У Кіеве, у «Крымскім доме», адбылася выстава здымкаў крымскага фатографа і журналіста Міколы Семены, які знаходзіцца пад арыштам праз падазрэньне ў замаху на тэрытарыяльную цэласнасьць Расеі.
Ад вясны 2014 году Мікола Семена працаваў пад псэўданімам, але вясной 2016 году ФСБ арганізавала ператрус у ягонай кватэры і на падставе канфіскаваных здымкаў і артыкулаў пачало крымінальны перасьлед журналіста.
На гэты момант каля 80% здымкаў, якія шмат гадоў зьбіраў Семена, канфіскаваныя, сымбалем чаго на выставе стала чыстая белая шыльда паміж фатаздымкаў, якія захаваліся.
«Мэта гэтае выставы — актывізацыя руху журналісцкае салідарнасьці да свайго калегі», — паведаміў адзін з арганізатараў мерапрыемства, былы палітвязень расейскае ўлады з Крыму Генадзь Афанасьеў.
Разам з адкрыцьцём выставы адбылася дыскусія на тэму свабоды слова і працы журналістаў у акупаваным Крыме.