Як паведамляе The Washington Post з спасылкай на крыніцы ў Кангрэсе, рашэньне прынялі пасьля гучных публікацыяў у мэдыя і ціску з боку дэмакратаў, рэспубліканцаў і рэлігійных лідэраў.
Згодна з новым рашэньнем, ініцыятыва атрымала фінансаваньне яшчэ на шэсьць тыдняў для перадачы сваёй базы зьвестак агенцтву Эўразьвязу EUROPOL, каб дапамагчы крымінальнаму перасьледу ваенных злачынстваў ва Ўкраіне і па-за яе межамі.
Раней шэраг СМІ паведамлялі, што адміністрацыя Трампа спыніла фінансаваную ЗША ініцыятыву, якая дакумэнтавала меркаваныя расейскія ваенныя злачынствы, у тым ліку зьбірала канфідэнцыйную базу зьвестак аб масавай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расею.
The Washington Post паведамляла, што гэты крок зрабіў немагчымым перадачу доказаў пракурорам, якія вядуць шматлікія крымінальныя справы, у тым ліку абвінавачаньне Міжнародным крымінальным судом прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ў «незаконным перамяшчэньні» дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Такім чынам, расьсьледнікі Гуманітарнай дасьледчай лябараторыі Ейльскага ўнівэрсытэту страцілі доступ да велізарнай колькасьці інфармацыі, уключна з спадарожнікавымі здымкамі і біямэтрычнымі зьвесткамі, якія дазвалялі ім адсочваць месцы знаходжаньня 35 000 дзяцей з Украіны.
У эксклюзіўным інтэрвію Натаніэль Рэйманд, выканаўчы дырэктар дасьледчай лябараторыі гуманітарных навук Ейльскага ўнівэрсытэту, сказаў Радыё Свабода, што гэты крок стаў «катастрафічным ударам» па спробах дакумэнтаваць ваенныя злачынствы і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. Але 20 сакавіка Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША зьняпраўдзіў зьнішчэньне зьвестак пра выкрадзеных Расеяй украінскіх дзяцей.
Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец выказаў здагадку, што Расея незаконна вывезла з Украіны каля 150 тысяч дзяцей. Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады ў правах дзіцяці Дар’я Герасімчук называе лічбу ў «некалькі сотняў тысяч дзяцей, гэта значыць дзесьці 200-300 тысяч».
На 26 лютага Ўкраіна змагла вярнуць 1227 дзяцей з тэрыторыі Расеі і часова акупаваных тэрыторыяў, паведаміла першая лэдзі Ўкраіны Алена Зяленская.
У сакавіку 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэры на арышт Пуціна і расейскай упаўнаважанай у правах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай. Іх падазраюць у зьдзяйсьненьні ваенных злачынстваў — гвалтоўнай дэпартацыі і перамяшчэньні насельніцтва, у тым ліку дзяцей, з акупаваных тэрыторыяў Украіны.
Форум