У рэгіёнах пачаліся затрыманьні перад «Маршам абураных беларусаў»
Затрыманыя ў Маладзечне старшыня Менскай абласной арганізацыі БСДП Алесь Абрамовіч і сябра АГП Генадзь Фарыно, у Баранавічах сябра прафсаюзу РЭП Рыгор Грык.
***
Да таго 11 кастрычніка ўвечары каля крамы быў затрыманы і зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня адзін з арганізатараў Маршу, сустаршыня БХД Павал Севярынец. 2 кастрычніка яго асудзілі на 15 сутак, але з суду на Акрэсьціна не забралі, бо тады вызваліцца ён павінен быў бы 17 кастрычніка. Забралі толькі праз 9 дзён, так што на свабоду Севярынец выйдзе толькі 26 кастрычніка.
Таксама 11 кастрычніка на 15 сутак пасадзілі яшчэ аднаго з арганізатараў другога Маршу абураных беларусаў, актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля.
13 кастрычніка пасадзілі на 10 сутак Максіма Вінярскага — за перапост у інтэрнэце артыкула, які суд палічыў заклікам да несанкцыянаванай акцыі пратэсту.
Першы «Марш абураных беларусаў», што быў у Менску 17 лютага, за 100 сэкундаў
У мінулы раз Статкевіч зьбіраў беларусаў на Кастрычніцкай плошчы 8 верасьня — на Дзень вайсковай славы
Хоць раней у арганізатараў маршу канфіскавалі гукаўзмацняльную тэхніку, на Кастрычніцкай зьявілася музычная калёнка. Грае «Болт» гурту «Ляпіс Трубяцкі».
Мікола Статкевіч кажа, пратэстоўцы будуць шукаць новыя формы барацьбы, выступае за выключна мірны пратэст, бо «пачаць страляць лёгка, потым спыніцца нельга».
«Беларусь жыве, пакуль мы жывыя», — гукае Статкевіч.
Статкевіч прапанаваў прайсьці маршам ад Кастрычніцкай да плошчы Незалежнасьці. Мітынгоўцы пагадзіліся
Марш рушыў у бок плошчы Незалежнасьці, мітынгоўцы ідуць па ходніках, на дарогу не выходзяць. Перад калёнай ідуць праваабаронцы-назіральнікі
Марш праходзіць міма будынку КДБ, затрыманьняў і правакацыяў не назіраецца
Каля КДБ людзі спыніліся, каб ушанаваць памяць ахвяраў камунізму, абвясьцілі хвіліну маўчаньня.
Тым часам мітынгоўцы дайшлі да плошчы Незалежнасьці, падыходзяць да Чырвонага касьцёла. Міліцыя і «людзі ў цывільным» ня чыняць перашкодаў.
На плошчы Незалежнасьці Мікола Статкевіч абвясьціў аб завяршэньні мітынгу
Статкевіч кажа, што акцыя, на яго думку, прайшла годна, але выглядае расчараваным колькасьцю ўдзельнікаў.
Затрыманых менавіта на акцыі не заўважана, але адбываліся прэвэнтыўныя затрыманьні. Пасьля мітынгу, як паведамляюць відавочцы, за актывісткай Вольгай Мікалайчык ідзе «хвост» зь некалькіх «людзей у цывільным».
Пратэсты, кажа ён, працягнуцца ў рэгіёнах, магчыма, у іншых фарматах, цяперашні этап пратэстаў завершыцца 25 сакавіка ў Менску, на Дзень Волі.
Затрымалі Вольгу Мікалайчык і Арцёма Чарняка
Менавіта на маршы нікога не чапалі, затрыманьні пачаліся па завяршэньні.