«Калі я хачу трапіць у Маскву-2036, мне трэба прыехаць у Менск-2015», — кажа філёзаф Максім Гаруноў. Цяпер аглядальнік «Новой газеты» з досьведам працы на расейскім нацыяналістычным сайце «Спутник и погром», Максім ужо трэці раз за кароткі час прыяжджае ў Беларусь. «Я падлізваюся да вас», — з усьмешкай кажа ён.
У «Новой газете» Максім ужо апісаў Беларусь такой, якой яе не пазналі самі беларусы. «Беларусы пакуль гуляюць ва ўзорную саўковую расейскасьць, але гэта ня можа цягнуцца вечна», — напісаў ён у эсэ «Мінск ідзе да сябе».
Седзячы ў лістападаўскай менскай кавярні, філёзаф Максім Гаруноў малюе ўтапічна-антыўтапічныя карціны нашай супольнай будучыні.
Ягоны расповед наскрозь мэтафарычны і іранічны, але абапіраецца на аналіз сучасных падзеяў.
«Усе пытаюцца, што адбываецца цяпер з Масквой. Масква ператвараецца ў Менск».
«Гэта вы думаеце, што ходзіце па Менску, але гэта ня Менск. Гэта — Масква. І я размаўляю не зь менчукамі, а з масквічамі. Яны такія і будуць. Менск — гэта будучыня Масквы. Калі я хачу трапіць у Маскву-2036, мне трэба прыехаць у Менск-2015.
Глядзіце — чыста, плітка пакладзеная, аніводнага шапіка — ані з кветкамі, ані з вулічнай ежай. Казённая чысьціня. Мала кавярняў. І ўсе яны суворыя — аніякага сэрвісу, аніякіх усьмешак.
Я проста закахаўся ў кавярню «Бярозка». Я зайшоў, на мяне паглядзелі, як на ворага народу: «А чаго ты прышоў?». Я папрасіў мэню, і гэта было ўспрынята як удар па іхнім гонары. Я спытаў: «У вас ёсьць гарбата?» Яны адказалі: «У нас ЁСЬЦЬ гарбата». «А ці ёсьць у вас нешта да гарбаты?» «Не! У нас уся выпечка прыяжджае пад чацьвёртую гадзіну, разумееце, сёньня панядзелак». Я там сеў і мірна піў сваю гарбату.
Усе пытаюцца, што адбываецца цяпер з Масквой. Масква ператвараецца ў Менск.
«Яны» яе адрэстаўравалі. Плітка, пустата, аніякага вулічнага гандлю, аніякага вулічнага жыцьця. Усе кавярні, кнігарні запхнутыя ўглыб будынкаў. Прыбралі ўсе шыльды. Раней кожны прадпрымальнік як хацеў, так і вырабляў сабе шапік. Цяпер кожны «шапік» з найвышэйшага дазволу толькі будзе ўладкаваны.
Ідзеш — і лоск. Менскі лоск, дзе ўсё жывое памерла.
Уключаеш тэлевізар, а там Мядзьведзеў разважае пра надоі ў Валагодзкай вобласьці
У Масквы праблемы: нафта падае, санкцыяў ніхто не адмяняў. РБК немагчыма глядзець. Туды прыходзяць бізнэсмэны і кажуць: «Усё кепска, рынак закрываецца, я грошы выводжу». І так гадзінамі. Я гадзіны дзьве паглядзеў гэты канал — ён страшны.
Чым далей будзе ісьці імпартазамяшчэньне, чым мацней ад гэтага будзе залежаць жыцьцё людзей, тым бліжэй будзе Беларусь. Мы калі з бацькам езьдзілі ў Кіеў празь Беларусь, то самае цікавае было — гэта ўключыць ваша Першае беларускае радыё і трапіць на тое, як Лукашэнка прыехаў у калгас і крычыць на ўсіх, што яны няправільна аруць. Бацька мой быў у замілаваньні. Так і да Кіева лёгка даедзеш.
А наш Уладзімер Уладзімеравіч, які ўжо лятаў на самалётах, лятаў са сьцерхамі, пры імпартазамяшчэньні будзе як «бацька». Будзе выяжджаць у калгасы, і гэта стане трэндам.
Калі нафтавых грошай няма, а грошы трэба знутры, калі прадукты нельга завезьці з Эўропы, а трэба ў сябе вырошчваць, высокае расейскае начальства пачне сябе так паводзіць. Імпартазамяшчэньне — гэта беларусізацыя краіны. Пачынаюць араць, нешта вырошчваюць.
Ужо цяпер — уключаеш тэлебачаньне, а там Мядзьведзеў, які разважаў раней толькі пра IT-тэхналёгіі, сядзіць і разважае пра надоі ў Валагодзкай вобласьці. Гэта абсалютна беларускі дыскурс. І чым далей будзе ісьці імпартазамяшчэньне, чым мацней ад гэтага будзе залежаць жыцьцё людзей, тым бліжэй будзе Беларусь.
Мой прагноз паціху збываецца. У вас чатыры нулі прыбіраюць зь лета на валюце? А ў Расеі прынялі рашэньне дадрукаваць трыльён рублёў. Таму хутка 1 беларускі рубель будзе каштаваць 275 расейскіх. Нават у валюце расейскі рубель імкнецца да месца, якое цяпер займае беларускі рубель.
Гаварыць пра бульбу, ня маючы вусоў, — цяжка
«Вусы Пяскова» (прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў. — РС) — гэта насамрэч вусы Ўладзімера Ўладзімеравіча. Уладзімеру Ўладзімеравічу, каб быць цалкам падобным да Лукашэнкі, трэба вусы. Думаю, Пяскоў іх разношвае, а пасьля яны будуць перасаджаныя на верхнюю губу, каб і ў нас зьявіўся моцны гаспадарнік. Або Пяскоў будзе ўвесь час побач стаяць, каб вусы былі ў кадры.
Цяпер Пуцін — баец, зьнішчальнік, цар, высока лётае. А тут трэба будзе бульбу падымаць. Гаварыць пра бульбу з экрана, ня маючы на сабе добрых пшанічных вусоў, — цяжка.
Калі хочаце, каб расейцы вас палюбілі, — адмаўляйцеся ад беларускай мовы адразу ж
«Ці ёсьць на сьвеце народ, які не раздражняе расейцаў? Не! Толькі сэрбы-„братушкі“, але і яны неяк ужо не туды паглядаюць. Усе народы нас раздражняюць, і беларусы не выключэньне. „Чаму вы дагэтуль не ўвайшлі ў нас? Беларуская гэтая ваша мова, літара „у з птушачкай“, гэта чаго?“
Расейскі народ акружаюць ворагі. У расейскага народу, як вядома, два сябры — ягонае войска і ягоны флёт. Як у нармальнага мужыка два сябры — правы кулак і левы кулак. Усе астатнія — сволачы і гады, нягоднікі, рабаўнікі і здраднікі.
Калі вы хочаце, каб мы вас палюбілі, адмаўляйцеся ад сваёй беларускай мовы адразу. Цэрквы вашы трэба пазносіць, а паставіць зьверху нармальную кастрамскую макаўку, а лепш яраслаўскую. Эрзац-мову забыць. Якуб Колас ваш, усе, хто выпендрываўся і нявечыў вялікую расейскую мову — усім ім помнікі трэба зьнесьці. Паставіць помнікі Пушкіну, Дастаеўскаму, Талстому (хоць ён быў адлучаны ад царквы), Меншыкаву, вялікаму расейскаму філёзафу Ціхаміраву. Ізноў жа Мендзялееў — чалавек, які вынайшаў гарэлку і быў расейскім нацыяналістам.
Вось дранікі можаце пакінуць, але толькі без нацыяналізму».
«Прэмію Алексіевіч спэцыяльна далі, каб расейцаў прынізіць»
«Навошта Алексіевіч, калі ў нас ёсьць Захар Прылепін? Вы чыталі Прылепіна? Гэта ж магутныя раманы, гэта геніяльна. Леў Талстой плача, бо не жыве ў часы, калі друкуецца Захар Прылепін. А Шаргуноў? Вы чыталі Шаргунова? А ў яго ёсьць раманы, і яны геніяльныя.
Рускі чалавек жыве ў сьвеце, у якім у яго ўвесь час ляціць сьліна. Далі прэмію — канечне, незаслужана. Вы разгортваеце газэту „Известия“ — там любога калюмніста бярыце, кожнаму можна даваць.
Чаму даюць Алексіевіч? Таму што ня любяць рускіх. Гэта было адмыслова прыдумана. Знайшлі ж гэтую Алексіевіч, хто яе ведаў? А яна цяпер паедзе па сьвеце сваю русафобію распаўсюджваць».
А ў вас будзе «дзікі капіталізм»
«Бацьку» будзе нявыгадна сябраваць з Расеяй, ён «жанчына сумленная», сябруе толькі з тымі, хто можа яму дапамагчы. Ён сыграе ў якую-небудзь «кітайскую народную партыю». Або яшчэ адзін сын у вас ёсьць — такі мажны мужчына, вусаты, тоўсты. Падабаецца мне.