На заключным этапе конкурсу, які праходзіў напярэдадні ўвечары ў абласным драмтэатры, пятнаццаць канкурсантак спаборнічалі на сцэне ў чатырох дзеях — візытоўка, танец, выхад зь дзецьмі, вечаровы ўбор.
Журы аднагалосна прысудзіла карону Аліне Малыш, сапраўднай маці-гераіні.
Пераможца, апроч кароны і тытулу «Місіс Гомель-2016», атрымала таксама залатыя ўпрыгожаньні з каштоўнымі камянямі ад генэральнага партнэра конкурсу — ВА «Крышталь», і пяць тысяч рублёў — ад прыватнай гандлёвай кампаніі «Аляксандар і Ксенія».
Цяпер у сям’і Аркадзя Малыша дзьве афіцыйна каранаваныя прыгажуні — жонка Аліна і дачка Ўлада, якая пры канцы лістапада выйграла конкурс «Маленькая гамяльчанка — 2016».
«Прызнацца, я яшчэ не зусім уцяміў, што вакол мяне ажно дзьве каралевы — жонка і дачка. Вярнуліся ўсёй сям’ёй з конкурсу ў дзьве гадзіны ночы, стомленыя і шчасьлівыя. А зранку я ўжо на працы», — кажа Аркадзь Малыш.