63-гадовы Мікалай Салянік з Горадні, які адседзеў 7 сутак за ўдзел у «Маршы недармаедаў», кажа, што турма не зьмяніла ягоных поглядаў на дзейную беларускую ўладу, а толькі загартавала перакананьне, што ўладу трэба мяняць.
Мікалай Салянік упершыню ў жыцьці пабываў на «сутках» у ізалятары часовага ўтрыманьня.
Мікалай Салянік быў двойчы пакараны за ўдзел у абодвух «Маршах недармаедаў», якія адбыліся ў Горадні. Першы раз яго пакаралі штрафам у сем базавых велічынь — ён стаяў на прыступках аблвыканкаму зь бел-чырвона-белым сьцягам. У судзе Салянік павярнуўся да прысутных у залі і папрасіў прабачэньня, што некалі галасаваў за Лукашэнку.
Са шпіталя ў турму
На другі «Марш недармаедаў», 15 сакавіка, Салянік прыйшоў з тэмпэратурай, голас у яго быў асіплы, але ён прамаўляў на плошчы Леніна перад мітынгоўцамі. Пасьля гэтага зьлёг у шпіталь з запаленьнем лёгкіх. Да яго двойчы наведваліся міліцыянты, але ён адмовіўся зь імі размаўляць.
Паводле Саляніка, позвы ў суд ён не атрымліваў, а даведаўся, што яго судзяць, ужо пасьля разгляду справы, калі засталося толькі зачытаць рашэньне. Ён прыйшоў на суд, і адтуль яго ўжо павезьлі ў СІЗА. І вось сёньня, празь сем сутак, Мікалай Салянік на волі.
— Спадар Мікалай, найперш — як вы пачуваецеся, як было са здароўем увесь гэты час у камэры?
— Дзякуй. Я прымаў таблеткі ўвесь час і неяк пражыў і гэта. На волі папраўлюся...
— Умовы ўтрыманьня моцна адбіваліся на здароўі? Адчувалі неспакой за здароўе?
— Канечне, адчуваў і небясьпеку і страх, бо ў мяне ж да ўсяго хворае сэрца. Але хацелася б сказаць пра ўмовы ўтрыманьня — жахлівыя. Стаўленьне ў добрым сьвінарніку чалавека да жывёлы бывае лепшае, чым было ў нашым СІЗА. Камэра не праветрывалася наагул ніводнага разу за сем сутак, чатыры віды кратаў на вокнах, прыборку ў камэры ніхто ня робіць. Нават калі я сам вызваўся прыбраць камэру і папрасіў венік, то мне адказалі, што ў іх няма нічога падобнага. Давялося парваць сваю кашулю на ганучу і такім чынам рабіць прыборку. Карацей, там усё робіцца толькі дзеля аднаго — зламаць чалавека.
У камэры былі людзі з суседніх дамоў
— Хто з вамі быў побач у гэтыя дні, што за людзі?
— Розныя былі людзі: і тыя, хто ня плоціць алімэнтаў, і апівошы, і бандыты, і хуліганы... Толькі ўсе яны людзі, якія, дарэчы, жывуць у суседніх дамах, на суседніх вуліцах. І да мяне яны ставіліся з павагай, ведалі, за што я сяджу. Яны ставіліся да мяне нашмат лепей, чым ахоўнікі. Мне здавалася, што яны разумелі, што я сяджу тут у тым ліку і за іх.
— А як яны ставіліся да вашай беларускай мовы?
— Добра ставіліся. Ніхто ніколі дрэннага не сказаў пра нашу мову. Людзі глыбока адчуваюць, што гэта і іх у тым ліку мова. Адзінае — у кожнага да яе свой шлях. Мне здаецца, што тыя людзі, якія са мной сядзелі, гэта разумелі, а таму мы нават не казалі пра гэта ўслых.
Вырак быў хуткі
— Спадар Мікалай, вы прыйшлі на суд, калі ўжо судзьдзя зачытваў рашэньне па вашай справе. Што вы тады адчулі, калі вам абвясьцілі сем сутак арышту?
— Папраўдзе, я быў у шоку, я ніяк гэтага не чакаў. Мне ж не прынесьлі ні позвы, не патэлефанавалі, я толькі дзень таму выйшаў са шпіталя, я хворы на сэрца... Ніхто нічога ня ўзяў пад увагу, судзьдзя так хутка зачытаў той прысуд, а потым папросту зьбег з залі, бо, відаць, усё ж было сорамна. Я нават ня здолеў неяк адрэагаваць. Гэта было нешта.
— І вось першыя гадзіны, дні ў камэры — пра што думаецца, што не выходзіць з галавы?
— Першыя дні я насамрэч думаў толькі пра адно — што добрага я раблю для сябе, сваёй сямʼі, сваёй краіны? І з кожным днём мае перакананьні ў правільнасьці маіх учынкаў мацнелі. І я ні на хвілінку не пашкадаваў аб тым, што ўзяў актыўны ўдзел у абодвух «маршах недармаедаў», выступаў перад людзьмі, трымаў наш сьцяг. Я моцна перакананы, што раблю гэта не для сябе, а для людзей, для Радзімы, для сваіх родных і блізкіх.
Шкадую, што раней не разабраўся ў Лукашэнку
— За вельмі кароткі тэрмін вы пасьпелі стаць удзельнікам двух мітынгаў, адляжалі ў шпіталі, адбылі сем сутак арышту.
— Тады, прыйшоўшы з высокай тэмпэратурай на мітынг, я вырашыў, што лепей памру падчас мітынгу, чым з пампэрсам у шпіталі. І гэта не рашэньне аднаго дня, я ішоў да гэтага гадамі, мяне некалі таксама выхоўвалі цудоўныя бацькі, добрыя настаўнікі, проста звычайныя добрыя беларускія людзі. Я вось толькі шкадую, што на пачатку 90-х гадоў не разабраўся адразу ў Лукашэнку, а ён нас тады такіх усіх папросту падмануў, нагаварыўшы пра справядлівую сацыяльную дзяржаву. Цяпер прыйшоў час і мне разьвеяць ягоныя міты і зрабіць нешта для сваёй Радзімы.
Мікалай Салянік нарадзіўся ў Дубровенскім раёне Віцебскай вобласьці, скончыў школу ў Горацкім раёне Магілёўскай вобласьці. Адвучыўся ў Гарадзенскім сельгасінстытуце. Працаваў аграномам, у тым ліку ў калгасе «Абухава» Гарадзенскага раёну, начальнікам упраўленьня сельскай гаспадаркі Гарадзенскага райвыканкаму, дырэктарам птушкафабрыкі, старшынём калгаса, некалькі год у нямецка-беларускім сумесным прадпрыемстве «Надзея». Цяпер — пэнсіянэр.