Сёньня, 1 кастрычніка, місія Міжнароднага валютнага фонду на чале зь яе кіраўніком Пітэрам Долманам завяршае працу ў Беларусі. Пэрспэктывы атрыманьня Менскам трохмільярднага крэдыту ад МВФ экспэрты на дадзеным этапе ацэньваюць вельмі скептычна.
Менск працягвае абмяркоўваць магчымасьць прыцягненьня новага крэдыту МВФ на 3 млрд даляраў на 10 гадоў пад 2,28%.
Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць, што на сёньня шанцаў атрымаць крэдыт МВФ у афіцыйнага Менску няма.
«Думаю, што сёньня пэрспэктыў атрыманьня крэдыту няма. Беларускія ўлады ня выканалі шэраг вельмі важных рэкамэндацый, якія ў апошнія гады выказвае МВФ. Заўвагі МВФ тычацца перш за ўсё таго, што няма сапраўднай лібэралізацыі цэнаў, няма курсу на пабудову сапраўднай рынкавай эканомікі. МВФ не зьбіраецца даваць грошы на ўратаваньне беларускага крыштальнага сасуду. А нейкіх канкрэтных фактаў, якія б сьведчылі, што Аляксандар Лукашэнка робіць стаўку на будучыню, на зусім іншы эканамічны ўклад, — няма. Таму, я думаю, будуць працягвацца перамовы, беларускі ўрад будзе старацца пераконваць нейкімі дробязямі, што ён добра ўсё робіць. Падвысіць кошты на жыльлёва-камунальныя паслугі, зробіць інфляцыю 9% з дапамогай рэгуляваных цэн і скажа — вось, у нас макраэканамічнай стабільнасьці стала больш.
У казарме можа быць парадак, але ці добра даваць грошы на ўтрыманьне гэтай казармы, а не зусім іншую архітэктуру краіны?» — адзначыў Яраслаў Раманчук у інтэрвію Свабодзе.
Эканаміст Леанід Злотнікаў таксама ня верыць, што ў сёньняшняй сытуацыі Беларусь атрымае крэдыт МВФ.
«Верагоднасьць таго, што Беларусь не атрымае крэдыт, большая, чым верагоднасьць таго, што крэдыт будзе выдзелены. З аднаго боку, улады просяць, а зь іншага боку не прымаюць тых мераў, якія патрэбныя для атрыманьня крэдыту», — кажа ён у размове са Свабодай.
Злотнікаў згадвае, што ў 2009 годзе, калі Беларусь атрымала крэдыт МВФ, з боку беларускіх уладаў таксама было шмат абяцаньняў наконт зьмены эканамічнай палітыкі. Але атрымаўшы грошы, улады забыліся пра гэта.
«Гаворка цяпер ідзе пра тое самае. Урад імкнецца паказаць МВФ, што гатовы да рэформаў у напрамку разьвіцьця рынкавых адносінаў, але зь іншага боку Міністэрства гандлю (Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю — РС) атрымлівае дадатковыя паўнамоцтвы па кантролі цэнаў, а Лукашэнка абяцае рэгуляваць цэны ледзь не на ўсе тавары. То бок з аднаго боку мы бачым, што прадстаўнікі ўраду нешта абяцаюць МВФ, а зь іншага боку прэзыдэнт дэманструе, што зьмяняць беларускую эканамічную мадэль не зьбіраецца. Яшчэ некалькі гадоў таму, калі пачыналіся размовы пра новы крэдыт, МВФ хацеў, каб абяцаньне выканаць рынкавыя рэформы даў менавіта кіраўнік дзяржавы.
Крэдыт Беларусі могуць выдзеліць, але наша краіна павінна выконваць канкрэтныя ўмовы. Пакуль упэўненасьці ў тым, што гэтыя ўмовы будуць выкананы, няма», — адзначае эканаміст.