75-м годзе жыцьця пасля больш чым 30 гадоў барацьбы з хваробай Паркінсана, паведамляе Бі-бі-сі.
Спартсмэн памёр у шпіталі ў Фэніксе, штат Арызона, куды ён быў дастаўлены два дні таму з рэспіраторным захворваньнем.
Алі быў адзіным баксёрам, які тройчы выйграваў тытул чэмпіёна сьвету ў цяжкай вазе. За сваю амаль дваццацігадовую спартыўную карʼеру ён выйграў 56 паядынкаў, 37 зь якіх скончыліся накаўтам.
Упершыню ён выйграў усясьветны тытул пад сваім сапраўдным імем Касіюс Клэй у лютым 1964 году. У тым жа годзе ён зьмяніў імя на Мухамад Алі, натхніўшыся ідэалёгіяй руху чарнаскурых мусульман ЗША і прыняўшы іслам.
У 1967 годзе, пасьля адмовы праходзіць службу ў войску, ён быў пазбаўлены чэмпіёнскага тытулу, яму таксама забаранілі праводзіць баі на тэрыторыі ЗША, а таксама выяжджаць за мяжу.
Адмена забароны на правядзеньне баёў дазволіла Алі вярнуць чэмпіёнскі тытул у 1974 годзе ў паядынку з Джорджам Форманам. Трэці чэмпіёнскі тытул ён выйграў у 1978 годзе.