Забойства палявога камандзіра «ДНР», кіраўніка батальёну «Спарта» Арсена Паўлава (мянушка Матарола) выклікала вялікі рэзананс.
Лідэры сэпаратыстаў абяцаюць адпомсьціць за сьмерць Матаролы. Разам з тым зьяўляюцца вэрсіі, што за ліквідацыяй камандзіра батальёну баевікоў «Спарта» стаіць Крэмль.
Намесьнік Матаролы: «Будзем працягваць з большай злосьцю»
Свабода зьвязалася з намесьнікам Матаролы — баевіком, які мае мянушку «Боцман» і вярбуе баевікоў у «Спарту».
«У нас згуртаваны калектыў, у падразьдзяленьні ўсё спакойна. Нашы хлопцы баявыя, усё разумеюць... — са смуткам у голасе кажа Боцман. — Рукі цяпер апускаць ніхто не зьбіраецца. Байцы гэтага не забудуць і не даруюць. Будзем працягваць, але з большай злосьцю».
Паводле Боцмана, у Данецку агучваюцца розныя вэрсіі забойства палявога камандзіра. Расьсьледаваньне вядуць так званыя Міністэрства дзяржбясьпекі і вайсковая пракуратура «ДНР». Распачалі крымінальную справу.
Кіраўнік «ДНР» Аляксандар Захарчанка абвясьціў трохдзённую жалобу.
«Наўрад ці Матаролу забілі свае, у нас хлопцы правераныя. Расейскага сьледу таксама ня бачым... Ня бачым. Вэрсій шмат. Захарчанка лічыць асноўнай тую, што гэта зрабіла ўкраінская дывэрсыйна-выведная група», — кажа Боцман.
У «Спарце» каля 10 баевікоў — беларусаў
Свабода запытала, якім чынам у Данецк, дзе пануюць сэпаратысты, магла пранікнуць такая група.
«Ды я вам скажу, іх тут процьма! Зь ліку тых, хто пад выглядам бежанцаў вярнуўся на тэрыторыю „ДНР“ падчас замірэньня. Тут няма жорсткага кантролю, як на ўкраінскім баку, заяжджае хто заўгодна з пашпартам і зь мясцовай прапіскай. Думаю, цяпер захады бясьпекі ўзмоцняцца, пачнуцца праверкі».
«Боцман» паведаміў, што Матаролу пахаваюць у Данецку. У адказ на пытаньне, ці ёсьць на сёньняшні дзень у «Спарце» беларусы, Боцман кажа: «Да дзясятка чалавек».
Дзяніс Казанскі: адбылася чарговая ліквідацыя сваявольнага атамана
Арсен Паўлаў быў забіты ў Данецку ўвечары 16 кастрычніка — у ліфце дома, дзе жыў палявы камандзір, спрацавала выбуховае прыстасаваньне. Кіраўнік прарасейскай групоўкі «ДНР» Аляксандар Захарчанка абвінаваціў у забойстве ўкраінскую дывэрсійна-выведную групу.
Данецкі журналіст і блогер Дзяніс Казанскі лічыць вэрсію кіраўніцтва «ДНР» неверагоднай.
«Я думаю, што стаяць за гэтым, безумоўна, расейскія куратары — людзі, якія стаяць над „ДНР-ЛНР“ і сочаць, каб тыя нікуды не адхіляліся ад лініі партыі. Пра гэта ўжо дастаткова пісаў і Стралкоў, і ў суполках „апалчэньня Наваросіі“. То бок нават тыя суполкі, што сымпатызуюць сэпаратыстам, ня вераць у вэрсію пра ўкраінскія ДВГ, бо яны ведаюць рэальную сытуацыю. А сытуацыя такая: вельмі добра ахоўваўся пад’езд, ня мелі туды доступу незнаёмыя людзі, і дывэрсанты туды пранікнуць і ўсталяваць бомбу не маглі. Адпаведна, вэрсія пра ДВГ — поўны абсурд, гэта неверагодна», — сказаў ён у інтэрвію Свабодзе.
Дзяніс Казанскі ўпэўнены, што Матарола ня ўпісваўся ў тую палітыку, якую цяпер праводзіць Масква на Данбасе.
«Цяпер там робіцца стаўка на мясцовых, на былых людзей з Партыі рэгіёнаў. А ўсіх расейцаў, кшталту Барадая ці Гіркіна, ці адклікалі, ці проста ліквідавалі. Усе гэтыя палявыя камандзіры, якія адыгрывалі важную ролю на пачатковым этапе вайны, цяпер Маскве не патрэбныя. Матарола якраз быў такі. Ён быў грамадзянінам Расеі, што таксама ня ўпісваецца ў тое, што робіць цяпер Масква, якая сьцьвярджае, што іх там няма. Матарола быў абсалютна чужы той вэртыкалі, якая выбудоўваецца там цяпер з удзелам Захарчанкі. Таму ад яго, відаць, проста вырашылі пазбавіцца даволі цынічных чынам», — кажа журналіст.
У той жа час Дзяніс Казанскі ня думае, што забойства Паўлава можа справакаваць нейкую новую хвалю гвалту на Данбасе, бо нічога надзвычайнага ня здарылася:
«Фактычна цяпер адбылася чарговая ліквідацыя сваявольнага атамана. Ужо забівалі і Мазгавога, і Дромава, і Бяднова — і гэта ніколі не правакавала дадатковага гвалту. Калі ў Расеі стаіць задача абвастрыць канфлікт, то яна яго абвострыць — для гэтага ня трэба дадаткова кагосьці ліквідаваць».
«Здагадваюся, адкуль рукі растуць», — беларус — баявік ДНР
З тым, што да ліквідацыі Матаролы Кіеў ня мае дачыненьня, згодны шмат хто з баевікоў, хоць яны і не паказваюць наўпрост на забойцаў.
Сяргей Івашчанка зь Менску паехаў ваяваць на баку сэпаратыстаў у 2015 годзе. Прайшоў баі пад Мар’інкай, служыў у «Горлаўскай выведнай роце», мае ўзнагароду ад камандаваньня. Пасьля раненьня зьехаў у Маскву, дзе знайшоў працу.
«Я асабіста добра ведаў нябожчыка Матаролу, бо сам пачынаў у „Спарце“. Для мяне застаецца таямніцай, як у будынак з такім узроўнем аховы праніклі нейкія дывэрсанты ды яшчэ пасьпелі закласьці ў ліфт выбухоўку?! Магу толькі сказаць, што здагадваюся, адкуль растуць рукі», — сказаў Свабодзе былы баявік.
Расейскі добраахвотнік зь Пермі Віталь Корнеў пазнаёміўся з Матаролам на Данбасе, яны ваявалі разам і нават маюць агульны фатаздымак.
«Яго забілі свае, — лічыць Корнеў. — Усё проста — гэта перадзел сфэраў уплыву».
Вэрсія з YouTube
Тым часам некаторыя расейскія СМІ перадаюць, што за забойствам палявога камандзіра «ДНР» Арсена Паўлава нібыта стаяць байцы экстрэмісцкай арганізацыі Misanthropic Division.
Падставай для гэтага сьцьвярджэньня стаў 12-сэкундны відэаролік, які выклалі ў інтэрнэт невядомыя. На відэа чатыры чалавекі ў масках і са зброяй на фоне сымболікі Misanthropic Division заяўляюць, што гэта менавіта яны ліквідавалі Матаролу. Ці аўтэнтычны той ролік і ці сапраўды Misanthropic Division мае дачыненьне да сьмерці Арсена Паўлава, невядома. Пацьверджаньняў гэтага зь іншых крыніц няма.
Расейскі Сьледчы камітэт лічыць Misanthropic Division міжнародным экстрэмісцкім і нэанацысцкім сындыкатам, які мае свае ячэйкі ў 19 дзяржавах, сярод якіх Расея, Беларусь і Ўкраіна. Стваральнікам Misanthropic Division Сьледчы камітэт РФ называе беларуса Дзьмітрыя Паўлава, які яшчэ ў 2015 годзе эміграваў у Нямеччыну. Між тым, паводле адной з вэрсіяў, Misanthropic Division ніколі ня быў рэальнай арганізацыяй, а толькі інтэрнэт-суполкай.
Беларусы-спартанцы
Сёньня вядомыя імёны як мінімум чатырох беларусаў, якія служылі ў асобным выведным батальёне «Спарта» пад кіраўніцтвам Матаролы: Сяргей Савіч (пазыўны «Белы»), Дзьмітры Макарэвіч, Мікалай Шэлехаў і згаданы вышэй Сяргей Івашчанка.
24-гадовы «Белы» стаў вядомы пасьля таго, як узьняў сьцяг «Наваросіі» над тэрміналам Данецкага аэрапорту. На той момант ён быў камандзірам узводу батальёну «Спарта». Пазьней баявік зь Беларусі даў вялікае відэаінтэрвію сэпаратысцкім СМІ, дзе распавёў, што вырашыў паехаць на вайну ў ліпені 2014 году, пасьля таго як паглядзеў фэйкавы сюжэт расейскага тэлебачаньня пра «расьпятага хлопчыка». «Гэта больш за ўсё закранула», — казаў «Белы».
У Беларусі «Белы» служыў у 5-й брыгадзе спэцназу ў Мар’інай Горцы. У адной часьці зь «Белым» служыў і 23-гадовы Дзьмітры Макарэвіч. Потым ён таксама апынуўся ў «Спарце».
46-гадовы Мікалай Шэлехаў — мянчук, былы кадравы вайсковец. На ягонай старонцы ў сацсетках фатаграфіі на фоне руінаў Данецкага аэрапорту і пад сьцягам расейскай марской пяхоты ў шэрагах «Спарты». Паводле зьвестак Свабоды, Шэлехаў пэрыядычна прыяжджае з Данбасу ў Менск.