Каманды "Літвіны", "Паганцы" і "Зубры", Кубак Вітаўта — так выглядае амэрыканскі футбол у Беларусі. Адкуль тут столькі гістарычных адсылаў і чаму амэрыканскі футбол у Беларусі і праз 26 год існаваньня застаецца аматарскім спортам, высьветліла Свабода.
На першую трэніроўку
сабраўся 20-тысячны стадыён
Гісторыя амэрыканскага футболу ў Беларусі пачалася ў 1990 годзе, калі ў Менск прыехаў маскоўскі клюб "Мядзьведзі".
У Беларусі ў той час акурат утварылася першая каманда "Драконы", якая зьбіралася ў Вясьнянцы. Прыезд "Мядзьведзяў" быў хутчэй трэніроўкай, дзе маскоўскія гульцы тлумачылі правілы. Пра гэта Свабодзе распавёў Аляксандар Куксо — адзін з заснавальнікаў і галоўны трэнэр менскіх "Літвінаў".
Гульнявы сэзон стартуе ў траўні, але каманда пачынае трэніравацца, калі на вуліцы яшчэ ляжыць сьнег
"Там расказвалі, як і куды трэба бегчы на полі, далі форму і потым правялі трэніровачную гульню", — кажа Куксо.
Трэніроўка і гульня праходзілі на "Трактары" — другім па менскім стадыёне. Уся арэна, якая ўмяшчала больш як 20 тысяч чалавек, была запоўнена гледачамі.
Цікавасьць да амэрыканскага футболу тады была куды большая, чым сёньня. Напрыклад, па тэлебачаньні штотыдзень паказвалі агляд Нацыянальнай футбольнай лігі.
Аляксандар Куксо гуляе ў амэрыканскі футбол з 1991 года
На хвалі гэтай папулярнасьць ў 1991 годзе ў Менску зьявіліся "Зубры" — самая старая беларуская каманда па амэрыканскім футболе. Ад пачатку ў "Зубрах" гуляў і Куксо. Першы сэзон Чэмпіянату СНД яны прайгралі, затое потым двойчы станавіліся самай моцнай камандай у рэгіёне.
Расейцы ўжо не пытаюць,
чаму клюб называецца "Літвіны"
Амаль дваццаць год увесь амэрыканскі футбол у Беларусі трымаўся на адных "Зубрах". Пакуль у 2010 годзе зуброўскія вэтэраны не сыйшлі і ўтварылі новую каманду — "Літвіны".
"Чаму мы — "Літвіны"? Вы ж ведаеце гісторыю, і хто гэта. Літвіны — гэта наша роднае", — кажа Куксо.
На самым пачатку расейцы, зь якімі "Літвіны" гулялі ў адной лізе, пыталіся, чаму беларуская каманда мае "літоўскую" назву.
"Нашая назва нясе свой пасыл, — кажа 36-гадовы Павел Далганаў, які гуляе за "Літвінаў" з 2012 года. — Цяпер у Расеі ведаюць, хто такія літвіны, і што гэта не літоўцы. Геаграфічна менчукі — акурат літвіны".
"Літвіны" маюць ня толькі гістарычную назву. Герб каманды — гэта стылізаваныя "Калюмны", што былі адным зь дзяржаўных сымбаляў у Вялікім Княстве Літоўскім.
Акрамя "Літвінаў" у Беларусі ёсьць іншыя каманды з адсыламі да Сярэднявечча: у Менску гуляюць "Паганцы", а ў Гародні — "Барбары". Таксама ў нас ўжо двойчы праводзіўся Кубак Вітаўта.
Сёлета Літвіны гуляюць у прэм’ер-дывізіёне Лігі амэрыканскага футболу – самым моцным чэмпіянаце ва ўсходнеэўрапейскім рэгіёне
"Мы паказваем, што гэта наша мінулае, — кажа Далганаў. — Нашыя карані важныя для нас".
За 25 год у дзяржавы не зьмянілася
стаўленьне да амэрыканскага футболу
Амэрыканскі футбол мае 26-гадовую гісторыю ў Беларусі. Мясцовыя каманды перамагалі ў Кубку СНД, час ад часу ў нас праводзіцца свой турнір, ёсьць пяць камандаў. Але беларускага чэмпіянату, як і нацыянальнай зборнай, у нас ніколі не было.
Першая гульня сэзону 2016 года была супраць маскоўскай каманды “United”
"За 25 год стаўленьне да амэрыканскага футболу ў дзяржавы не зьмянілася, — кажа Далганаў. — Гэта не алімпійскі спорт, а таму, відаць, на нас не зьвяртаюць увагі".
Аляксандар Куксо ўказвае на больш глыбокія чыньнікі. На ягоную думку, прафэсыйнага амэрыканскага футболу, дзе гульцы маглі б жыць за кошт заробкаў у камандзе, у нас ня будзе ў сучасных эканамічных і заканадаўчых умовах.
Павел Далганаў – маркетоляг. Але гэта не замінае яму гуляць у амэрыканскі футбол ужо пяты год
"Прафэсійны спорт зьявіцца, калі будзе дазволеная спонсарская дзейнасьць, і калі бізнэсоўцы будуць гатовыя ўкладаць грошы ў спорт. Калі СМІ будуць асьвятляць спорт, прычым беларускі. Нашае ТБ калі і паказвае трансьляцыі, то ангельскую ці гішпанскую лігу".
У той жа час, некамэрцыялізаваны спорт дае амэрыканскаму футболу шчырасьць, якой бракуе ў прафэсыйных лігах.
Судзьдзі падчас першага хатняга матчу “Літвінаў”
"Мы тут усе звычайныя хлопцы, якія прыйшлі на першую трэніроўку ды захварэлі футболам, — кажа Далганаў. — Я вось маркетоляг. У нас гуляюць праграмісты, бармэны, інжынэры, грузчыкі — усе".
Фінансавы фактар тут выключаны,
мы проста гуляем у кайф
Юнацкіх сэкцый у амэрыканскім футболе ў Беларусі няма, а таму патрапіць у каманду можа літаральна любы чалавек з вуліцы. "Сэлекцыю" звычайна праводзяць праз абвесткі ў трэнажорных залях і сацсетках.
У амэрыканскім футболе вельмі шмат перапынкаў. Гульня ў сярэднім цягнецца каля 2,5 гадзін
"Мы так і пішам: "Калі ты вялікі і моцны, але ня ведаеш, куды прымяніць сваю сілу, прыходзь да нас", — кажа Далганаў. — Я вось хадзіў у трэнажорку, бегаў кросы, быў фізычна падрыхтаваны. Трэба было дзесьці рэалізаваць сябе. Так я стаў гульцом".
Многія, праўда, цягнуцца ў гульню за прыгожай абмундзіроўкай, у якой потым можна зрабіць фота на аватарку.
"Вельмі шмат такіх, што прыходзяць, каб пакрасавацца ў форме, ды зрабіць фота. А як даходзіць справа да гульні, яны зьнікаюць", — кажа Куксо.
І хоць у камандзе вялікая цякучка, асноўны склад тут стабільны: каля 20 чалавек гуляюць ужо па пяць гадоў, з моманту заснаваньня клюбу. На гэтым касьцяку "Літвіны" сталі самай моцнай камандай па амэрыканскім футболе ў Беларусі.
“Літвіны” маюць сваіх сталых заўзятараў
Сёлета яны гуляюць у прэм’ер-дывізіёне Лігі амэрыканскага футболу. Там сабраныя самыя моцныя каманды з Расеі і адна — зь Беларусі. Чарговую хатнюю гульню "Літвіны" правядуць 4 чэрвеня на стадыёне САК "Алімпійскі", што на вул. Сурганава, 2а ў Менску.
У Беларусі і іншых эўрапейскіх краінах матчы часьцей за ўсё праходзяць на звычайных футбольных палях. Але, у адрозьненьне ад звычайнага футболу, тут няма нагляду міліцыі. І хоць клюб існуе выключна за грошы саміх гульцоў, уваход на стадыён усё адно вольны.
"Фінансавы чыньнік выключаны, — кажа Далганаў. — У нас тут няма заробкаў, а таму мы проста гуляем у кайф".