Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Марш недармаедаў» у Бабруйску 12 сакавіка
«Марш недармаедаў» у Бабруйску 12 сакавіка

«Маршы недармаедаў» у Бабруйску, Воршы і Рагачове. Жывыя трансьляцыі

На 12 сакавіка ў трох беларускіх гарадах анансаваныя «Маршы недармаедаў»: у Бабруйску а 12-й на плошчы Перамогі, у Воршы а 13-й на Цэнтральнай плошчы, у Рагачове а 16-й у цэнтры гораду. Свабода вядзе жывыя трансьляцыі.

Над пратэстоўцамі ў Бабруйску лётае дрон. Яўген Глаголеў-Васьковіч лічыць, што ён налеыжыць праваахоўным органам: «Глядзіце, гэта нашыя грошы лётаюць, улады баяцца нас».

«90 % людзей, незалежна ад таго, працуюць яны ці не, хочуць зьвяржэньня гэтай улады. Мы не апазыцыя, тут няма апазыцыйных лідэраў. Мы звычайныя людзі, якія проста змагаюцца за свае правы. Уладам не падабаецца бел-чырвона-белы сьцяг, то давайце выходзяць з чырвона-зялёным, каб паказаць, што мы не апазыцыя», — прамаўляе пратэстоўка ў Бабруйску.

У Берасьці таксама людзі выйшлі на акцыю пратэсту супраць дэкрэту №3. Гэтая акцыя стыхійная, аргкамітэт кампаніі «Мы не дармаеды» не абвяшчалі, што яна мае адбыцца.

«Цэлы месяц людзі крычаць «Сыходзь!», а ён ня чуе», – сказала ў мэгафон жанчына на мітынгу ў Берасьці.

Акцыя пакуль не шматлюдная – сабралася каля 50 чалавек.

Большасьць плякатаў, якія прынесьлі людзі на акцыю пратэсту супраць дэкрэту №3 у Бабруйску, тычацца эканамічнага стану: «Праз дэкрэты і налогі хутка ўсе працягнем ногі», «Не дэкрэту №3», «Заплаці падаткі і сьпі галодным», «Разам – мы сіла», «Дэкрэту – не, рабоце – так».

Людзі расказваюць журналістам пра тое, што іх турбуе: маленькія пэнсіі, высокая сьмяротнасьць ад анкалёгіі, немагчымасьць уладкавацца на працу, платныя мэдыцынскія паслугі, хлусьня ў СМІ. Усе згодныя, што «ўладу трэба мяняць». Пэрыядычна людзі скандуюць: «Нет декрету №3, Лукашенко, уходи!», «Сыходзь!» і «Свабоду!».

«Людзі, якія не цікавяцца палітыкай, выходзяць на вуліцу ва ўсіх гарадах Беларусі, каб выконваліся нашыя правы. Мы прытрымліваемся Канстытуцыі. Заклікаю скандаваць непалітычны лёзунг „Баста!“, — прамаўляў былы палітвязень Яўген Глаголеў-Васьковіч. — Хутка з нас будуць драць за тое, што мы проста ходзім на зямлі Беларусі».

Таксама людзі на акцыі скардзяцца, што на бабруйскім прадпрыемстве «Бабушкіна крынка» сказалі, што будуць звальняць усіх, хто выйдзе на акцыю. Студэнтам пагражаюць адлічэньнем.

У Бабруйску на «Марш недармаедаў» сабралася ўжо каля сотні людзей.

У Воршы тым часам працягваюцца ператрусы і затрыманьні. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», затрымліваюць журналіста «Нашай Нівы» Сяргея Гудзіліна і журналістку БелаПАН Адар’ю Гурштын. Апошняя паведамляла, што за ёй ходзіць «асабісты канвой» зь «людзей у цывільным».

У Воршы таксама затрыманы рэдактар інтэрнэт-выданьня «Народныя навіны Віцебска» Сяргей Серабро — ён перадае, што «міліцыя забрала пашпарты» ў яго і журналістаў парталу Tut.by. У Бабруйску затрыманая прафсаюзная актывістка Галіна Сьмірнова, паведамляе яе муж.

Акрамя таго, «Вясна» паведамляе, што ў неназваным месцы затрыманы берасьцейскі блогер Дмітрый Гарбуноў, у Кобрыне — актывісты Алесь Мех з сябрам Васілём Андрэюком, у Берасьці — блогер Сяргея Пятрухін.

За апошнія суткі ў Беларусі за «Маршы недармаедаў»​ затрымалі больш за 20 чалавек ​, у тым ліку старшыню АГП Анатоля Лябедзьку, старшыню Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча, сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага (ім прысудзілі па 15 сутак) і лідэрку Хрысьціянска-дэмакратычнага руху Вольгу Кавалькову (7 сутак).

Бабруйскія ўлады задумалі рамонт на месцы збору «Маршу недармаедаў», а ўлады Воршы праводзілі прыём у выканкаме і ўсталёўвалі гукаўзмацняльнікі ў цэнтры.

«Дэкрэт пра дармаедаў» прыпынілі на год, але да прыпыненьня засталося шмат пытаньняў, прыпыненьне не спыніла акцыі пратэсту.

XS
SM
MD
LG